Метадычная служба – у дапамогу выхавальнікам

15.11.2018
Асобасны рост педагогаў немагчымы без прафесійных зносін і абмену вопытам. Адной з эфектыўных форм развіцця іх кампетэнцый з’яўляецца сумесная дзейнасць. Ужо 4 гады на Жабінкаўшчыне паспяхова функцыянуе сістэма павышэння кампетэнтнасці педагогаў дашкольнай адукацыі ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Тэма, звязаная з выкарыстаннем ІКТ для фарміравання адкрытай інфармацыйнай прасторы дашкольных устаноў Жабінкаўшчыны, была выбрана невыпадкова. Сёння інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі шырока ўкараняюцца ў адукацыйны працэс. Інфарматызацыя закранула не толькі школы, але і дзіцячыя садкі. На жаль, не ўсе педагогі гатовы да выкарыстання ІКТ. Нізкая тэхналагічная кампетэнтнасць і слабая матывацыя выхавальнікаў прыводзяць да пэўных праблем у арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Абапіраючыся на метадычныя рэкамендацыі Міністэрства адукацыі Беларусі па стымуляванні і павышэнні матывацыі педагогаў да прымянення ІКТ і ЭСН у адукацыйным працэсе, была створана творчая група выхавальнікаў без уліку іх кваліфікацыйных катэгорый і стажу работы. Мэта групы – навучанне педагогаў аналізу, выбару і выкарыстанню інструментаў ІКТ у адпаведнасці з задачамі іх прафесійнай дзейнасці.

Работа творчай групы была разлічана на 3 гады (11 пасяджэнняў), кожны з якіх прысвячаўся пэўнай задачы па вывучэнні канкрэтнай камп’ютарнай праграмы. Спачатку педагогі паспяхова асвоілі праграму Microsoft PowerPoint. Асноўная ўвага пры яе вывучэнні была накіравана на выкарыстанне трыгераў, дзякуючы якім можна ператварыць простую прэзентацыю ў інтэрактыўную гульню, дыдактычны дапаможнік ці маляўнічы наглядны матэрыял.

У другі год члены творчай групы знаёміліся з графічным рэдактарам Photoshop. Гэтая праграма надзвычай карысная тым, хто самастойна стварае адукацыйныя рэсурсы. Педагогі вывучалі асноўныя функцыі праграмы па апрацоўцы і рэдагаванні выяў, падрыхтоўцы іх да выкарыстання ў электронным выглядзе.

Апошняя тэма была выбрана з улікам запытаў выхавальнікаў і тычылася знаёмства з праграмай для відэамантажу Pinnacle Studio, асноўнае прызначэнне якой заключаецца ў стварэнні, рэдагаванні і мантажы відэаролікаў.

Для работы з удзельнікамі творчай групы былі распрацаваны і прапанаваны ім для вывучэння розныя матэрыялы (ілюстраваныя вучэбныя дапаможнікі па пэўных тэмах, брашуры, гласарыі, інтэрактыўныя крыжаванкі на замацаванне тэм, прэзентацыі, матывуючыя ролікі), якія дапамагалі педагогам лягчэй пранікнуць у свет ІКТ.

Вельмі важна, што кожны ўдзельнік творчай групы самастойна ствараў канкрэтны прадукт па выніковай тэме кожнага навучальнага года. З усіх створаных матэрыялаў і выкананых выніковых заданняў быў сфарміраваны банк электронных даных. Атрыманыя веды і ўменні педагогі могуць паспяхова выкарыстоўваць у рабоце з дзецьмі і іх бацькамі, вядзенні дакументацыі, рэалізацыі розных педагагічных мэт, самаразвіцці і інш.

Нягледзячы на тое, што творчая група завяршыла сваю работу, выхавальнікі працягваюць удасканальваць прафесійныя кампетэнцыі ў гэтым напрамку дзейнасці. Так, педагогі арганізоўваюць зносіны на аснове інтэрнэт-платформы, дзе створана група “Дашкалёнак”. Тут выхавальнікі абменьваюцца рознай інфармацыяй, якая тычыцца адукацыйнага працэсу, дзеляцца спасылкамі на адукацыйныя рэсурсы, фота- і відэаматэрыялы.

Дыягностыка паказала, што ўзаемадзеянне ў рамках творчай групы было надзвычай прадуктыўным. Педагогі атрымалі ўяўленні пра розныя камп’ютарныя праграмы, іх уласцівасці і функцыі, пашырылі тэарэтычныя і практычныя веды ў галіне ІКТ, набылі неабходныя тэхналагічныя і метадычныя навыкі, якія дазволілі перайсці да арганізацыі выхаваўчага працэсу на якасна новым узроўні – з выкарыстаннем рэсурсаў інфармацыйнага асяроддзя. Важна, што выхавальнікі ўсвядомілі неабходнасць бесперапыннага прафесійнага росту.

Вольга ДАНІЛЮК,

кіраўнік творчай групы,

метадыст Жабінкаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.