Развіваем маналагічнае маўленне вучняў з дапамогай мультымедыйных прэзентацый

21.11.2018
- Актуальнасць выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на ўроках замежнай мовы відавочная, - гаворыць настаўніца англійскай мовы Таццяна Юр’еўна Губарэвіч з сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста. – Сучасныя вучэбныя кабінеты аснашчаюцца мультымедыйнымі дошкамі і праектарамі, якія дазваляюць паспяхова вырашаць многія адукацыйныя задачы. Паколькі сённяшнія падлеткі з камп’ютарам на “ты”, яны ўжо прызвычаіліся да яркіх малюнкаў і займальных гульняў, з-за чаго не ўспрымаюць настаўніка належным чынам, калі ў яго арсенале няма нічога, акрамя крэйды, дошкі і падручніка. Гэта патрабуе ад педагога ўдасканалення ведаў не толькі ў галіне методыкі выкладання прадмета, але і ў сферы новых тэхнічных сродкаў навучання. Выкарыстанне камп’ютара дапамагае павысіць пазнавальны інтарэс дзяцей і падштурхнуць іх да далейшага самастойнага вывучэння англійскай мовы. Мультымедыйныя прэзентацыі вырашаюць многія метадычныя пытанні, пашыраюць набор педагагічных прыёмаў у навучанні, дабаўляюць новыя формы арганізацыі вучэбнай дзейнасці.

На працягу некалькіх гадоў Т.Ю.Губарэвіч мэтанакіравана працавала над развіццём маналагічнага маўлення дзесяцікласнікаў праз мультымедыйныя прэзентацыі. Педагог вывучыла іх функцыі, распрацавала серыю ўрокаў з выкарыстаннем гэтых прэзентацый, апрабавала іх на занятках і апісала выніковасць такой работы.

- Я зразумела, што выкарыстанне мультымедыйнай прэзентацыі, дзякуючы яе мнагаканальнасці, нагляднасці, інтэгральнасці і інтэрактыўнасці, з’яўляецца эфектыўным сродкам аптымізацыі навучання замежнай мове, - адзначае настаўніца. – Мультымедыя – гэта ўзаемадзеянне візуальных і аўдыя эфектаў пад кіраваннем інтэрактыўнага праграмнага забеспячэння з выкарыстаннем сучасных тэхнічных і праграмных сродкаў, якія аб’ядноўваюць тэкст, гук, графіку, фота і відэа ў адным лічбавым уяўленні. Мультымедыйная прэзентацыя, як правіла, мае сюжэт, сцэнарый і структуру, арганізаваную для зручнага ўспрымання інфармацыі. Пры падрыхтоўцы прэзентацый прытрымліваюся дакладнага алгарытму іх стварэння, які ўключае планаванне, распрацоўку, рэпетыцыю, апрабацыю і ацэнку прэзентацыі. Акрамя таго, для забеспячэння эфектыўнасці вучэбнага працэсу неабходна выконваць шэраг умоў: пазбягаць манатоннасці, арыентавацца на развіццё мысліцельных здольнасцей дзяцей, даць магчымасць паспяхова працаваць на ўроках з прымяненнем ІКТ і моцным, і сярэднім, і слабым вучням.

Т.Ю.Губарэвіч лічыць, што любыя сродкі навучання важныя не самі па сабе, а толькі як сродкі, якія дапамагаюць засвоіць змест урока. Па-майстэрску зробленая прэзентацыя можа прыцягнуць увагу вучняў да прадмета і абудзіць цікавасць да вучобы. Але пры гэтым не варта захапляцца і злоўжываць знешнім бокам прэзентацыі, звязаным са спецэфектамі. Неабходны баланс паміж вучэбным матэрыялам і эфектамі, якія яго суправаджаюць. Сярод асноўных функцый мультымедыйнай прэзентацыі педагог асабліва вылучае камунікатыўную.

- Многія настаўнікі задаюцца пытаннем, а ці сапраўды выкарыстанне мультымедыйнай прэзентацыі на ўроках замежнай мовы эфектыўнае, - гаворыць Таццяна Юр’еўна. – Навукоўцы сцвярджаюць, што 80% інфармацыі чалавек атрымлівае з дапамогай органаў зроку, а 15% - з дапамогай органаў слыху. А паколькі прэзентацыя заўсёды наглядная, яна дазваляе рэалізаваць адзін з важнейшых прынцыпаў дыдактыкі (прынцып нагляднасці) і, такім чынам, дапамагае комплекснаму ўспрыманню і лепшаму запамінанню матэрыялу.

Т.Ю.Губарэвіч звяртаецца да прэзентацый на розных этапах урока. Так, на яго арганізацыйным этапе дэманстраваць тэму дапамагае візуальны рад. Напрыклад, для дэманстрацыі тэмы “Кланіраванне” настаўніца выкарыстоўвае постэры да фільмаў “Прыгоды Электроніка” і “Зорныя войны”. Спачатку педагог арганізоўвае з вучнямі гутарку, дзе прапаноўвае ім знайсці агульную ідэю, якая аб’ядноўвае гэтыя фільмы, і прыйсці, такім чынам, да фармулёўкі тэмы ўрока. Акрамя таго, дэманстраваць тэму дапамагаюць і словы. Так, для дэманстрацыі тэмы “Разумныя дамы” (Smart homes) настаўніца выкарыстоўвае словы smartphone і smart TV. Вучні гавораць, якія асацыяцыі ўзнікаюць у іх з гэтымі словамі, і выказваюць свае прапановы з нагоды тэмы ўрока.

Прэзентацыі добра падыходзяць і для актуалізацыі фонавых ведаў вучняў. На дапамогу прыходзіць дэманстрацыя асобных выяў. Агульнавядома, што зрокавыя вобразы актывізуюць мысленне. Так, для актуалізацыі ведаў па тэме “Нанатэхналогіі” Т.Ю.Губарэвіч змяшчае на інтэрактыўнай дошцы выяву кошыка, куды вучні “складваюць” усё, што ім вядома па гэтай тэме.

Актуалізаваць веды можна і з дапамогай незакончаных сказаў. Вучням прапаноўваецца прадоўжыць сказы, выведзеныя на інтэрактыўную дошку: “Сёння мы пагаворым пра…” (Тoday we’ll speak about…), “Я адчуваю, што…” (І feel that…), “Я заўсёды думаў, што…” (І have always thought that…), “Я дзесьці чытаў, што…” (I have read that…).

Настаўніца прымяняе прэзентацыі і пры вывучэнні новага матэрыялу. На дапамогу прыходзіць дэманстрацыя відэафрагментаў. Вучням прапаноўваецца відэафрагмент, пасля прагляду якога яны выконваюць заданні. Відэа можна падабраць так, каб яно ўздзейнічала на эмоцыі вучняў і прыцягвала іх увагу да новай тэмы.

Замацаваць новую тэму дапамагаюць зрокавыя апоры з пытанняў і выяў. Іх выкарыстанне дазваляе праграмаваць маўленчую задуму, агульны напрамак, прадметны змест і план выказвання. Акрамя таго, зрокавыя апоры садзейнічаюць лагічнай пабудове выказвання, забяспечваюць яго якасную і колькасную паўнату. Замацаваць новую тэму можна і шляхам аднаўлення тэксту ў інтэрактыўным рэжыме.

Прэзентацыі з’яўляюцца добрым памочнікам і пры выкананні заданняў навучальнага характару. Так, на ўроку па тэме “Разумныя дамы” вучні выконваюць шэраг практыкаванняў для развіцця маўленчых уменняў. Інтэрактыўныя практыкаванні, у адрозненне ад прывычных практыкаванняў на друкаванай аснове, больш эфектыўна актывізуюць пазнавальную дзейнасць вучняў і дапамагаюць лепшаму самастойнаму асэнсаванню вучэбнага матэрыялу. Так, у адным практыкаванні дзеці вызначаюць функцыі прылад у “разумным доме”, у другім – прапаноўваюць ідэі наконт функцыянавання прылад. Пасля таго як вучні прапанавалі ўсе свае варыянты, пры націсканні на выяву з’яўляецца яшчэ адзін варыянт адказу.

Прэзентацыі выкарыстоўваюцца таксама для падвядзення вынікаў урока, калі спалучаюцца тэкставая інфармацыя і выявы. Так, напрыканцы заняткаў вучням прапаноўваецца асэнсаваць вывучанае і выказаць сваё меркаванне пра іх. Школьнікі выконваюць гэта з дапамогай гатовых маўленчых клішэ, выведзеных на інтэрактыўную дошку, з дадатковай апорай у выглядзе вядомых іх лагатыпаў “падабаецца” і “не падабаецца”. На думку настаўніцы, гэта хуткі і эфектыўны спосаб для абагульнення інфармацыі і рэфлексіі.

- Падчас работы я прыйшла да высновы, што выкарыстанне мультымедыйных прэзентацый арганічна ўпісваецца ў праектную тэхналогію, у аснове якой ляжыць развіццё пазнавальных навыкаў і крытычнага мыслення вучняў, іх уменняў самастойна канструяваць свае веды і арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, - адзначае Т.Ю.Губарэвіч. – Выніковасць работы паказаў аналіз вучнёўскіх выказванняў па шэрагу крытэрыяў: ступень рэалізацыі камунікатыўнай задачы, лагічнасць і паслядоўнасць выказвання, яго завершанасць, уменне выказваць свае адносіны, выкарыстанне адэкватных звязуючых элементаў, выбар моўных і маўленчых сродкаў у адпаведнасці з тэмай, разнастайнасць моўных і маўленчых сродкаў, лексіка-граматычная і фанетычная правільнасць маўлення, бегласць маўлення, аб’ём выказвання. Назіранні засведчылі, што вучні сталі больш камунікабельнымі і актыўнымі ў выказванні ўласнага пункту погляду і вучэбнай рабоце.

Прааналізаваўшы сваю работу, настаўніца прыйшла да высновы, што выкарыстанне мультымедыйнай прэзентацыі дазваляе не толькі павысіць эфектыўнасць навучання, але і стымуляваць вучняў да далейшага самастойнага вывучэння англійскай мовы. Акрамя таго, прэзентацыя дапамагае педагогу праявіць творчасць і індывідуальнасць, зніжае інтэнсіўнасць працы выкладчыка ў час урока.

- Выкарыстанне мультымедыйных прэзентацый зусім не выключае традыцыйныя метады навучання, - заўважае Т.Ю.Губарэвіч. – Звяртаючыся да прэзентацый на ўроках, неабходна кіравацца прынцыпам мэтазгоднасці, памятаючы, што прэзентацыя не мэта, а толькі адзін са спосабаў яе дасягнення.

Вопыт работы Таццяны Юр’еўны па развіцці ўменняў маналагічнага маўлення дзесяцікласнікаў шляхам выкарыстання мультымедыйных прэзентацый на ўроках англійскай мовы быў прэзентаваны на школьным метадычным форуме “Інавацыйная і эксперыментальная работа”, педагагічным савеце школы і гарадскім вучэбна-метадычным семінары “Школа педагагічнага вопыту”. Настаўніца правяла адкрытыя ўрокі ў рамках метадычнага тыдня, а таксама ўрокі для вучняў Беларусі і Германіі ў рамках праграмы супрацоўніцтва брэсцкай школы № 20 з Вальдорфскай школай Равенсбурга (Германія).

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.