Павышаць выканальніцкую дысцыпліну, умацоўваць кадравы патэнцыял

06.11.2018
На базе Брэсцкага абласнога ІРА адбылося чарговае пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.
Галоўны спецыяліст аддзела тэхнічнага нагляду за капітальным рамонтам, утрыманнем і эксплуатацыяй будынкаў і збудаванняў галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама І.І.Купцова далажыла пра вынікі маніторынгу, праведзенага Брэсцкім абласным цэнтрам гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, па выкананні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства і тэхналагічных нарматываў пры арганізацыі харчавання дзяцей. Наглядныя мерапрыемствы паказалі зніжэнне правапарушэнняў у гэтай сферы, дзякуючы павышэнню адказнасці кіраўнікоў устаноў адукацыі і ўзмацненню ведамаснага кантролю.

У трэцім квартале бягучага года спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы абследавалі 375 (37% ад агульнай колькасці харчаблокаў) устаноў адукацыі (дзіцячых садкоў, школ, устаноў спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, сацыяльна-педагагічных устаноў). Парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму выяўлены амаль у 62% харчаблоках. Больш за ўсё ў школах, ПТНУ і ССНУ, установах спецыяльнай адукацыі. Праблемы тычыліся невыканання санітарна-супрацьэпідэмічнага рэжыму (амаль 35%), матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння харчаблокаў (амаль 29%), бяспекі харчовай сыравіны і прадуктаў (каля 14%), якасці харчавання (каля 10%), арганізацыі і правядзення вытворчага кантролю з боку адміністрацый устаноў і медработнікаў (каля 8,4%), выканання тэхналогіі прыгатавання страў (амаль 5%).

У рамках рэалізацыі плана мерапрыемстваў па капітальным (бягучым) рамонце і будаўніцтве (рэканструкцыі) харчаблокаў школ Брэстчыны на 2018 – 2020 гады адрамантаваны 28 харчаблокаў. У 5 установах адукацыі рамонтныя работы будуць праведзены ў рамках праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Беларусі” за кошт сродкаў Сусветнага банка. Нягледзячы на паступовае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, па-ранейшаму актуальнай застаецца праблема, звязаная з заменай тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання.

У трэцім квартале бягучага года спецыялісты ўпраўленняў (аддзелаў) па адукацыі рай(гар)выканкамаў абследавалі 384 установы адукацыі. У 95 харчаблоках выяўлены 162 парушэнні. Вінаватыя прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці.

УУС Брэсцкага аблвыканкама праводзіць рэгулярныя мерапрыемствы, накіраваныя на прадухіленне проціпраўнай дзейнасці пры арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі (выяўленне неабгрунтаваных пасрэднікаў пры ажыццяўленні закупак прадуктаў харчавання, фактаў крадзяжоў таварна-матэрыяльных каштоўнасцей). Сёлета ў вобласці выяўлены 23 факты дробных крадзяжоў у харчаблоках. 

На пастаянным кантролі знаходзяцца пытанні, звязаныя з цэнаўтварэннем на аб’ектах грамадскага харчавання пры ўстановах адукацыі. Праведзены маніторынг не выявіў парушэнняў у гэтай сферы.

Толькі палова ўстаноў адукацыі вобласці ўстанавіла камп’ютарную праграму “Харчаванне” для складання меню-патрабаванняў, аналізу выканання натуральных норм харчавання і грашовых норм расходаў на яго, вядзення складскога ўліку. Працягваецца ўстаноўка сістэм відэаназірання ў харчаблоках для прадухілення крадзяжоў прадукцыі. На жаль, гэты працэс ідзе даволі марудна з-за недахопу фінансавання. Так, у харчаблоках устаноў адукацыі 10 раёнаў Брэстчыны пакуль не ўсталявана ніводнай камеры відэаназірання.

- Арганізацыя дзіцячага харчавання патрабуе павышэння выканальніцкай дысцыпліны як кіраўнікоў, так і іх падначаленых, асабліва па недапушчэнні фактаў крадзяжоў харчовай прадукцыі. Асноўная ўвага павінна накіроўвацца на мадэрнізацыю харчаблокаў і навядзенне парадку ў іх, - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі.

Намеснік галоўнага ўрача Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Т.В.Корчык засяродзіла ўвагу на праблемах здароўезберажэння школьнікаў і рэалізацыі праекта “Школа – тэрыторыя здароўя”. Ва ўстановах адукацыі Брэстчыны актыўна ўкараняюцца здароўезберагальныя тэхналогіі, для чаго ствараецца адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база. Так, з мэтай прафілактыкі парушэнняў апорна-рухальнага апарату школы аснашчаюцца канторкамі і партамі з нахіленай паверхняй рабочай плоскасці. Ужо ўсталяваны каля 6,3 тысячы канторак, але многія раёны імі цалкам не ўкамплектаваны. Толькі 12 устаноў адукацыі могуць пахваліцца тым, што ўсе іх кабінеты забяспечаны канторкамі.

Пры замене і абнаўленні вучнёўскай мэблі ў кабінетах для пачатковых класаў перавага павінна аддавацца набыццю парт з нахіленай паверхняй рабочай плоскасці. Сёння такія парты маюць 75% школ вобласці. Праўда, усе пачатковыя класы ўкамплектаваны імі толькі ў 26% устаноў. У шэрагу раёнаў гэтыя парты адсутнічаюць у большасці пачатковых класаў.

Вялікая ўвага ўдзяляецца стварэнню належных умоў для асабістай гігіены дзяцей пры арганізацыі фізкультурна-масавых і спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў ва ўстановах адукацыі. Так, праводзіцца мэтанакіраваная работа па аднаўленні дзейнасці душавых і санвузлоў пры спартыўных залах.

У рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Беларусі” ў 27 (замест 84 па плане) школах Брэстчыны рэалізоўваецца міжведамасны інфармацыйна-адукацыйны праект “Школа – тэрыторыя здароўя”. У шэрагу раёнаў у гэтым праекце не задзейнічана ніводная ўстанова.

З мэтай папулярызацыі перадавога вопыту па стварэнні здароўезберагальных умоў у школах спецыялісты Брэсцкага абласнога ЦГЭіГЗ і тэрытарыяльных ЦГіЭ разам з зацікаўленымі ведамствамі праводзяць навучальныя семінары. Ва ўзаемадзеянні з галоўнымі ўпраўленнямі па адукацыі і ахове здароўя аблвыканкама быў арганізаваны абласны конкурс на лепшую рэалізацыю праекта “Школа – тэрыторыя здароўя”, у якім удзельнічалі 17 устаноў адукацыі.

Сёння на Брэстчыне рэалізоўваюцца таксама прафілактычныя праекты “Мой выбар – жыць з пазітывам!”, “Правільная пастава – умова здароўя!” і “Школьнае харчаванне – здаровае і рацыянальнае!”. Праект “Мой выбар – жыць з пазітывам!” ажыццяўляецца з мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця і прафілактыкі суіцыдальных паводзін у маладзёжным асяроддзі. Для гэтага праводзяцца трэнінгі, дыягностыкі эмацыянальнага стану, кансультацыі псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў.

Праект “Правільная пастава – умова здароўя!” накіраваны на прафілактыку парушэнняў паставы вучняў і стварэнне для гэтага неабходных здароўезберагальных умоў. 

На жаль, у шэрагу раёнаў вобласці адзначаецца невысокая колькасць удзельнікаў прафілактычных праектаў.

На пасяджэнні калегіі былі таксама разгледжаны пытанні, звязаныя з работай органаў апекі і папячыцельства па абароне правоў дзяцей, паляпшэннем якасці павышэння кваліфікацыі педагогаў у Брэсцкім абласным ІРА і выкладаннем інфарматыкі, геаграфіі і беларускай мовы і літаратуры ў школах.

- Фармальны падыход да пытанняў, што тычацца абароны правоў дзяцей, недапушчальны, - адзначыў Ю.М.Прасмыцкі. – Неабходна павышаць прафесійную кампетэнтнасць работнікаў органаў апекі і папячыцельства і сацыяльна-псіхолага-педагагічных службаў, удасканальваць іх узаемадзеянне з судовымі і пракурорскімі інстанцыямі. Што да паляпшэння якасці выкладання вучэбных прадметаў у школах, то тут трэба сістэмна і планамерна ўмацоўваць іх кадравы патэнцыял.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.