Каштоўнасць сюжэтна-ролевых гульняў

15.11.2018
Дашкольнае дзяцінства – вельмі важны перыяд у станаўленні асобы. Гэта час, калі дзіця набывае першапачатковыя веды пра навакольны свет, фарміруе адносіны да людзей і іх працы, атрымлівае навыкі правільных паводзін. Значнае месца ў жыцці дашкольнікаў займаюць гульні, з дапамогай якіх фарміруецца іх характар, адбываецца псіхічнае развіццё. Выхаваўчыя магчымасці гульняў цяжка пераацаніць.

Асаблівае месца займаюць сюжэтна-ролевыя гульні, арганізаваныя самімі дзецьмі. У іх яны адлюстроўваюць усё тое, што бачаць вакол сябе ў жыцці і дзейнасці дарослых. У нашай установе мэтанакіраваная работа па арганізацыі сюжэтна-ролевых гульняў як сродку пазнання дзецьмі навакольнага свету вядзецца з 2011 года.

У кожнай узроставай групе вяліся назіранні, праводзілася анкетаванне бацькоў, высвятлялася, як гуляюць дзеці. Было выяўлена, што ўсё большае месца ў жыцці дашкольнікаў займаюць камп’ютарныя гульні, многія бацькі не разумеюць ролю гульняў у развіцці дзяцей, маюць цяжкасці ў гульнявых зносінах. Цікавасць да гульняў, асабліва сюжэтна-ролевых, амаль знікла. Дашкольнае дзяцінства зводзіцца толькі да падрыхтоўкі да школы. Гэта няправільна. Дарослыя павінны ствараць належныя ўмовы для развіцця сюжэтна-ролевых гульняў як у дзіцячым садзе, так і дома.

Першапачаткова быў складзены план і вызначаны напрамкі ў рабоце па гэтай тэме. З бацькамі і педагогамі прайшлі кансультацыі, семінары, віктарыны і гутаркі. Былі аформлены наглядныя матэрыялы на тэму “Гульня ў дзіцячым жыцці”, праведзена пасяджэнне педагагічнага савета, дзе разглядаліся пытанні, звязаныя з уплывам гульняў на сацыялізацыю дзяцей, развіццё іх здольнасцей і мовы.

Задача педагогаў – дапамагчы дашкольнікам пазнаць навакольнае асяроддзе і стаць яго ўдзельнікамі, няхай пакуль і гуляючы. Вясковыя дзеці змалку блізка знаёмы з працай бацькоў на падворку, агародзе і г.д. Задача мам і татаў – прывучыць дзяцей да ўдзелу ў пасільнай дамашняй працы. Гульні “Жыхары нашага двара” і “Наш падворак”, створаныя выхавальнікамі Л.М.Чатырбок, М.С.Макарчук і С.М.Волкавай, вельмі падабаюцца малышам. Яны ахвотна гуляюць у іх, прапаноўваючы новыя сюжэты і ролі.

З узростам тэматыка гульняў пашыраецца. Дзеці сярэдняй групы пад кіраўніцтвам педагога І.В.Патапчук актыўна ўдзельнічаюць у гульнявым праекце “Ад зернейка – да булачкі”.

Выхавальнікі праводзяць з дзецьмі тэматычныя гутаркі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, экскурсіі па малой радзіме. Надоўга засталіся ў памяці ўдзельнікаў мерапрыемстваў сустрэча трох пакаленняў “Мой род”, выставы творчых работ “Герб маёй сям’і”, “Дорым цяпло адно аднаму” і “Сцяжынкамі роднага краю”, выпуск часопіса “Вясёлка над родным дахам” і кнігі памяці “Вялікай Перамозе прысвячаецца”.

Малышы шмат ведаюць пра малую радзіму, лёгка арыентуюцца па карце аграгарадка Лінова, створанай педагогамі, ведаюць мясцовыя прадпрыемствы і арганізацыі. Выхавальніца С.В.Кавалевіч праводзіць цыкл пазнавальных экскурсій на тэму “Як хлеб да нас на стол прыходзіць”.

Сюжэтна-ролевы гульнявы праект “Аграгарадок Лінова” – вынік вялікай шматгадовай работы ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Мэта праекта – стварыць умовы для рэалізацыі ў гульні першапачатковых ведаў пра прадпрыемствы аграгарадка, заахвоціць дзяцей да выканання ў гульнявой форме работы дарослых, выхаваць такія важныя якасці, як дысцыплінаванасць, адказнасць, беражлівасць, узаемадапамога і інш.

Праект падтрымалі бацькі, ім зацікавіліся кіраўнікі прадпрыемстваў. Мы спадзяёмся, што ўзаемадзеянне з соцыумам, знаёмства з працай дарослых і развіццё творчай актыўнасці дзяцей будзе плённым і адыграе важную ролю ў ранняй прафарыентацыі і, магчыма, выбары будучай прафесіі, якая спадабалася яшчэ ў дзяцінстве.

Святлана ГАРДЗІЕЎСКАЯ,

загадчыца Ліноўскага ясляў-сада № 21 Пружанскага раёна.