З ІКТ-падыходам

17.09.2018
- Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці нашай установы з’яўляецца павышэнне якасці адукацыі праз актыўнае ўкараненне ў педагагічную практыку інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, - расказвае загадчыца ясляў-сада № 1 Івацэвіч Людміла Іванаўна Сцепанчук. – З гэтай мэтай шырока выкарыстоўваюцца розныя інфармацыйныя рэсурсы адукацыйнага характару, павышаецца ІТ-кампетэнтнасць педагогаў, назапашваецца банк дыдактычных і метадычных матэрыялаў адпаведнай тэматыкі.

ІКТ і электронныя адукацыйныя рэсурсы прымяняюцца не толькі ў педагагічнай і кіраўніцкай дзейнасці, але і ў рабоце з бацькамі. Для гэтага ёсць неабходная матэрыяльна-тэхнічная база і кадравы патэнцыял. Так, каля 73% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, каля 53% з’яўляюцца сертыфікаванымі карыстальнікамі ІКТ. Работа па павышэнні ІТ-кампетэнтнасці выхавальнікаў уключае дыстанцыйнае павышэнне кваліфікацыі, стварэнне электронных партфоліа, вывучэнне і апрабацыю інавацыйнага вопыту, навучальныя семінары і метадычныя кансультацыі.

Педагогі актыўна папаўняюць медыятэку камп’ютарных прэзентацый па ўсіх раздзелах вучэбнай праграмы, фарміруюць фонд інфармацыі на электронных носьбітах, распрацоўваюць уласныя прэзентацыі і відэаролікі з дапамогай ІКТ. Асваенне офісных праграм дазваляе рыхтаваць дыдактычныя матэрыялы і буклеты для бацькоў, аўтаматызаваць работу па аналізе педагагічнай дзейнасці.

- Сеткавыя электронныя рэсурсы – вельмі хуткі і зручны спосаб распаўсюджвання новых метадычных ідэй і дыдактычных дапаможнікаў, - расказвае Л.І.Сцепанчук. – Педагогі звяртаюцца да гэтых рэсурсаў пры падрыхтоўцы да заняткаў, вывучэнні розных методык і падборы наглядных дапаможнікаў. За аснову бяруцца інфармацыйныя рэсурсы Нацыянальнага адукацыйнага партала. Выхавальнікі выбіраюць формы, метады і сродкі навучання з выкарыстаннем ІКТ і ЭАР у адпаведнасці са зместам заняткаў. Практыка паказала, што ІКТ – эфектыўны тэхнічны сродак, які дазваляе абнавіць і разнастаіць педагагічную дзейнасць.

Усе выхавальнікі выкарыстоўваюць у рабоце інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Так, на музычных занятках пры праслухоўванні музыкі дэманструюцца (з дапамогай адпаведнай тэхнікі) работа аркестра, дырыжора і выканаўцы, а таксама розныя гукі (стук дажджу, спевы птушак, шум лесу). Гучанне музычных інструментаў суправаджаецца іх візуалізацыяй. На занятках фізічнага выхавання пры азнаямленні дзяцей з відамі спорту выкарыстоўваюцца відэазапісы спаборніцтваў. Педагог-псіхолаг знаёміць дашкольнікаў з правамі дзяцей з дапамогай відэасюжэтаў. Для зніжэння псіхалагічнай напружанасці дзяцей і педагогаў выкарыстоўваюцца рэлаксацыйныя відэаролікі. Дакрануцца да свету традыцыйных беларускіх промыслаў і роднай мовы дапамагаюць віртуальныя экскурсіі па вядомых мясцінах Беларусі. Сацыяльна актыўныя адносіны дзяцей да энергазберажэння фарміруюцца праз відэазапісы гульнявога характару і рэкламныя відэаролікі. Уяўленні дашкольнікаў пра правілы бяспечных паводзін замацоўваюцца на відэазанятках, якія праводзяцца з дапамогай матэрыялаў, размешчаных на афіцыйным сайце МНС.

- Інтэрактыўныя электронныя сродкі навучання робяць заняткі цікавымі і займальнымі, павышаюць пазнавальныя магчымасці дзяцей і пашыраюць іх маўленчыя зносіны, - адзначае Л.І.Сцепанчук. – Выхаванцы з задавальненнем выконваюць заданні педагогаў ці віртуальных герояў, адказваюць на пытанні, адстойваюць свае думкі.

Ва ўмовах інфармацыйнага грамадства асаблівую актуальнасць набывае пошук эфектыўных форм узаемадзеяння сям’і і ўстановы адукацыі. Гэта адна з неабходных умоў паспяховага развіцця дзяцей. З улікам занятасці бацькоў і абмежаванага часу для атрымання вялікага аб’ёму інфармацыі актыўна выкарыстоўваюцца магчымасці мабільнага дадатку Viber. Сярод бацькоў вельмі папулярныя відэаролікі пра жыццё іх дзяцей у дашкольнай установе. На выпускных мерапрыемствах мамы і таты атрымліваюць DVD-дыскі з фільмам “Ад двух да шасці”.

- На сайце раённага аддзела па адукацыі змешчана вэб-старонка нашай установы, дзе бацькі могуць атрымаць інфармацыю пра яе і азнаёміцца з асаблівасцямі адукацыйнага працэсу, - гаворыць Л.І.Сцепанчук. – У рабоце актыўна выкарыстоўваюцца магчымасці воблачных сэрвісаў Google, з дапамогай якіх загружаюцца матэрыялы кансультацыйнага характару, прэзентацыі, фотаальбомы, відэазапісы заняткаў, свят і забаў. Па спасылках на розныя матэрыялы бацькі атрымліваюць інфармацыю пра арганізацыю адукацыйнага працэсу ва ўстанове. Трэба адзначыць, што ўсе фота- і відэматэрыялы трапляюць у публічны прагляд толькі з пісьмовага дазволу бацькоў. Зваротную сувязь з імі забяспечваюць Google-формы, напрыклад, пры анкетаванні, як ананімным, так і з пазнакай асабістых даных. Зручнасць такіх анкет заключаецца ў іх аўтаматычнай апрацоўцы, што эканоміць час пры аналізе. Аператыўнасць інфармавання бацькоў і педагогаў станоўча ўплывае на эфектыўнасць навучання і выхавання дзяцей.

З мінулага года яслі-сад з’яўляецца апорнай дашкольнай установай у раёне па апрабацыі і ўкараненні электроннай праграмы па складанні меню “Малышка”. Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі значна спрашчаюць арганізацыю рацыянальнага і збалансаванага харчавання дзяцей, улік прадуктаў і складанне меню ў адпаведнасці з натуральнымі і грашовымі нормамі рацыёну. Праграма хутка вылічвае (пералічвае) штодзённы кошт харчавання з улікам натуральных норм, абапіраючыся на нарматыўныя дакументы, аналізуе расход прадуктаў, кантралюе іх бягучую рэшту на складзе, размяркоўвае каларыйнасць і вызначае хімічны склад ежы. У праграме сфарміравана картатэка тэхналагічных карт страў і вырабаў для дзяцей дашкольнага ўзросту, дзе пазначаны іх рэцэптура, тэхналогія прыгатавання, характарыстыка па арганалептычных паказчыках, умовы і тэрміны захоўвання, звесткі пра харчовую каштоўнасць і інш. Акрамя таго, праграма дазваляе эфектыўна кантраляваць даныя для бухгалтэрыі раённага аддзела па адукацыі.

- Актыўнае выкарыстанне ІКТ дазваляе паспяхова развівацца ў розных напрамках дзейнасці і дасягаць добрых вынікаў у конкурсах. Так, наша ўстанова з’яўляецца пераможцай абласнога этапу Рэспубліканскага фестывалю “Бяспечнае дзяцінства” ў намінацыі “За арыгінальны падыход у стварэнні ўмоў для фарміравання культуры бяспекі жыццядзейнасці дзяцей”, адзначана дыпломамі рознай вартасці ў раённым конкурсе “Энергамарафон” і раённым фестывалі “Цацка сваімі рукамі” (дыдактычная цацка “Чарапаха” і дыдактычны дапаможнік “Кватэра для лялькі”), - падагульняе Л.І.Сцепанчук.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.