З экалагічным ухілам

26.09.2018
Педагогі сярэдняй школы № 3 Пінска актыўна далучаюць вучняў да прыродаахоўнай дзейнасці, фарміруюць у іх экалагічную культуру і навыкі энергазберажэння.

- Наша ўстанова адукацыі з’яўляецца сертыфікаванай школай SPARE, - расказвае дырэктар сярэдняй школы № 3 Пінска А.М.Лабачэўская. – Праект SPARE – гэта комплексная адукацыйная мадэль, якая паспяхова інтэгруе веды і кампетэнцыі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, рэсурса- і энергазберажэння, захавання клімату. Акрамя таго, наша ўстанова ўваходзіць у партнёрскую сетку школ устойлівага развіцця і з’яўляецца членам асацыяцый “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” і “Аднаўляльная энергетыка Рэспублікі Беларусь”, маючы статус абласнога рэсурснага цэнтра адукацыі для ўстойлівага развіцця. Яго дзейнасць накіравана не толькі на шырокую прапаганду экалагічных ведаў і культуры сярод вучняў і дарослых, але і на іх актыўнае далучэнне да сацыяльных экалагічных акцый і кампаній па энерга- і рэсурсазберажэнні.

На працягу многіх гадоў школа распрацоўвае сістэму бесперапыннай экалагічнай адукацыі і выхавання, якая павінна забяспечыць устойлівае развіццё экалагічна бяспечнай грамадскай супольнасці. Для гэтага педагогі пераходзяць у сваёй рабоце ад традыцыйнага навучання да экалагічна арыентаванай мадэлі, у аснове якой ляжаць шырокія міждысцыплінарныя веды, што грунтуюцца на комплексным падыходзе да развіцця грамадства, эканомікі і навакольнага асяроддзя.

Адукацыйны працэс ажыццяўляюць педагогі з высокай прафесійнай кампетэнтнасцю ў галіне выхавання культуры энерга- і рэсурсазберажэння. Так, адзін настаўнік – сертыфікаваны прававы эколаг, 2 педагогі – мультыплікатары праекта “Школа энергазберажэння: беражом рэсурсы, эканомім грошы, клапоцімся пра нашчадкаў”, 3 педагогі – выпускнікі “Школы экалагічнага актывіста”.

- Дзейнасць педагогаў па фарміраванні актыўнай сацыяльнай пазіцыі вучняў да рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў і беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя вядзецца ў рамках гадзін арганізацыйна-выхаваўчай і пазакласнай работы, - гаворыць А.М.Лабачэўская. – Штогод выдзяляюцца гадзіны на заняткі ў гуртку “Энергазберагоша”. Настаўнікі пачатковых класаў выкарыстоўваюць на ўроках матэматыкі, рускай мовы і курса “Чалавек і свет” спецыяльныя карткі-заданні і тэксты дыктовак па розных экалагічных тэмах, у тым ліку па пытаннях энергазберажэння. У складанні такіх заданняў вельмі дапамагаюць матэрыялы навучальнага дыска “Энергія. Клімат. Адукацыя”, створанага арганізацыяй “Зялёная планета” ў супрацоўніцтве з Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства і нямецкімі партнёрамі, і мультымедыйнага навучальнага камплекту “Крок за крокам”, створанага Рэгіянальным экалагічным цэнтрам для краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў цесным узаемадзеянні з Цэнтрам экалагічных рашэнняў, таварыствам “Зялёная сетка” і грамадскімі арганізацыямі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і “Экадом”. Выхавальнікі груп прадоўжанага дня выкарыстоўваюць у рабоце з дзецьмі настольныя экалагічныя гульні “Энергаэфектыўнасць” і “Экабатл”. Важным напрамкам выхаваўчай дзейнасці з’яўляецца арганізацыя шостага школьнага дня з экалагічным ухілам. Суботнія мерапрыемствы прысвечаны пытанням эканоміі і беражлівасці, ашчадным адносінам да матэрыяльных і энергетычных рэсурсаў краіны. Экскурсійная эколага-турыстычная дзейнасць актыўна далучае школьнікаў да пазнання роднага краю, скіроўвае іх увагу да неабходнасці захавання прыродных рэсурсаў і адыгрывае важную ролю ў фарміраванні беражлівага стаўлення да электраэнергіі, вады, цяпла і прыроды ў цэлым.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.