Павышаць якасць выкладання вучэбных прадметаў

04.12.2018
На чарговым пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама разглядаліся пытанні, якія тычыліся якасці выкладання фізікі ва ўстановах адукацыі, дзейнасці ў іх папячыцельскіх саветаў і бацькоўскіх камітэтаў, міжведамаснага ўзаемадзеяння па своечасовым выяўленні і эфектыўным аказанні комплекснай дапамогі дзецям ранняга ўзросту з АПФР і інш.

- Фізіка – адзін з самых складаных вучэбных прадметаў, паспяховае засваенне якога залежыць ад якаснай арганізацыі пазнавальнай дзейнасці школьнікаў, іх матывацыі і спецыфічных здольнасцей, звязаных з правядзеннем эксперыментальных даследаванняў, дэманстрацыйных і лабараторных эксперыментаў, - расказаў прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Брэсцкага абласнога ІРА М.І.Кавалевіч. – Усе ўстановы адукацыі вобласці забяспечаны настаўнікамі фізікі. Гэты прадмет выкладаюць 564 педагогі, у тым ліку 86 пенсіённага ўзросту. Іх кваліфікацыйны патэнцыял дазваляе паспяхова вырашаць многія вучэбныя задачы. Так, каля 81% настаўнікаў фізікі маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. 52,5% педагогаў працуюць па спецыяльнасці больш за 20 гадоў. У некаторых раёнах вобласці колькасць такіх настаўнікаў перавышае 60%. Амаль 13% педагогаў працуюць ад 2 да 15 гадоў, каля 9% - маладыя спецыялісты, якія, на жаль, не заўсёды маюць высокія сярэднія балы па ўніверсітэцкіх дыпломах. Павышэнню іх прафесійнай кампетэнтнасці ўдзяляецца павышаная ўвага.

Па словах М.І.Кавалевіча, толькі каля 88% устаноў адукацыі вобласці маюць асобныя кабінеты фізікі. За 5 апошніх гадоў 105 устаноў былі аснашчаны сучасным вучэбным абсталяваннем у рамках рэспубліканскай праграмы. Многія ўстановы адчуваюць дэфіцыт неабходнага лабараторнага і дэманстрацыйнага абсталявання, прыбораў і матэрыялаў.

- Педагогі актыўна выкарыстоўваюць у рабоце сучасныя методыкі, ЭСН і ІКТ, - паведаміў М.І.Кавалевіч. – Профільнае навучанне арганізоўваецца з улікам неабходных кадравых, матэрыяльна-тэхнічных і вучэбна-метадычных рэсурсаў. На павышаным узроўні фізіку вывучаюць 1720 старшакласнікаў. Вопыт некаторых настаўнікаў варты пераймання. Сярод іх – Сяргей Іванавіч Федарына з сярэдняй школы № 16 Пінска, Уладзімір Уладзіміравіч Зылевіч з Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна, Андрэй Міхайлавіч Хвалінскі з ліцэя № 1 Баранавіч і інш.

Вялікую ролю ў павышэнні майстэрства педагогаў адыгрывае сістэма бесперапыннай прафесійнай адукацыі. Настаўнікі фізікі павышаюць кваліфікацыю ў Брэсцкім абласным ІРА, дзе да лекцый і практычных заняткаў прыцягваюцца выкладчыкі БрДУ імя А.С.Пушкіна і лепшыя педагогі. У рэгіёнах практыкуюцца розныя формы метадычнай работы, у тым ліку праз шырокую сетку метадычных фарміраванняў. Але якасць работы па пашырэнні і паглыбленні тэарэтычных ведаў і ўдасканаленні практычных уменняў педагогаў патрабуе істотнага паляпшэння. Гэтага патрабуе і якасць ведаў вучняў, пра што сведчаць вынікі кантрольных работ па тэкстах абласнога ІРА (сярэдні бал – 5,9). Вынікі работ у гімназіях лепшыя, чым у школах. Аналіз работ паказвае павярхоўнае засваенне вучэбнага матэрыялу і невысокую матэматычную культуру дзяцей.

- Настаўнікі павінны вучыць школьнікаў працаваць з інфармацыяй, якая падаецца ў графічнай форме, дабівацца глыбокага разумення вучнямі фізічных з’яў, уласцівасцей і заканамернасцей, не падмяняць рашэнне задач выкананнем трэніровачных практыкаванняў у адну-дзве формулы, актыўна выкарыстоўваць у рабоце ўрокі-практыкумы, урокі-кансультацыі і ўрокі-семінары, праблемныя, даследчыя і праектныя метады навучання, - адзначыў М.І.Кавалевіч.

Выклікаюць заклапочанасць вынікі ўдзелу вучняў-“фізікаў” у канферэнцыях навукова-даследчых работ рознага ўзроўню і цэнтралізаваным тэсціраванні (сёлетні сярэдні бал – каля 32). Добрыя вынікі на ЦТ паказваюць выпускнікі ўстаноў адукацыі Баранавіч, Пінска і Ленінскага раёна Брэста, нізкія – Баранавіцкага, Брэсцкага, Камянецкага, Іванаўскага і Жабінкаўскага раёнаў. На працягу апошніх 3 гадоў пераможцамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы з’яўляюцца вучні Баранавіч, Брэста і Лунінецкага раёна.

М.І.Кавалевіч упэўнены, што на Брэстчыне ёсць рэзервы для павышэння якасці школьнай фізічнай адукацыі праз аптымізацыю адукацыйнага працэсу, паляпшэнне якасці метадычнай работы з педагогамі, больш шырокае выкарыстанне ІКТ, аснашчэнне кабінетаў фізікі сучасным вучэбным абсталяваннем.

- У шэрагу рэгіёнаў вобласці адсутнічае сістэмная і мэтанакіраваная работа па паляпшэнні якасці выкладання вучэбных прадметаў, у тым ліку фізікі, - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі. – Многія кіраўнікі не надаюць вырашэнню гэтай праблемы належнай увагі, недастаткова кантралююць якасць адукацыі і не прымаюць дзейсныя захады па яе павышэнні. Неабходна выпрацаваць комплекс мер па кардынальным выпраўленні сітуацыі ў гэтай сферы, узмацніць метадычную работу з настаўнікамі ў рэгіёнах.

Намеснік начальніка аддзела агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Т.А.Чанава расказала пра дзейнасць папячыцельскіх саветаў і бацькоўскіх камітэтаў ва ўстановах адукацыі:

- У папячыцельскія саветы ўваходзяць не толькі бацькі вучняў і педагогі, але і прадстаўнікі прадпрыемстваў і грамадскіх арганізацый. Так, у склад папячыцельскага савета Мотальскага дзіцячага сада Іванаўскага раёна ўваходзяць старшыня Мотальскага сельвыканкама, намеснік старшыні ААТ “Агра-Моталь” і бухгалтар СФГ “Шыкалаеўская”. Фінансавыя сродкі фарміруюцца з добраахвотных узносаў, якія залічваюцца на бягучыя рахункі ўстаноў адукацыі і ідуць на ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы і інш. Ажыццяўляецца кантроль за мэтавым выкарыстаннем гэтых сродкаў. Інфармацыя пра дзейнасць папячыцельскіх саветаў размяшчаецца на сайтах устаноў адукацыі.

Па словах Т.А.Чанавай, у дзейнасці папячыцельскіх саветаў і бацькоўскіх камітэтаў асобных устаноў адукацыі сустракаюцца парушэнні, звязаныя з добраахвотным фарміраваннем сродкаў і зборам наяўных грошай для патрэб класаў. Пра гэта сведчаць шматлікія звароты бацькоў школьнікаў і дашкольнікаў. Так, сёлета ў галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама паступілі 18 зваротаў наконт прымусовага збору грашовых сродкаў ва ўстановах адукацыі, у рай(гар)аддзелы па адукацыі – 13.

- Дзейнасць папячыцельскіх саветаў і бацькоўскіх камітэтаў павінна выбудоўвацца такім чынам, каб у бацькоў не ўзнікалі пытанні аб неправамерным збіранні грашовых сродкаў і іх нямэтавым расходаванні, - падкрэсліў Ю.М.Прасмыцкі. – Аналіз зваротаў паказвае, што бацькі ў большасці выпадкаў незадаволены неабгрунтаваным прымушэннем да здачы фінансавых сродкаў. Такога быць не павінна! Кіраўнікі органаў кіравання адукацыяй абавязаны даваць прынцыповую ацэнку зваротам грамадзян па ўсіх фактах “пабораў”. Інфармацыя пра дзейнасць папячыцельскіх саветаў і бацькоўскіх камітэтаў павінна быць агульнадаступнай.

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама А.Ф.Жук закрануў пытанне, звязанае з важнай роляй “Настаўніцкай газеты” ў прапагандзе лепшага педагагічнага вопыту: “Выпісваць і чытаць профільнае выданне – не абавязак, а прафесійная неабходнасць”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.