З новым падыходам да краязнаўства

25.10.2018
Рэалізацыя дзяржаўных задач у галіне выхавання моладзі падштурхоўвае да пошуку новых змястоўных і тэхналагічных прынцыпаў яго арганізацыі ва ўстановах адукацыі. Косаўская сярэдняя школа Івацэвіцкага раёна ўваходзіць у лік 23 устаноў краіны, дзе ажыццяўляецца інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы. Мэта праекта – фарміраванне грамадзянска-патрыятычных якасцей вучняў шляхам арганізацыі краязнаўчай дзейнасці.

- Мадэль цэнтра грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі прадугледжвае актыўнае супрацоўніцтва школы і сацыяльных партнёраў, зацікаўленых у рэалізацыі сумесных праграм і абмене вопытам у гэтай сферы на аснове выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, - расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Косаўскай сярэдняй школы Р.А.Савіцкая. – Сацыяльна значныя і культурныя праекты і адукацыйныя праграмы дазваляюць вучням авалодаць нормамі агульначалавечай маралі, азнаёміцца з нацыянальнымі традыцыямі і інш. Сярод гэтых праектаў варта вылучыць стварэнне мультымедыйнага комплексу па краязнаўстве “Край, дзе мы жывём”, арганізацыю работы патрыятычнага вэб-сайта “Косава – Life” і сеткавы праект “Падарожжа да вытокаў”.

Аўтарам апошняга з’яўляецца настаўніца пачатковых класаў А.Ф.Ляховіч. Мэта яе праекта заключаецца ў стварэнні аптымальных умоў для грамадзянска-патрыятычнага выхавання вучняў праз паглыбленне іх ведаў пра сваю сям’ю, малую радзіму і краіну. У аснове праекта – дзейнасць сайта, створанага ў форме падарожжа на Google-платформе для настаўнікаў, дзяцей і іх бацькоў. Кожны этап праекта мае “маршрут падарожжа” з вызначанымі ролямі для яго ўдзельнікаў, сістэмай заданняў і ацэньвання. Для іх выканання неабходна выкарыстоўваць рэсурсы сэрвісаў WEB 2.0. Разнастайныя творчыя і пошукавыя заданні дазваляюць перайсці на якасна новы ўзровень адукацыі, заснаваны на актыўным узаемадзеянні настаўнікаў, вучняў і бацькоў. Праект з’яўляюцца доўгатэрміновым і далучыцца да яго можна на любым этапе.

- Праектная дзейнасць развівае ў вучняў самастойнасць і інтэлектуальна-творчыя здольнасці, фарміруе сацыяльна значныя якасці, - гаворыць Р.А.Савіцкая. – Падарожнічаючы па станцыях і прымяраючы розныя ролі, малодшыя школьнікі ў цікавай і займальнай форме знаёмяцца з культурна-гістарычнай спадчынай Беларусі. Гэты праект быў прадстаўлены ў адной з секцый Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Інавацыйны цэнтр: ідэі, праблемы, шляхі ўздзеяння”.

Адным з важных вынікаў праекта з’яўляецца наяўнасць сеткавых прадуктаў. Сярод іх – мультымедыйны комплекс (дапаможнік) па краязнаўстве “Край, дзе мы жывём”, які складаецца з тэматычнага ілюстраванага электроннага даведніка пра Косава. Дзякуючы яму, вучні могуць не толькі азнаёміцца з гісторыяй роднага краю, але і адправіцца ў падарожжа па вуліцах горада, убачыць яго знакамітыя мясціны, больш падрабязна даведацца пра вядомых землякоў і традыцыі касаўчан, ажыццявіць віртуальную экскурсію ў Марачоўшчыну, дзе знаходзіцца палац Пуслоўскіх і дом-музей Тадэвуша Касцюшкі.

- Унікальнасць мультымедыйнага комплексу ў тым, што гэта адзіны найбольш поўны краязнаўчы каталог у электронным варыянце, які прапаноўвае карыстальнікам разнастайную інфармацыю па гісторыі роднага краю, - адзначае Р.А.Савіцкая. – Даведнік можна выкарыстоўваць у якасці прыкладу для распрацоўкі аналагічных электронных дапаможнікаў у іншых рэгіёнах краіны з улікам іх традыцый, магчымасцей і задач. Гэты дапаможнік ужо апрабаваны на ўроках гісторыі Беларусі, занятках краязнаўчага гуртка і розных пазаўрочных і пазакласных школьных мерапрыемствах. Мультымедыйны комплекс адзначаны дыпломам І ступені ў абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект – 2018” і дыпломам І ступені ў раённым этапе абласнога конкурсу “ІТ-мяжа”.

Косаўскія педагогі не спыняюцца на дасягнутым. У планах – размяшчэнне дапаможніка ў інтэрнэце і далейшае папаўненне яго зместу з удзелам вучняў іншых школ. Матэрыялы даведніка, разлічанага на педагогаў, бібліятэкараў, школьнікаў, краязнаўцаў, мясцовых жыхароў і аматараў падарожжаў, будуць выкарыстоўвацца для распрацоўкі тэматычных буклетаў з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці. Настаўнікі спадзяюцца, што гэты электронны рэсурс будзе цікавы і карысны многім людзям: абагаціць іх ведамі пра родны край, дапаможа ўбачыць непарыўную сувязь і адзінства малой радзімы з жыццём усёй краіны, адчуць далучанасць да гісторыі роднага краю.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ