Ад маўленчага этыкету – да агульнай культуры
12.09.2018Педагог з’яўляецца кіраўніком гуртка “Маўленчы этыкет”, на занятках якога развівае правільнае літаратурнае маўленне і фарміруе маўленчы этыкет дзяцей. Гэта вельмі важна для іх выхавання, лічыць К.М.Біленка, бо аснову культуры зносін складае выкананне этычных норм маўленчых паводзін.
- Правільнае выкарыстанне этыкетных формул у маўленні дапамагае ўсталяваць кантакт паміж суразмоўцамі, падтрымаць зносіны, паказаць добразычлівыя намеры і зацікаўленасць, што значна аблягчае ўзаемаразуменне людзей, - расказвае настаўніца. – Развіццё дзіцячага маўлення цесна звязана з фарміраваннем цікавасці да маўлення ў цэлым і да ўласнага маўлення ў прыватнасці, патрэбай у яго ўдасканаленні і абагачэнні. Маўленчае навучанне малодшых школьнікаў прадугледжвае ўводзіны ў іх актыўны слоўнік дастатковай колькасці этыкетных стэрэатыпаў і фарміраванне ўмення выбіраць неабходную форму з улікам сітуацыі зносін (з кім, дзе, калі і навошта гаворыш). Маўленчыя нормы засвойваюцца разам з вывучэннем агульных правіл культурных паводзін.
Гуртковая праграма, у аснове якой ляжаць каштоўнасныя арыенціры і выхаваўчыя задачы, вызначае віды арганізацыі вучнёўскай дзейнасці, накіраваныя на дасягненне асобасных, міжпрадметных і прадметных вынікаў у засваенні вучэбнага курса. Яго змест дазваляе дзецям азнаёміцца з заканамернасцямі свету зносін і асаблівасцямі сучаснай камунікацыі, усвядоміць важнасць авалодання маўленнем для дасягнення поспехаў у асабістым і грамадскім жыцці.
- Гуртковыя заняткі носяць практычны характар, бо для эфектыўных зносін, падчас якіх трэба дасягнуць камунікатыўнай мэты (пераканаць, суцешыць, схіліць да пэўнага дзеяння), дзеці павінны самі як мага больш гаварыць і пісаць, - адзначае К.М.Біленка. – Асаблівую ўвагу ўдзяляю рытарычнаму аналізу вусных і пісьмовых тэкстаў, рытарычным задачам і гульням. Так, рытарычны аналіз прадугледжвае абмеркаванне кампанентаў маўленчай сітуацыі (дзе, што, каму, навошта і г.д.) і адказы на пытанні “што сказаў суразмоўца?”, “што хацеў сказаць?” і “што сказаў ненаўмысна?”. Гэта дазваляе ўбачыць не толькі тое, што і як сказаў рытар, але і ў якой ступені яму ўдалося вырашыць камунікатыўную задачу, наколькі яго маўленне было эфектыўным. Акрамя таго, дзеці вучацца ацэньваць чужое і ўласнае маўленне.
Рытарычныя задачы заснаваны на вызначэнні ўсіх значных кампанентаў маўленчай сітуацыі: “хто гаворыць/піша?” (адрасант), “каму гаворыць/піша?” (адрасат), “чаму?” (прычына), “навошта?” (задача выказвання), “што/пра што?” (змест выказвання), “як?” (у вуснай ці пісьмовай форме, у якім стылі і жанры), “дзе?” (месца, дзе праходзяць зносіны; адлегласць паміж суразмоўцамі, калі гэта важна), “калі адбываюцца зносіны?” (цяпер, у мінулым) і інш. Вучням прапаноўваецца ўвайсці ў апісаныя абставіны і маўленчую ролю, стварыўшы выказванне, якое ўлічвае зададзеныя кампаненты.
- У рытарычных задачах звычайна апісваюцца блізкія школьнікам жыццёвыя сітуацыі, але бывае, што дзеці асвойваюць маўленчыя ролі бацькоў, настаўнікаў, дырэктара школы і нават прэзідэнта, - гаворыць К.М.Біленка. – Падзеі ў гэтых задачах могуць адбывацца ва ўяўных краінах з уяўнымі (казачнымі) персанажамі. Ад іх імя вучні вітаюцца і дзякуюць, прабачаюцца і просяць. Такім чынам, рытарычныя задачы, якія практыкаваліся яшчэ ў рытарскіх школах Старажытнай Грэцыі, вучаць гнуткім і дарэчным маўленчым паводзінам, выпрацоўваюць уменне ўлічваць розныя абставіны зносін, што вельмі важна для іх эфектыўнасці.
Рытарычныя гульні, у адрозненне ад рытарычных задач, утрымліваюць спаборніцкі элемент і прадугледжваюць вызначэнне пераможцаў: “хто больш весела і смешна раскажа?”, “хто хутчэй вымавіць скорагаворку?”, “хто прыдумае лепшую лічылку?” і г.д.
- Акрамя запланаванага праграмнага матэрыялу, у заняткі ўключаюцца пяціхвілінкі маўленчай гімнастыкі (практыкаванні кшталту “Скажы шэптам, але выразна”, “Задзьміце свечку” (для развіцця дыхання), “Няхай зараз пражужжыць жук (“ж-ж-ж”) і камар (“з-з-з”)”, “Успомнім сумныя вершы. Хто пачытае?”), арталагічныя размінкі (практыкаванні на засваенне вымаўленчых, словаўтваральных і іншых норм літаратурнай мовы) і імправізацыйныя задачы (непадрыхтаваныя дыялогі і маналогі, якія развіваюць спантаннае (непадрыхтаванае) маўленне), - расказвае К.М.Біленка. – Гэтыя віды работ, якія фарміруюць пэўныя ўменні і навыкі, пераключаюць дзяцей з аднаго віду дзейнасці на іншы і добра знімаюць стомленасць, праводзяцца ў жывой форме, на цікавых прыкладах, з выкарыстаннем розных мнеманічных прыёмаў (асабліва для засваення норм), вершаў, песень і музычнага суправаджэння.
Гуртковыя заняткі маюць цесныя міжпрадметныя сувязі: з літаратурай (для ілюстрацыі моўных фактаў шырока выкарыстоўваюцца мастацкія творы), рускай мовай (першыя спробы пяра), музыкай і выяўленчым мастацтвам (рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў і фанаграмы дапамагаюць выяўляць асноўную задуму твораў, разумець мову жывапісу і музыкі і выхоўваць эстэтычны густ дзяцей).
- Зносіны адыгрываюць важную ролю ў развіцці і фарміраванні асобы вучняў, пазнанні і ацэнцы сябе праз іншых людзей, - заўважае К.М.Біленка. – Гуртковыя заняткі дазваляюць зрабіць пазнавальную дзейнасць школьнікаў цікавай, разнастайнай і змястоўнай. Вучні паспяхова авалодваюць сакрэтамі этыкету, які вызначае формы і тэхніку зносін у розных жыццёвых сітуацыях: як спрачацца, не крыўдзячы і не прыніжаючы суразмоўцу; як прымаць гасцей; як паводзіць сябе за сталом; як размаўляць па тэлефоне і г.д. Дзякуючы гэтаму, у дзяцей фарміруюцца такія важныя якасці, як добразычлівасць, ветлівасць і павага да людзей. Падражаючы дарослым, вучні без цяжкасцей засвойваюць правілы прыстойнасці. Галоўнае, каб паводзіны дарослых ва ўсіх сітуацыях былі правільнымі. Задача педагога – паказаць дзецям прыклад нармальных чалавечых адносін, даць веды пра асноўныя прынцыпы, на якіх яны будуюцца, і кантраляваць паводзіны вучняў. Самы лепшы спосаб выхаваць добрыя манеры – пастаянна паказваць станоўчы прыклад. Нельга не пагадзіцца са словамі А.С.Макаранкі: “Не думайце, што вы выхоўваеце дзіця толькі тады, калі з ім размаўляеце. Вы выхоўваеце яго ў кожны момант яго жыцця”.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.