Дыстанцыйна і эфектыўна

25.10.2018
- Работа сучасных педагогаў немагчыма без воблачных тэхналогій і сэрвісаў, - лічыць настаўніца інфарматыкі А.І.Бянько з Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна. – Эфектыўным інструментам пабудовы інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя школы з’яўляецца пакет бясплатных сэрвісаў для адукацыі, распрацаваны кампаніяй Google. Сярод іх – сэрвіс “Клас”. Настаўнік стварае ў ім свой курс, вучні атрымліваюць код доступу да вучэбнага рэсурсу і сваёй статыстыкі навучання.

Педагогі школы распрацавалі і выкарыстоўваюць у рабоце дыстанцыйныя курсы па інфарматыцы ў 9 класе, матэматыцы ў 10 класе (“Перпендыкулярнасць плоскасцей”), фізіцы ў 11 класе (“Фатоны. Дзеянні святла”, “Фізіка атама”), беларускай мове ў 7 класе (“Дзеепрыметнік”) і сусветнай гісторыі ў 10 класе (“Другая сусветная вайна”).

Сэрвісы Google могуць быць аптымізаваны пад любы этап арганізацыі ўрока. Так, электронны падручнік і прэзентацыя могуць выкарыстоўвацца пры вывучэнні новага матэрыялу, а тэсты – для праверкі і кантролю ведаў.

- На старонцы заданняў бачна, што задаў настаўнік, - гаворыць А.І.Бянько. – Вучням дастаткова выбраць заданне і пачаць яго выконваць. Інфармацыя пра здадзеныя работы абнаўляецца ў рэжыме рэальнага часу, дзякуючы чаму настаўнік можа аператыўна правяраць, ацэньваць і каменціраваць іх.

Педагогі выкарыстоўваюць гульнявыя заданні для паўтарэння вывучанага матэрыялу, відэаматэрыялы, малюнкі і схемы для аблегчанага аднаўлення інфармацыі і яе прымянення па ўзоры, аўдыя- і відэадакументы як дадатковыя матэрыялы да ўрокаў, інтэрактыўныя заданні для выканання практычных работ. Зносіны з настаўнікам ажыццяўляюцца шляхам абмену тэкставымі і графічнымі файламі.

Арганізаваць пісьмовую работу ў “Класе” можна без адзінага ліста паперы. Заданні ствараюцца, правяраюцца і ацэньваюцца цэнтралізавана, проста і хутка. Вучні бачаць на старонцы заданні і пакуль не здадзеныя работы, а ўсе матэрыялы пэўнага курса аўтаматычна дабаўляюцца ў іх папкі на Google-дыску.

Педагогі могуць рассылаць у “Класе” аб’явы і пачынаць абмеркаванне, а вучні – абменьвацца матэрыяламі і адказваць на пытанні, зададзеныя настаўнікам.

- Падчас дыстанцыйнага навучання дзеці развіваюць навыкі самастойнай пазнавальнай дзейнасці і асвойваюць сучасныя электронныя тэхналогіі навучання. Павышэнне нагляднасці вучэбнага матэрыялу дапамагае лепш запамінаць яго і хутчэй разумець складаныя з’явы і іх узаемасувязі. Дыстанцыйная форма навучання дазваляе школьнікам ліквідаваць прабелы ў ведах ці паглыбіць іх у пэўных галінах, - падагульняе А.І.Бянько.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ