З інавацыйным падыходам да павышэння прафесійнай кампетэнтнасці

06.11.2018
На базе Малоткавіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна прайшоў абласны семінар, прысвечаны інавацыйным формам метадычнай работы па павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. Арганізатарам мерапрыемства, у якім удзельнічалі кіраўнікі раённых (гарадскіх) метадычных фарміраванняў намеснікаў дырэктара па вучэбнай рабоце, выступіў Брэсцкі абласны ІРА.

Адкрываючы семінар, метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра кіраўніцкай дзейнасці ў адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА Г.А.Шапавалава адзначыла, што дасягнуць новай якасці адукацыі немагчыма без павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае метадычная служба, якая стварае неабходныя ўмовы для прафесійнага развіцця настаўнікаў.

Намеснік начальніка раённага аддзела па адукацыі Л.М.Двараніновіч азнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з адукацыйнай прасторай рэгіёна і перспектывамі яе развіцця.

Дырэктар сярэдняй школы № 12 Пінска кандыдат педагагічных навук Л.А.Ярашэвіч засяродзіў увагу на развіцці кіраўніцкіх кампетэнцый кіраўнікоў школ, якія дазваляюць павышаць прафесійную кампетэнтнасць педагогаў. Сучасны кіраўнік павінен прагназаваць развіццё ўстановы адукацыі, кіраваць якасцю адукацыйнага працэсу з улікам змен у айчыннай сістэме адукацыі, укараняць інавацыйныя формы і метады работы, займацца інавацыйнай дзейнасцю, актыўна абменьвацца эфектыўным вопытам. Фарміраваць кіраўніцкія кампетэнцыі праз набыццё пэўных ведаў, уменняў і навыкаў недастаткова. Неабходны інавацыйныя практыкі кіравання.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Малоткавіцкай сярэдняй школы В.П.Ізбіцкая падзялілася вопытам выкарыстання праектна-мэтавых метадаў кіравання павышэннем прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў: “З павышэннем патрабаванняў да якасці адукацыі мяняецца і змест метадычнай работы з кадрамі, выніковасць якой залежыць ад іх гатоўнасці да прафесійнага росту. Дзякуючы сістэме бесперапыннай адукацыі, ствараецца развіццёвае адукацыйнае асяроддзе. Прафесійная кампетэнтнасць настаўніка – галоўны рэсурс якасці адукацыйнага працэсу. Праектна-мэтавы метад дазваляе педагогам рэгулярна павышаць прафесійную кампетэнтнасць, стварыць неабходнае адукацыйнае асяроддзе, дзе яны могуць атрымаць карысны вопыт, раскрыць прафесійны і творчы патэнцыял, выкарыстоўваць інавацыйныя тэхналогіі ў сваёй дзейнасці, павысіць актыўнасць, задаволіць запыты ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу”.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Малоткавіцкай сярэдняй школы В.В.Трапачка гаварыла пра кіраванне выхаваўчай дзейнасцю праз рэсурсны цэнтр па выхаваўчай рабоце: “Інавацыйныя падыходы ў арганізацыі выхаваўчай работы дапамагаюць удасканаліць прафесійную кампетэнтнасць педагогаў і атрымаць каштоўны практычны вопыт. Рэсурсны цэнтр па выхаваўчай рабоце дазваляе своечасова вырашаць выхаваўчыя праблемы на ўзроўні ўстановы адукацыі і раёна, акрэсліць перспектывы развіцця выхаваўчай дзейнасці, адпрацаваць з педагогамі эфектыўныя тэхналогіі і метадычныя прыёмы выхаваўчай работы. Настаўнікі не проста транслююць веды, а праектуюць сумесную дзейнасць з вучнямі, супрацоўнічаюць з калегамі, наладжваюць зносіны”.

Падчас семінара працавалі творчыя лабараторыі па водаратэрапіі “Рэфлексійнае сашэ” і смакатэрапіі “Пазітывіум”, арганізаваныя настаўніцай хіміі Ж.Р.Сідарэвіч, настаўніцай працоўнага навучання В.У.Сакратаровай і настаўніцамі англійскай мовы А.У.Казінец і Р.А.Кахавец.

Удзельнікі семінара азнаёміліся з панарамай метадычнага вопыту, прысвечанага шляхам развіцця прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў і павышэнню якасці адукацыі. Даволі цікавымі атрымаліся майстар-класы, праведзеныя намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце В.В.Трапачка (“Прымяненне коўчынг-інструментаў пры фарміраванні прафесійных кампетэнцый педагогаў”), намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце В.П.Ізбіцкай (“Сеткавае ўзаемадзеянне педагогаў у рамках унутрыарганізацыйнага павышэння кваліфікацыі”), настаўнікамі гісторыі В.Я.Казубоўскім і настаўнікам біялогіі М.К.Прыгодзічам (“Край мой – Палессе: прымяненне прыёму візуалізацыі інфармацыі як сродку фарміравання кампетэнцый вучняў”), настаўнікам геаграфіі А.Г.Кандрацюком і настаўніцай біялогіі А.А.Нікалаевіч (“Праект? Праект! Як развіваць пазнавальны інтарэс вучняў”).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.