Праверылі фінансавыя веды

27.11.2018
На Брэстчыне вызначылі пераможцаў абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці сярод школьнікаў. Арганізатарамі спаборніцтва, якое сабрала ў сценах Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці 59 вучняў 10 – 11 класаў, выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама і галоўнае ўпраўленне Нацыянальнага банка Беларусі па Брэсцкай вобласці.

- Алімпіяда па фінансавай дасведчанасці, якая праводзіцца на Брэстчыне пяты раз, адыгрывае важную ролю ў папулярызацыі фінансавых ведаў сярод школьнікаў, павышэнні іх фінансавай культуры, развіцці інтэлектуальных і пазнавальных здольнасцей, умацаванні фінансавай дысцыпліны, набыцці практычных навыкаў у выкарыстанні фінансавых інструментаў пры планаванні бюджэту і назапашванняў, кантролі ўласных даходаў, расходаў і даўгоў, а таксама ў прафарыентацыі моладзі, - расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі. – Галоўнае ўпраўленне Нацыянальнага банка Беларусі разам з іншымі банкамі і галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама праводзяць вялікую работу па павышэнні фінансавай дасведчанасці школьнікаў. Так, у мінулым навучальным годзе ў рамках профільных факультатыўных заняткаў ва ўстановах адукацыі вобласці адбылося 760 адукацыйных мерапрыемстваў. Асобнае месца сярод іх займае алімпіяда па фінансавай дасведчанасці, у трох заключных этапах якой прадстаўнікі Брэстчыны занялі два першыя і па адным другім і трэцім месцы.

У першым этапе сёлетняй алімпіяды прынялі ўдзел больш за 3,7 тысячы вучняў з 409 устаноў адукацыі. У другім этапе – 472 старшакласнікі. Па-за конкурсам у спаборніцтве ўдзельнічалі вучні 8 – 9 класаў. Пра якасць фінансавых і эканамічных ведаў школьнікаў красамоўна сведчаць высокія балы, атрыманыя пры рашэнні тэставых заданняў. Так, па выніках другога этапу алімпіяды дзесяцікласніца Лізавета Шустоўская з ліцэя Івацэвіцкага раёна набрала максімальную колькасць балаў (97).

Удзельнікі абласнога этапу алімпіяды на працягу гадзіны адказвалі на 31 тэставае пытанне, якое тычылася сямейнага (уласнага) бюджэту, наяўных грошай, зберажэнняў, дэпазітаў, запазычанняў, лічбавага банкінгу, дзейнасці Нацыянальнага банка Беларусі і дзяржаўнай манетарнай палітыкі, страхавання, падаткаў і збораў, інвестыцый і каштоўных папер, фінансавай матэматыкі.

Дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені атрымалі адзінаццацікласнік Яраслаў Гліна з сярэдняй школы № 9 Кобрына, дзесяцікласнік Павел Буцько з гімназіі № 1 Брэста і адзінаццацікласнік Давыд Ракіцкі з сярэдняй школы № 7 Кобрына.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.