Экалагічнае выхаванне – праз даследчую дзейнасць

15.11.2018
Пагаршэнне асяроддзя пражывання – адна з актуальных праблем сучаснага грамадства. Наступствы актыўнага ўмяшальніцтва людзей у прыроду нясуць пагрозы іх далейшаму існаванню. Гэта патрабуе новай экалагічнай свядомасці, якую фарміруе экалагічнае выхаванне ў школе.
Для развіцця экалагічнай культуры ў дзяцей недастаткова толькі навучання на ўроках. Важную ролю ў асваенні асноў экалогіі адыгрываюць пазаўрочныя мерапрыемствы, якія дапамагаюць усвядоміць каштоўнасць прыроды. Мадэль педагагічнага працэсу павінна ўяўляць сабой змястоўнае экалагічнае трыадзінства навучання, выхавання і развіцця. Толькі так можна сфарміраваць экалагічную культуру, паказчыкамі якой з’яўляюцца экалагічная адукаванасць, эмацыянальная ўспрымальнасць і чуллівасць да навакольнага свету, здольнасць да экалагічнага мыслення, адэкватныя паводзіны ў прыродзе, гатоўнасць да прыродаахоўнай дзейнасці і інш.

Даследчая работа – адна з эфектыўных форм экалагічнага выхавання вучняў, якая ўключае праблему, якую трэба вырашыць, назіранні, эксперыменты, аналіз вынікаў, пошук прычын праблемы і рэкамендацыі па яе вырашэнні. Займаючыся даследчай дзейнасцю, школьнікі імкнуцца самастойна вырашыць пэўныя экалагічныя праблемы роднага краю. На рахунку нашых вучняў некалькі даследчых праектаў на актуальную тэматыку: “Вывучэнне ўтрымання вітаміну С у яблычных соках розных фірм-вытворцаў Беларусі і яго ўплыў на здароўе і працаздольнасць”, “Выяўленне ўтрымання нітратаў у садавіне і агародніне ў залежнасці ад віду ўгнаення” і інш.

Галоўнымі крытэрыямі пры выбары тэм з’яўляюцца інтарэсы дзяцей, іх актуальнасць, грамадская і практычная значнасць. Даследаванні павінны быць даступнымі, натуральнымі, цікавымі, эксперыментальнымі і самастойнымі.

Для правядзення эксперымента па вызначэнні працэнтнага ўтрымання вітаміну С у соках вучні загадзя падрыхтавалі крухмальны клейстар, 5-працэнтны раствор ёду і дыстыляваную ваду. У прабірку з 3 – 4 мл яблычнага соку дзеці дабаўлялі 15 – 16 мл вады і 1,5 – 2 мл крухмальнага клейстару, старанна перамешвалі, дабаўлялі па кроплях раствор ёду, назіралі за афарбоўкай сокаў у выніку хімічнай рэакцыі і фіксавалі працягласць устойлівасці сіняга колеру ў прабірках на працягу 15 секунд.

Дзякуючы эксперыменту, вучні высветлілі, у якіх прабірках з сокам дастаткова доўга застаецца ўстойлівы сіні колер і яго адценні (больш за 18 секунд). Эксперымент праходзіў двойчы. Зыходзячы з атрыманых даных, была вылучана тройка лідараў, у якіх сіняя афарбоўка з’яўлялася больш інтэнсіўнай у параўнанні з іншымі сокамі, а працягласць захавання ўстойлівага колеру – нашмат большай. Па выніках даследавання вучням школы былі рэкамендаваны вытворцы сокаў з найбольшым утрыманнем вітаміну С.

Пры вывучэнні якасці садавіны і агародніны выкарыстоўвалася методыка вызначэння колькасці нітратаў з дапамогай тэст-палосак “Нітраты”. Падчас эксперымента дзеці надрэзвалі і здрабнялі садавіну і агародніну, пасля чаго змочвалі індыкатарную палоску іх сокам. Праз 3 хвіліны параўноўвалі афарбоўку рабочага ўчастка з узорамі кантрольнай шкалы і ацэньвалі вынікі. Пасля аналізу вучні прыйшлі да высновы, што ўсе ўзоры ўтрымлівалі нітраты (безнітратнай садавіны і агародніны сёння няма), пры кулінарнй апрацоўцы ўтрыманне нітратаў у садавіне і агародніне значна зніжаецца, прымяняць угнаенні трэба ў адпаведнасці з рэкамендацыямі, распрацаванымі да канкрэтных глебава-кліматычных умоў.

Выступленні школьнікаў з вынікамі сваіх работ стымулявалі іх асобасны рост і творчае самаразвіццё. Няважна, што ў далейшым вучні не прысвецяць сваю прафесійную дзейнасць экалогіі. Каб любіць і берагчы навакольны свет і яго жыхароў, зусім не абавязкова станавіцца прафесійным эколагам і весці вялікую даследчую работу, займаць прызавыя месцы ў профільных алімпіядах. Варта толькі бачыць і цаніць прыгажосць прыроды, паказваць яе іншым, паважаць права жывых істот на жыццё і асяроддзе пражывання, з павагай ставіцца да аб’ектаў прыроды і адно да аднаго, імкнуцца зрабіць экалагічныя адносіны нормай паводзін з равеснікамі, атрымліваць задавальненне ад зносін з навакольным светам.

Людміла КАЗАКОВА,

настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 8 Пінска.