Па індывідуальным адукацыйным маршруце

12.09.2018
Дапрофільная падрыхтоўка адыгрывае важную ролю ў фарміраванні інтарэсаў і матываў, выяўленні схільнасцей і здольнасцей вучняў у розных галінах пазнавальнай і прафесійнай дзейнасці, ва ўсвядомленым выбары профілю навучання. Вялікую дапамогу ў гэтым аказвае цьютарства. На працягу 3 гадоў у Малоткавіцкай сярэдняй школе Пінскага раёна рэалізоўваўся інавацыйны праект па ўкараненні тэхналогіі цьютарскага суправаджэння адораных вучняў як спосабу рэалізацыі індывідуальнай адукацыйнай траекторыі.

- У нашай установе назапашаны станоўчы інавацыйны вопыт па цьютарскім суправаджэнні вучняў, вызначэнні іх адукацыйных траекторый і аказанні кваліфікаванай прадметнай падтрымкі, - расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце В.П.Ізбіцкая. – Гэты вопыт абагулены на ўзроўні вобласці і краіны. Дзякуючы дапрофільнаму суправаджэнню вучняў, удалося скаардынаваць розныя напрамкі адукацыйнага працэсу ў дачыненні да канкрэтных дзяцей, даўшы ім магчымасць рэальнага індывідуальнага выбару далейшага профілю навучання і самавызначэння ў прафесійнай будучыні. Важна, што большасць сродкаў цьютарскай дапамогі носіць дыягностыка-рэкамендацыйны характар і можа выкарыстоўвацца вучнямі па жаданні. Свабодны выбар дазваляе зрабіць адукацыйны працэс цікавым для падлеткаў. Пры гэтым цьютарская дапамога з’яўляецца адраснай. Індывідуалізацыя навучання забяспечваецца гнуткасцю, варыятыўнасцю і дыялагічнасцю работы цьютараў з выхаванцамі.

Вялікую ролю ў гэтай дзейнасці адыгрываюць мерапрыемствы па псіхолага-педагагічнай дыягностыцы вучняў, іх анкетаванне, кансультаванне, аказанне псіхолага-педагагічнай падтрымкі ў праектаванні навучання ў старшых класах. Дыягнастычныя матэрыялы дапамагаюць педагогам вызначыць стратэгію работы з канкрэтнымі вучнямі, мэтанакіравана працаваць над іх адукацыйнымі запытамі і эфектыўна фарміраваць траекторыі развіцця школьнікаў.

- Дапрофільную падрыхтоўку забяспечваюць факультатыўныя заняткі па выбары дзяцей, класы прававой накіраванасці, аб’яднанні па інтарэсах на базе Малоткавіцкай дзіцячай школы мастацтваў, сельскага дома культуры і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна, міжшкольныя факультатывы па матэматыцы і фізіцы, валанцёрскі клуб “ЛАДьЯ” і даследчая работа, - гаворыць В.П.Ізбіцкая. – Вучні паспяхова ўдзельнічаюць у творчых праектах па дадатковай адукацыі, праектах у рамках шостага школьнага дня і Рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, раённых і абласных алімпіядах і конкурсах (у тым ліку дыстанцыйных), абласных экалагічных злётах, рэспубліканскіх канферэнцыях і міжнародных праектах. Школьнікі на павышаным узроўні вывучаюць рускую і беларускую мову, біялогію, хімію, фізіку і матэматыку. З 2015 года арганізавана мультыпрофільнае навучанне, з 2016-га – дзейнічаюць педагагічныя класы, вучні якіх асвойваюць праграму факультатыўнага курса “Уводзіны ў педагагічную прафесію” і працуюць памочнікамі выхавальнікаў падчас аздараўленчай кампаніі.

У рамках праекта шостага школьнага дня заключаны дамовы аб супрацоўніцтве з Пінскім дзяржаўным прафесійным ліцэем будаўнікоў і Пінскім дзяржаўным прафесійным ліцэем сельскагаспадарчай вытворчасці. Вучні наведваюць іх і ўдзельнічаюць у сумесных мерапрыемствах. Акрамя таго, складзены карты супрацоўніцтва з прадпрыемствамі і іншымі ўстановамі адукацыі. Праводзяцца экскурсіі ў арганізацыі і гутаркі з іх прадстаўнікамі. Усё гэта дапамагае старшакласнікам сарыентавацца ў свеце прафесій і ўсвядомлена выбраць адну з іх.

- Вучнёўскія партфоліа дазваляюць прасачыць развіццё дзяцей і іх прафесійныя запыты, - адзначае В.П.Ізбіцкая. Лепш за ўсё пра гэта сведчаць сабраныя дыпломы, узнагароды і творчыя праекты. Педагогі ўлічваюць розны ўзровень вучэбнай матывацыі дзяцей і ў кожным канкрэтным выпадку вызначаюць аб’ём матэрыялу, неабходнага для засваення школьнікамі, формы работы з імі і формы кантролю іх ведаў. Набыты вопыт дазваляе выкарыстоўваць цьютарскія тэхналогіі ў рабоце з вучнямі пачатковых і сярэдніх класаў. Паспяхова складаюцца асобасна-рэсурсныя карты дзяцей для вырашэння магчымых праблем і карэкціроўкі вучэбнай дзейнасці. Ажыццяўляюцца кантроль і ўлік работы вучняў профільных груп. Усё гэта дапамагае павысіць адказнасць усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу за яго якасць, а таксама задаволіць чаканні бацькоў.

В.П.Ізбіцкая ўпэўнена, што правільна арганізаваная дапрофільная падрыхтоўка з’яўляецца важнай умовай паспяховага прафесійнага самавызначэння і паўнацэннай сацыялізацыі вучняў з улікам іх здольнасцей, схільнасцей і інтарэсаў. Цьютарскае суправаджэнне – найбольш эфектыўная форма работы з дзецьмі пры дапрофільнай падрыхтоўцы і профільным навучанні, бо дазваляе канструяваць індывідуальныя стратэгіі па раскрыцці магчымасцей вучняў на аснове дыягностыкі, забяспечыць індывідуальны тэмп і дыферэнцыраваны падыход да раскрыцця патэнцыялу школьнікаў, зыходзячы з іх запытаў, прасачыць вынікі на кожным этапе развіцця дзяцей, стварыць творчую і партнёрскую атмасферу ва ўзаемаадносінах вучняў і настаўнікаў.

- Пабудаваць індывідуальныя адукацыйныя маршруты дзяцей у школе цалкам рэальна, - гаворыць В.П.Ізбіцкая. Даследуючы праблему самарэалізацыі вучняў, мы прыйшлі да высновы, што суправаджэнне неабходна тады, калі дзіця кажа “хачу, але не ведаю, як гэта зрабіць”. Менавіта дапрофільная падрыхтоўка з выкарыстаннем цьютарскай тэхналогіі дазваляе вучням правільна ацаніць і паспяхова рэалізаваць свае магчымасці ў зменлівым свеце.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.