Кампетэнтнасць, дысцыпліна, парадак

04.09.2018
Сёлетняя абласная жнівеньская нарада педагогаў Брэстчыны сабрала ў Ганцавічах больш за 350 удзельнікаў. Сярод іх былі намеснік міністра адукацыі Беларусі Р.С.Сідарэнка і старшыня Брэсцкага аблвыканкама А.В.Ліс.

Пленарнаму пасяджэнню, якое праходзіла на базе Ганцавіцкага гарадскога дома культуры, папярэднічала работа 4 секцый і выставачнай экспазіцыі, прысвечанай дасягненням сістэмы адукацыі вобласці. Удзельнікі секцый разам з прадстаўнікамі галіновага міністэрства абмяркоўвалі пытанні, звязаныя з арганізацыяй адукацыйнага працэсу ў новым навучальным годзе, работай з адоранымі дзецьмі, здароўзберажэннем, рэалізацыяй нарматыўнага фінансавання ў рэгіёнах, асаблівасцямі прафесійнага навучання ў школах і ўстановах прафесійнай адукацыі, выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе і інш.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі засяродзіў увагу на прыярытэтных напрамках развіцця адукацыйнай галіны Брэстчыны ў новым навучальным годзе. Сёння ў вобласці працуюць 1188 устаноў адукацыі. Колькасць дзяцей з году ў год павялічваецца. Актыўна будуюцца новыя ўстановы адукацыі: яслі-сад на 350 месцаў, школа-сад на 471 месца і сярэдняя школа на 1480 месцаў у Брэсце, дзіцячыя сады на 240 месцаў у Баранавічах і Пінску.

- Кваліфікацыйны ўзровень педагогаў дазваляе паспяхова вырашаць многія адукацыйныя задачы, - адзначыў Ю.М.Прасмыцкі. – Так, больш за 78% педагогаў Брэстчыны маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Больш за ўсё іх у Баранавічах (83%), Ляхавіцкім і Лунінецкім раёнах (каля 82%). Павялічваецца колькасць настаўнікаў-метадыстаў.

Сярод актуальных праблем – якасць работы сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Так, заслужаныя нараканні выклікае выніковасць цэнтралізаванага тэсціравання, алімпіяднага руху і навукова-даследчай дзейнасці школьнікаў. Гэта заканамерна, калі ўлічыць, што па выніках атэстацыі дзевяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў па шэрагу прадметаў некаторыя рэгіёны Брэстчыны займаюць апошнія месцы ў краіне.

Ю.М.Прасмыцкі лічыць, што для павышэння якасці адукацыі трэба стварыць сучасную сістэму навукова-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу, якая прапаноўвае педагогам эфектыўныя сродкі, тэхналогіі і методыкі навучання. Неабходна забяспечыць наяўнасць аўтаматызаваных сістэм кантролю і кіравання адукацыйным асяроддзем. Педагогі павінны мець магчымасць на аснове выкарыстання ІКТ аператыўна абменьвацца вопытам, наладжваць сеткавае ўзаемадзеянне, у тым ліку з бацькамі вучняў. Гэта патрабуе кардынальнага рэфармавання дзейнасці абласнога ІРА. Так, рэгіянальныя вучэбна-метадычныя кабінеты павінны стаць своеасаблівымі філіяламі інстытута. У найбліжэйшы час будзе праведзена рэвізія вучэбных планаў па павышэнні кваліфікацыі педагогаў, прыняты меры па ўмацаванні кадравага патэнцыялу і матэрыяльна-тэхнічнай базы ІРА, пашырана ўзаемадзеянне з вядучымі УВА, наладжана шырокая трансляцыя эфектыўнага вопыту педагогаў па найбольш праблемных прадметах (фізіцы, матэматыцы, хіміі і гісторыі).

- Разам з арганізацыйнымі мерамі будзе павышацца патрабавальнасць да кіраўніцкіх кадраў, - заўважыў Ю.М.Прасмыцкі. – Для гэтага будзе ўкаранёна мадэль ацэнкі дзейнасці органаў кіравання адукацыяй па выніках агульнарэспубліканскага рэйтынгу.

Актуальны напрамак работы – стварэнне здароўезберагальнага і бяспечнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі, якое ўключае арганізацыю якаснага харчавання, забеспячэнне належнага тэхнічнага стану будынкаў, прылеглай тэрыторыі, мэблі і абсталявання, а таксама прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на барацьбу з п’янствам, наркаманіяй і тытунекурэннем сярод падлеткаў, прадухіленне суіцыдальных паводзін і траўміравання дзяцей. Важную ролю ў гэтым адыгрывае цеснае ўзаемадзеянне з органамі ўнутраных спраў, пракуратурай і медыкамі.

Павышанай увагі патрабуюць пытанні, звязаныя з кібербяспекай і негатыўным уплывам інтэрнэту. Без дапамогі бацькоў школа гэтыя пытанні не вырашыць. Сучасныя педагогі павінны актыўна асвойваць сацыяльныя сеткі, каб ведаць, чым займаюцца іх вучні.

- Выхаваўчыя мерапрыемствы ў школах, асабліва суботнія, трэба праводзіць без фармалізму, прапанаваўшы дзецям цікавыя і карысныя формы дзейнасці, - падкрэсліў Ю.М.Прасмыцкі. – Асаблівая ўвага – арганізацыі працоўнага і прафесійнага навучання, у тым ліку праз комплексную мадэрнізацыю сістэмы прафесійнай адукацыі. Неабходна стварыць аптымальную сетку ПТНУ для эфектыўнага выкарыстання працоўных, вытворчых, адукацыйных і фінансавых рэсурсаў. На базе шэрага ўстаноў будзе арганізавана прафесійнае навучанне школьнікаў па запатрабаваных у рэгіёнах прафесіях.

Ю.М.Прасмыцкі спыніў таксама ўвагу на пытаннях антыкарупцыйнага характару, нарматыўнага фінансавання ўстаноў адукацыі, мэтавага расходавання бюджэтных сродкаў і інш. Адна з галоўных задач – павышэнне эканамічнай эфектыўнасці кіраўніцкай дзейнасці.

- Вырашыць пастаўленыя задачы немагчыма без належнага ўзроўню кіраўніцкай кампетэнтнасці і кадравай работы. Аснова паспяховай дзейнасці – кампетэнтнасць, дысцыпліна і парадак, - рэзюмаваў Ю.М.Прасмыцкі.

- Брэстчына вылучаецца высокім узроўнем кадравага патэнцыялу, які варта не толькі захоўваць і прымнажаць, але і актыўна выкарыстоўваць у абнаўленні вучэбных праграм, навукова-метадычным суправаджэнні адукацыйнага працэсу, павышэнні эфектыўнасці профільнага навучання (у прыватнасці педагагічных класаў) і работы з адоранымі дзецьмі, - адзначыла намеснік міністра адукацыі Беларусі Р.С.Сідарэнка. – Патэнцыяльныя магчымасці 26 настаўнікаў-метадыстаў Брэстчыны пакуль не задзейнічаны на праблемных участках, якіх яшчэ шмат. Задача органаў кіравання адукацыяй вобласці – забеспячэнне крокавай даступнасці дашкольнай адукацыі, зніжэнне дзіцячага траўматызму, узмацненне кантролю за арганізацыяй харчавання, вырашэнне праблемы высокай захваральнасці дашкольнікаў, замацаванне маладых кадраў ва ўстановах адукацыі, павышэнне ўзаемадапаўняльнасці вучэбнай і выхаваўчай работы.

Напрыканцы нарады лепшыя педагогі Брэстчыны былі адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню. Нагрудны знак Міністэрства адукацыі Беларусі “Выдатнік адукацыі” атрымалі загадчыца аддзялення Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці І.М.Езубец, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 17 Брэста І.М.Мартынюк, дырэктар сярэдняй школы № 15 Брэста Л.В.Рошчына, настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 23 Брэста У.В.Цын і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна Г.К.Ярмольчык.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.