На абароне правоў і інтарэсаў педагогаў

03.12.2018
На базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава прайшоў V пленум Брэсцкага абкама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі ЦК галіновага прафсаюза і галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.

Старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза І.І.Васіленка расказаў пра работу па забеспячэнні працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў педагогаў. Так, сёння на Брэстчыне дзейнічаюць 1086 пярвічных прафсаюзных арганізацый, членамі якіх з’яўляюцца каля 68,5 тысячы работнікаў сістэмы адукацыі і студэнтаў, а таксама каля 11,7 тысячы пенсіянераў.

- Развіццё сацыяльнага партнёрства – адзін з асноўных напрамкаў прафсаюзнай дзейнасці, - адзначыў І.І.Васіленка. – Заключана пагадненне паміж галоўным упраўленнем па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкай абласной арганізацыяй галіновага прафсаюза, а таксама 19 пагадненняў паміж аддзеламі (упраўленнямі) па адукацыі рай(гар)выканкамаў і тэрытарыяльнымі прафсаюзнымі арганізацыямі. Выкананне абласнога пагаднення разглядаецца двойчы ў год на сумесных пасяджэннях калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама і прэзідыума абкама галіновага прафсаюза. У адпаведнасці з планам сумеснай работы праводзяцца дні сацыяльнага партнёрства, арганізоўваюцца гарачыя лініі па пытаннях аховы працы і бяспекі адукацыйнага працэсу і прамыя лініі па пытаннях выканання працоўнага заканадаўства.

Сёння каля 54,5 тысячы работнікаў адукацыйнай галіны Брэстчыны (амаль 92% ад іх агульнай колькасці) працуюць па кантрактнай форме найму: амаль 45% маюць кантракты на 5 гадоў, каля 5% - на 4, каля 18% - на 3, каля 13% - на 2, каля 18% - на 1. Амаль усе работнікі, якія працуюць па кантрактах, маюць дадатковы адпачынак (каля 58% - 2 дні, каля 40% - 3 – 5) і павышаную тарыфную стаўку (каля 50% - ад 10% да 30%, каля 48% - ад 30% да 50%).

Вялікая ўвага ўдзяляецца грамадскаму кантролю за выкананнем працоўнага заканадаўства. Так, у першым паўгоддзі бягучага года была вывучана работа 168 устаноў адукацыі і іх прафкамаў. Выяўлены 740 парушэнняў працоўнага заканадаўства, з якіх 551 устаранены. З боку абласной прафсаюзнай арганізацыі даваліся кансультацыі па пытаннях кантрактнай формы найму, прыёму і звальнення з работы, працягласці працоўных і сацыяльных адпачынкаў, прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці, размеркавання педагагічнай нагрузкі і пенсіённага страхавання. Акрамя таго, вывучаліся арганізацыя калектыўна-дагаворных адносін, лакальныя нарматыўныя прававыя акты, парадак прыёму і звальнення з работы, своечасовасць выплаты сярэдняга заробку за час працоўнага адпачынку і разліку пры звальненні, выплата камандзіровачных расходаў, прымяненне кантрактнай формы найму, вядзенне кадравай і арганізацыйна-распараджальнай дакументацыі.

Па словах І.І.Васіленкі, асноўныя парушэнні працоўных правоў з боку наймальнікаў тычацца прыёму і звальнення работнікаў, ігнаравання льгот і гарантый маладым спецыялістам, парадку прадастаўлення і працягласці працоўных і сацыяльных адпачынкаў, парадку прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці і незаконнага прыцягнення да дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці. Назіраюцца недахопы ў дзейнасці камісій па працоўных спрэчках, размеркаванні вучэбнай нагрузкі, уліку і нарміраванні рэжыму рабочага часу педагогаў, уліку працоўнага стажу і стажу работы па спецыяльнасці ў галіне.

На асаблівым кантролі – работа са зваротамі грамадзян. Так, у першым паўгоддзі бягучага года ў абласную прафсаюзную арганізацыю паступілі 2846 зваротаў, пераважна пісьмовых і вусных. Найбольшая колькасць зваротаў тычылася прававых пытанняў, санаторна-курортнага абслугоўвання і адпачынку, аплаты працы, матэрыяльнай дапамогі і інш.

Ва ўстановах адукацыі ажыццяўляецца грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб ахове працы. Па выніках маніторынгаў летась былі выяўлены каля 11,5 тысячы парушэнняў ў гэтай сферы. Шмат увагі ўдзяляецца прафілактыцы вытворчага траўматызму.

- У арганізацыі бяспечных умоў працы назіраюцца пэўныя недахопы, - адзначыў І.І.Васіленка. – У шэрагу рэгіёнаў вобласці недафінансуюцца мерапрыемствы па ахове і паляпшэнні ўмоў працы, прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў. Не ў поўным аб’ёме работнікі забяспечваюцца спецадзеннем. У спартыўных залах па-ранейшаму эксплуатуецца абсталяванне без пашпартаў ці сертыфікатаў. Выяўляюцца факты, калі пацярпелыя ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

Адзін з важных напрамкаў дзейнасці – вучоба прафсаюзнага актыву. З гэтай мэтай праводзяцца тэматычныя семінары.

На Брэстчыне дзейнічае маладзёжны савет абласной прафсаюзнай арганізацыі. Моладзь актыўна ўдзельнічае ў круглых сталах, акцыях, форумах, спартыўных мерапрыемствах і інш. Лепшыя студэнты-актывісты заахвочваюцца матэрыяльна. Не застаюцца без увагі і маладыя спецыялісты. Сёлета ва ўстановы адукацыі вобласці прыйшоў 1291 малады педагог. 375 з іх здымаюць жыллё, 85 забяспечаны інтэрнатам. У Брэсце, Баранавічах і Лунінецкім раёне маладым спецыялістам кампенсуюцца затраты па найме жылля ў памеры 3 базавых велічынь. У астатніх рэгіёнах – у памеры 2-х.

У вобласці пражываюць каля 13,4 тысячы ветэранаў педагагічнай працы. Сярод іх – 92 удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, 62 заслужаныя настаўнікі, 536 выдатнікаў адукацыі. Былыя работнікі адукацыйнай галіны атрымліваюць сацыяльную дапамогу ад прафсаюза, далучаюцца да яго грамадскай дзейнасці. Гэтую работу каардынуе абласны савет ветэранаў педагагічнай працы.

Важнымі напрамкамі дзейнасці прафсаюзнай арганізацыі з’яўляюцца турыстычна-экскурсійная, культурна-масавая і фізкультурна-аздараўленчая работа, а таксама санаторна-курортнае аздараўленне. Педагогі Брэстчыны – актыўныя ўдзельнікі і пераможцы прафсаюзных конкурсаў, фестываляў і спартакіяд.

Пра работу Маларыцкай раённай арганізацыі галіновага прафсаюза расказала яе старшыня Т.С.Бурштын, Брэсцкай гарадской арганізацыі – І.А.Жак, Баранавіцкай гарадской арганізацыі – С.С.Сідаровіч, Бярозаўскай раённай арганізацыі – С.Я.Фамюк.

Загадчыца аддзела сацыяльна-эканамічнай работы ЦК галіновага прафсаюза В.Р.Герасімовіч засяродзіла ўвагу на далейшым павышэнні статусу педагогаў, развіцці сацыяльнага партнёрства, маніторынгу нарматыўных прававых дакументаў, рэалізацыі прафсаюзных праектаў і мерах па паляпшэнні сацыяльна-эканамічнага, матэрыяльнага і прававога становішча работнікаў сістэмы адукацыі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.