З любоўю да народнай цацкі

21.11.2018
- Здаўна лепшым падарункам лічыўся той, што быў выраблены сваімі рукамі. Гэта магла быць гліняная падкова, збан для малака, вышыты ручнік, саламяны лапаць, драўляная раздзелачная дошка… Асаблівую цікавасць у дзяцей заўсёды выклікалі народныя цацкі з рознага матэрыялу: свісцёлкі, лялькі-абярэгі, шумавыя музычныя цацкі і інш. Самаробныя цацкі прыцягваюць сучасных хлопчыкаў і дзяўчынак прастатой, душэўнасцю і непаўторнасцю. Гуляючы з імі, дзеці далучаюцца да культуры свайго народа і яго традыцый, развіваюцца ў эмацыянальным плане. На жаль, у дашкольных установах народная цацка выкарыстоўваецца пераважна як упрыгажэнне і ўзор на занятках, а не як гульнявы атрыбут. Таму педагогі нашага дзіцячага сада вырашылі развіваць цікавасць выхаванцаў да народнай цацкі як сімвалу нацыянальнай культуры і актыўна прымяняць яе ў гульнявой дзейнасці, - расказвае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 19 Кобрына Г.І.Давідзюк.

На працягу двух гадоў творчая група выхавальнікаў рэалізоўвала адукацыйны праект “Народная цацка як сродак фарміравання грамадзянскіх і патрыятычных пачуццяў у дашкольнікаў”. Педагогі распрацавалі перспектыўныя планы па азнаямленні дзяцей з народнымі цацкамі і беларускім народным дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, правялі цыклы пазнавальных заняткаў з малышамі, сумесныя святы з іх бацькамі, семінары-практыкумы для педагогаў, майстар-класы для выхавальнікаў і бацькоў, арганізавалі выставы дзіцячых работ.

- Рэалізацыя праекта суправаджалася цікавымі і карыснымі мерапрыемствамі для дзяцей: гульнямі, казкамі, гутаркамі, забавамі, экскурсіямі ў мастацкія майстэрні горада, - гаворыць Г.І.Давідзюк. – Так, малышы азнаёміліся з вырабленымі з саломы і лёну фігуркамі, якія маюць збіральны вобраз, фігуркамі чалавека, птушак і жывёл, якія выконваюць рытуальную ролю, глінянымі цацкамі, драўлянымі шкатулкамі і каробачкамі. Дзеці навучыліся выкарыстоўваць падручныя матэрыялы (кавалкі тканіны, гліну, трэсачкі, цеста, саломку) і зразумелі, што для стварэння цацак зусім не абавязкова мець дарагія матэрыялы.

Педагогі ўбачылі, што народная цацка пабуджае дзяцей ствараць, фантазіраваць і даследаваць. Вялікую цікавасць у дашкольнікаў выклікаў выраб анучнай народнай лялькі. Выхавальнікі не толькі навучылі хлопчыкаў і дзяўчынак майстраваць іх, але і сфарміравалі ў малышоў уяўленні пра гісторыю ўзнікнення такой лялькі, азнаёмілі з рознымі тэхналогіямі яе вырабу, паказалі прыгажосць і багацце культурнай спадчыны народа.

- Прыемна, што да гэтай работы ўдалося далучыць не толькі дзяцей, але і іх бацькоў, - адзначае Г.І.Давідзюк. – Так, сумеснымі намаганнямі педагогаў, дзяцей, мам і татаў была арганізавана выстава, наведвальнікі якой ўбачылі вялікую сям’ю народных лялек з кароткім апісаннем гісторыі іх узнікнення і прызначэння ў жыцці: “ангелочкі” (падарунак на дзень нараджэння), “крупянічка” (сімвал ураджаю), “кувадкі” (замянялі бразготкі), “кубышка-траўніца” (абярэг ад хвароб у хаце), “зайчаня” (сябар), “дзеўка-баба” (суправаджала дзяўчынку да дарослага жыцця), “жаданніца” (для выканання жаданняў), “вяснушка” (сіла маладосці і прыгажосці), “дзесяціручка” (сімвал гаспадыні дома), “неразлучнікі” (абярэг моцнай маладой сям’і).

Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце, гульнявыя цэнтры ў кожнай групе значна папоўніліся рознымі анучнымі цацкамі, а ў цэнтры развіцця творчых здольнасцей дзяцей з’явілася рамесніцкая майстэрня, дзе выхаванцы самастойна вырабляюць з падручных матэрыялаў розныя цацкі. Акрамя таго, дзеці актыўна асвоілі фальклорныя і народныя рухавыя гульні, а таксама гульні-забавы.

- У адрас выхавальнікаў не раз гучалі словы падзякі ад мам, татаў і бабуль за адраджэнне народнай цацкі ў дзіцячым садку, - гаворыць Г.І.Давідзюк. – У выніку рукатворныя абрэзкавыя фігуркі сталі жывым сродкам зносін і збліжэння розных пакаленняў людзей. Мамы, таты, бабулі і дзядулі актыўна далучыліся да адукацыйнага праекта. Дзякуючы іх намаганням, прадметна-развіццёвае асяроддзе папоўнілася вырабамі з саломы, тканіны, лёну, бяросты, гліны, дрэва, нітак і іншых матэрыялаў. Мы ўбачылі на практыцы, што, гуляючы з народнымі цацкамі, дзеці паспяхова асвойваюць гульнявую культуру народа, якая адлюстроўвае традыцыйныя і новыя формы гульнявых дзеянняў. Дзякуючы праекту, удалося стварыць не толькі добрыя ўмовы для азнаямлення выхаванцаў з народнай культурай, але і развіць у іх пазнавальныя, камунікатыўныя і творчыя здольнасці, прыцягнуць увагу бацькоў да традыцыйнай народнай цацкі. Адным з галоўных вынікаў сумеснай дзейнасці стала стварэнне выставы “Народная цацка”, экспазіцыя якой пастаянна абнаўляецца. З матэрыяламі выставы педагогі штогод удзельнічаюць у гарадскім сямейна-забаўляльным свяце гульні і цацкі, дзе арганізоўваюць майстар-класы для гараджан па вырабе народных цацак з лёну, тканіны, саломы і нітак.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.