“Перспектыўныя” педагогі

08.10.2018
Якім павінен быць сучасны настаўнік? Якімі важнымі якасцямі павінен валодаць, каб заслужыць любоў і давер вучняў, падрыхтаваць іх да дарослага жыцця? Як павінен працаваць, каб выклікаць павагу ў калег? Гэтыя і многія іншыя пытанні хвалююць членаў клуба творчых педагогаў “Перспектыва”, які з мінулага года працуе ў Пінску.

- Метадычнае аб’яднанне злучыла людзей з агульнымі прафесійнымі інтарэсамі, імкненнем да самаразвіцця, пошуку новых форм работы і абмену цікавым вопытам, - расказала кіраўнік клуба Алёна Уладзіміраўна Данілішына. – Членамі клуба з’яўляюцца настаўнікі-метадысты, удзельнікі Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” розных гадоў, творчыя і актыўныя педагогі горада.

Сярод іх – Алена Уладзіміраўна Ярашук, настаўніца гісторыі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” сярэдняй школы № 10, лаўрэат абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года – 2014”, член рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”. Педагог назапасіла эфектыўны вопыт работы па актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў сродкамі тэхналогіі праграмаванага навучання, выкладанні факультатыўных заняткаў “Даследуючы гуманітарнае права” і выхаванні грамадзянскасці ў школьным дыскусійным клубе. Алена Уладзіміраўна – актыўная ўдзельніца навуковых педагагічных канферэнцый па розных напрамках дзейнасці.

Выхавальніца ясляў-сада № 10 Вікторыя Зіноўеўна Драбышэўская – фіналіст заключнага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года – 2014”, член рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства “Умельцы Брэстчыны” (2013), аўтар магістарскай дысертацыі “Фарміраванне асноў камунікатыўнай культуры ў дзяцей старшага дашкольнага ўзросту ў працэсе мастацка-творчай дзейнасці”. У цэнтры прафесійных інтарэсаў педагога – выкарыстанне актыўных метадаў развіцця ўяўлення ў малодшых дашкольнікаў пры азнаямленні з фальклорам.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 10 Вольга Мікалаеўна Абламейка – настаўніца пачатковых класаў кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, фіналіст Рэспубліканскага завочнага конкурсу метадычных распрацовак настаўнікаў пачатковых класаў, удзельніца навукова-практычных канферэнцый па псіхалагічных асновах развіццёвага навучання і інавацыях у сучаснай адукацыі, аўтар майстар-класаў і трэнінгаў “Актыўная ацэнка як сродак кагнітыўнага развіцця вучняў на занятках” і “Развіццё крытычнага мыслення”.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 3 Віталія Барысаўна Атліванава – настаўнік-метадыст, удзельніца гарадскога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года – 2014”, лектар курсаў павышэння кваліфікацыі педагогаў у Брэсцкім абласным ІРА і АПА. В.Б.Атліванава праводзіць майстар-класы “Шляхі аптымізацыі педагагічнай дзейнасці настаўніка па фарміраванні ўнутранай матывацыі вучняў 3 – 4 класаў па прадмеце “Выяўленчае мастацтва” ва ўмовах безадзнакавага навучання”, “Воблачныя тэхналогіі ў практыцы работы настаўніка” і “Сучасныя падыходы пры падрыхтоўцы ўрока з выкарыстаннем ІКТ”, ажыццяўляе метадычнае суправаджэнне творчай групы педагогаў, якія працуюць па тэме “Работа з тэкстам як сродак фарміравання чытацкай пісьменнасці вучняў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 9 Святлана Фёдараўна Грыцэвіч – лаўрэат абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года – 2017” і абласнога этапу конкурсу “Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагога”, лектар курсаў павышэння кваліфікацыі педагогаў у Брэсцкім абласным ІРА. Настаўніца абагуліла вопыт работы па выкарыстанні электронных адукацыйных рэсурсаў на вучэбных і факультатыўных занятках як сродку развіцця пазнавальнага інтарэсу малодшых школьнікаў, стварае ўрокі-блогі і блогі класа ў рамках сеткавага ўзаемадзеяння з вучнямі і іх бацькамі, распрацоўвае дыстанцыйныя курсы для вучняў на вучэбнай платформе Moodle, актыўна прымяняе сэрвісы WEB 2.0, праводзіць майстар-класы ў рамках гарадскіх дэкад педмайстэрства.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” сярэдняй школы № 18 Алёна Уладзіміраўна Данілішына – лаўрэат абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года – 2014”, лектар курсаў павышэння кваліфікацыі педагогаў у Брэсцкім абласным ІРА і АПА, аўтар майстар-класаў “Актуальныя формы і метады выкладання”, “У актыўнага настаўніка – актыўныя дзеці: актыўныя і інтэрактыўныя метады навучання”, “Эфектыўныя метады і прыёмы сучаснага выкладання”, “Міжпрадметныя сувязі на ўроках як сродак інтэграцыі ведаў” і “Развіццё чытацкай пісьменнасці вучняў на вучэбных занятках па беларускай мове і літаратуры”, семінара-практыкуму для ўдзельнікаў інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі актыўнай ацэнкі як сродку кагнітыўнага развіцця вучняў”, удзельніца рэгіянальнага навукова-метадычнага семінара “Сучасны ўрок па беларускай мове: якім яму быць” і інш.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 10 Святлана Аляксандраўна Жук – настаўніца выяўленчага мастацтва кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання, лаўрэат гарадскога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года – 2014”, лектар курсаў павышэння кваліфікацыі педагогаў у Брэсцкім абласным ІРА і АПА, член рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў-метадыстаў выяўленчага мастацтва. У полі зроку С.А.Жук – выкарыстанне артпедагагічных практыкаванняў на ўроках і факультатыўных занятках па выяўленчым мастацтве.

Настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 12 Іна Юр’еўна Кавальчук – лаўрэат заключнага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года – 2017”, лектар курсаў павышэння кваліфікацыі педагогаў у Брэсцкім абласным ІРА, аўтар майстар-класа “Калядны фестываль педагагічнага майстэрства” і педагагічнага Meetup “Кантрольна-ацэначная дзейнасць”, удзельніца інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі рэфлексіўнай дыягностыкі прафесійнай дзейнасці як сродку праектавання індывідуальнай адукацыйнай траекторыі педагога”. Выхаванцы І.Ю.Кавальчук – неаднаразовыя пераможцы і прызёры розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі.

Настаўніца англійскай мовы гімназіі № 3 Тамара Ігараўна Аліхвер – лаўрэат абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года – 2014”, кіраўнік гарадскога метадычнага аб’яднання настаўнікаў англійскай мовы і гарадскога пастаянна дзеючага семінара “Зносіны без абмежаванняў: прыёмы арганізацыі камунікатыўна-арыентаванага навучання”, удзельніца праекта “Англійская мова для ўзаемадзеяння і прафесійных магчымасцей”, арганізаванага МДЛУ і Брытанскім саветам ва Украіне пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі, аўтар майстар-класа “Камунікатыўна-арыентаваныя прыёмы навучання дзяцей гаварэнню, чытанню, успрыманню і разуменню маўлення на слых”.

Настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 16 Андрэй Васільевіч Тарэлкін – лаўрэат абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года – 2017”, лектар курсаў павышэння кваліфікацыі педагогаў у Брэсцкім абласным ІРА, аўтар майстар-класаў для настаўнікаў тэхнічнай працы горада і вобласці, пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus-2016 у кампетэнцыі “Цяслярскія работы”, фіналіст фестывалю фальклорнага майстэрства “Радавод” за лепшую выставу ў конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (2013), член абласной творчай групы настаўнікаў тэхнічнай працы, кіраўнік гарадской творчай групы настаўнікаў тэхнічнай працы і гарадской каманды вучняў у алімпіядах па працоўным навучанні. А.В.Тарэлкін абагуліў вопыт па выкарыстанні праектнай тэхналогіі ў сістэме ўрокаў працоўнага навучання і пазакласнай работы для развіцця творчых здольнасцей вучняў.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 Алена Рыгораўна Шумак – фіналіст заключнага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года – 2017”, лектар курсаў павышэння кваліфікацыі педагогаў у Брэсцкім абласным ІРА і АПА, аўтар майстар-класаў “Брыкалаж як адукацыйны трэнд”, “Развіццё медыяпісьменнасці на ўроках рускай літаратуры” і “Стварэнне матывуючай прасторы ў кабінеце рускай літаратуры”, трэнінгаў “Актыўныя метады навучання ў адукацыйным працэсе”, “Дэвіянтныя паводзіны падлеткаў” і “Праектная дзейнасць у школе”, удзельніца розных навукова-метадычных і навукова-практычных канферэнцый.

- Усе члены клуба – надзвычай творчыя педагогі, якія не толькі актыўна шукаюць і генерыруюць цікавыя ідэі, але і смела ўвасабляюць іх у жыццё, - адзначыла А.У.Данілішына. – Дэвіз аб’яднання – “Новай школе – новы настаўнік. Усё пачынаецца з нас!”. “Перспектыва” для педагогаў – гэта пастаяннае самаразвіццё, мэтанакіраваны шлях да прафесійнага поспеху, фарміравання лепшых якасцей настаўнікаў і вучняў. Клубаўцы – вельмі неспакойныя, пазітыўныя і актыўныя людзі. Мы смела запрашаем да сябе і ахвотна даем адкрытыя ўрокі для калег. Мы аўтары цікавых майстар-класаў па рэалізацыі розных педагагічных ідэй і інавацый, метадычных распрацовак, артыкулаў і іншых карысных матэрыялаў, актыўныя ўдзельнікі канферэнцый, рэспубліканскіх творчых груп настаўнікаў-метадыстаў і рэспубліканскіх фестываляў педмайстэрства, пастаянныя лектары курсаў павышэння кваліфікацыі ва ўстановах дадатковай адукацыі дарослых.

Клуб ствараўся з мэтай падтрымкі і стымулявання педагагічных ініцыятыў творчых педагогаў, распаўсюджвання інавацыйнага вопыту дзейнасці, суправаджэння конкурсаў прафесійнага майстэрства, пашырэння дыяпазону прафесійных зносін і супрацоўніцтва педагогаў, інфармацыйна-кансультацыйнай дапамогі пры здачы экзамену на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, а таксама дапамогі маладым педагогам.

Своеасаблівым вынікам першага года работы клуба стаў гарадскі фестываль педагагічнага майстэрства “Навучанне для будучыні”, які прайшоў мінулай вясной на базе сярэдняй школы № 18 з мэтай выяўлення эфектыўнага педагагічнага вопыту, актуальных ідэй, эфектыўных педагагічных тэхналогій, форм і метадаў навучання, выхавання і развіцця дзяцей дзеля дасягнення новых адукацыйных вынікаў. Акрамя таго, удзельнікі клуба прынялі ўдзел у выніковым выязным пасяджэнні “Школы маладога настаўніка”, якую ўзначальвае С.А.Жук. Майстар-класы для 24 маладых спецыялістаў паказалі важнасць і карысць прафесійных стасункаў.

- У бягучым навучальным годзе члены клуба ўзначальваюць гарадскія фарміраванні і аб’яднанні, паказваючы ўласным прыкладам адносіны да работы і прафесіі, - расказала А.У.Данілішына. – Так, гарадская праблемная група настаўнікаў працоўнага навучання пад кіраўніцтвам Андрэя Васільевіча Тарэлкіна рэалізоўвае праграму прафесійнай падрыхтоўкі рабочых для дзесяцікласнікаў. Таццяна Віктараўна Пархамчук разам з педагогамі, якія ўваходзяць у “Школу ўдасканалення педагагічнага майстэрства настаўнікаў біялогіі”, распрацоўвае кантрольна-вымяральныя матэрыялы па біялогіі ў 8 класе. У цэнтры ўвагі гарадской творчай групы настаўнікаў гісторыі, якую ўзначальвае Алена Уладзіміраўна Ярашук, - рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу пры вывучэнні гісторыі. Творчая група настаўнікаў рускай мовы і літаратуры пад кіраўніцтвам Шумак Алены Рыгораўны распрацоўвае тэму “Сучасныя тэхналогіі і прыёмы ў рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў моўнай і літаратурнай адукацыі”. Іна Юр’еўна Кавальчук кіруе гарадскім пастаянна дзеючым семінарам “Сучасны ўрок: падыходы, тэхнікі і метады”. У творчых педагогаў Пінска шмат цікавых ідэй і планаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ