Прафесіяналы

08.10.2018
- Настаўніцкая прафесія шматгранная, складаная і творчая. Яна патрабуе вялікага запасу душэўных і фізічных сіл, пастаяннага руху наперад і самаўдасканалення. Забяспечыць належную якасць адукацыі могуць толькі тыя настаўнікі, якія імкнуцца да самаразвіцця, выкарыстоўваюць эфектыўныя тэхналогіі, метады і прыёмы, павышаюць кваліфікацыю і пашыраюць прафесійныя кампетэнцыі, - лічыць кіраўнік клуба настаўнікаў-метадыстаў Баранавіч “Прафесіянал” Наталля Мікалаеўна Сычэўская.

Сёння ва ўстановах адукацыі Баранавіч працуюць 10 настаўнікаў-метадыстаў, якія з’яўляюцца прыкладам для калег і ахвотна дзеляцца з імі вопытам: настаўніца гісторыі Людміла Фёдараўна Шырко з ліцэя № 1, настаўніца хіміі Жанна Сямёнаўна Карповіч, настаўніца пачатковых класаў Наталля Мікалаеўна Сычэўская, настаўніца англійскай мовы Алена Аляксандраўна Дударэнкава і настаўніца працоўнага навучання Святлана Уладзіміраўна Хворык з гімназіі № 4, настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Георгіеўна Мяшчэрская з гімназіі № 5, настаўніца пачатковых класаў Ірына Вячаславаўна Багіна з сярэдняй школы № 17, настаўніца пачатковых класаў Алена Уладзіміраўна Паўлава і настаўніца англійскай мовы Валянціна Васільеўна Ляўчук з гімназіі № 1, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Яўгенаўна Гіль з сярэдняй школы № 15.

- Настаўнікі-метадысты выдатна разумеюць, што атрыманая імі кваліфікацыйная катэгорыя – гэта не падарунак ці нагода для гонару, а найперш высокая планка прафесіяналізму, якая патрабуе быць прыкладам для іншых і выходзіць на больш высокі метадычны ўзровень, - адзначае Н.М.Сычэўская. – У 2016 годзе настаўнікі-метадысты вырашылі стварыць для прафесійных зносін клуб “Прафесіянал”, які з’яўляецца структурным падраздзяленнем гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета. Мэта клуба – аб’яднанне намаганняў настаўнікаў-метадыстаў у распаўсюджванні эфектыўнага педагагічнага вопыту, развіцці творчай ініцыятывы і павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў. Дзейнасць клуба будуецца па 3 напрамках, якія ўключаюць арганізацыйна-метадычнае, вучэбна-метадычнае і навукова-даследчае ўзаемадзеянне. Кожны член клуба ўдзельнічае ў рабоце па адным ці некалькіх напрамках. І нам ёсць, чым ганарыцца.

Вопыт педагагічнай дзейнасці А.У.Паўлавай (“Дыферэнцыраваны падыход – шлях да павышэння ўзроўню навучанасці і сродак развіцця пазнавальнай актыўнасці малодшых школьнікаў на ўроках рускай мовы”) і І.В.Багінай (“Выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных сродкаў для якаснага навучання школьнікаў рускай мове і літаратурнаму чытанню”) прадстаўлены ў галэрэі эфектыўнага педагагічнага вопыту Брэстчыны, якая дзейнічае ў абласным ІРА. Усе настаўнікі-метадысты з’яўляюцца лектарамі гэтай установы і актыўнымі ўдзельнікамі розных педагагічных фестываляў і майстар-класаў.

Ж.С.Карповіч – член рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў хіміі. Педагог неаднаразова прэзентавала вопыт, прысвечаны эфектыўным метадам рашэння задач па тэме “Сумесі рэчываў у растворах”. Акрамя таго, настаўніца правяла ў АПА семінар “Рэалізацыя прадметнага зместу хіміі на павышаным узроўні навучання”. У сваю чаргу Л.Ф.Шырко арганізавала для калег гарадскі семінар па арганізацыі даследчай дзейнасці вучняў.

Н.Г.Мяшчэрская ўдзельнічае ў рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне кампетэнтнасна арыентаванай лічбавай мадэлі прафарыентацыйнай работы як кампанента мабільнай адукацыі”.

Н.М.Сычэўская неаднаразова праводзіла майстар-класы па выкарыстанні метаду мадэлявання на ўроках матэматыкі. Педагог з’яўляецца адным з аўтараў вучэбна-метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў пачатковых класаў з серыі “Кампетэнтнасны падыход. Матэматыка. Дыягнастычныя і дыдактычныя матэрыялы. 1 клас, 3 клас”.

Настаўнікі-метадысты актыўна ўдзельнічаюць у рэцэнзаванні вучэбна-метадычных матэрыялаў для педагогаў і вучняў, публікуюць навукова-метадычныя артыкулы і адкрытыя ўрокі.

У мінулым навучальным годзе Ж.С.Карповіч, Н.Г.Мяшчэрская і Н.М.Сычэўская ўдзельнічалі ў рабоце абласной метадычнай сесіі ў рамках навукова-практычнага семінара “Вопыт сістэмнай педагагічнай дзейнасці ў структуры атэстацыі педагогаў на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”. Іх выступленні высока ацанілі ўдзельнікі семінара.

Для настаўнікаў Баранавіч члены клуба “Прафесіянал” правялі метадычны экспрэс “Сучасны ўрок”, падчас якога вызначалі асноўныя крытэрыі сучаснага эфектыўнага ўрока. Настаўнікі-метадысты паказалі і пракаменціравалі фрагменты вучэбных заняткаў у незнаёмых класах з выкарыстаннем найбольш эфектыўных метадаў і прыёмаў. Такая форма метадычнай работы дазволіла ўбачыць універсальныя педагагічныя ідэі, ацаніць іх прымяненне па розных прадметах, прааналізаваць уласны вопыт і акрэсліць шляхі далейшага прафесійнага станаўлення.

- Работа клуба па суправаджэнні прафесійнага росту настаўнікаў пабудавана на супрацоўніцтве, узаеманавучанні, самаразвіцці і самарэалізацыі, - расказвае Н.М.Сычэўская. – Вялікую падтрымку клубу ў правядзенні мерапрыемстваў аказваюць гарадскі вучэбна-метадычны кабінет і кіраўнікі ўстаноў адукацыі горада. Настаўнікі-метадысты сістэматычна праводзяць кансультацыі па запытах педагогаў. Іх тэматыка разнастайная і заўсёды актуальная. Трэба адзначыць і высокую эфектыўнасць семінараў для настаўнікаў горада па апісанні вопыту педагагічнай дзейнасці і падрыхтоўцы да кваліфікацыйнага экзамену на прысваенне вышэйшай катэгорыі. Так, па выніках мінулага навучальнага года 172 педагогі паспяхова абагулілі вопыт педагагічнай дзейнасці і здалі экзамены на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Павялічылася і колькасць настаўнікаў-метадыстаў. Так, да нашага клуба далучыліся яшчэ 4 педагогі. Мы з задавальненнем прымаем новых членаў у наш клуб, бо спадзяемся, што з іх прыходам з’явяцца новыя педагагічныя ідэі і адкрыцці, магчымасць навучыцца чамусьці новаму. У планах – асваенне актыўных форм метадычнай работы з маладымі настаўнікамі (напрыклад, урок для дарослых) па рэалізацыі сучасных дыдактычных падыходаў у выкладанні вучэбных прадметаў. Настаўнікі-прафесіяналы ніколі не спыняюцца на дасягнутым. Яны вучаць іншых і пастаянна вучацца самі, бо толькі ў такім выпадку будуць адпавядаць патрабаванням часу і прафесіі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.