У нагу з часам і на перспектыву

10.12.2018
Гэтыя словы вызначаюць дзейнасць педагогаў гімназіі № 5 Баранавіч, дзе пад кіраўніцтвам неўтаймоўнага дырэктара Таццяны Іванаўны Шастак актыўна ўкараняюць у работу ўстановы смелыя ідэі і цікавыя задумы. І дасягаюць у гэтым добрых вынікаў. “Настаўніцкая газета” папрасіла кіраўніка гімназіі расказаць пра асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу ў ёй, дасягненні і сакрэты поспеху.

- Ці ўяўлялі вы калі-небудзь, што звяжаце прафесійную дзейнасць з педагогікай і станеце кіраўніком установы адукацыі?

- У трох пакаленнях маёй сям’і былі педагогі, таму нядзіўна, што стаць настаўніцай хацела з дзяцінства. Вельмі любіла назіраць за тым, як маці, настаўніца рускай мовы і літаратуры, правярала дыктоўкі, сустракалася з вучнямі. Настаўніцкая атмасфера ў доме зачароўвала. Выбраўшы педагогіку, ні разу не пашкадавала. А з часам пераканалася, што настаўніцкая прафесія – гэта прызванне. Пра кіраўніцкія пасады ніколі не марыла. Заўсёды імкнулася быць вельмі дасведчаным педагогам. У прафесійным станаўленні прайшла ўсе прыступкі развіцця – ад настаўніцы, выкладчыцы каледжа і намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце да дырэктара гімназіі, якім працую з 2009 года.

- Без працаздольнага, высокапрафесійнага і дружнага калектыву немагчыма ўявіць паспяховую работу кіраўніка і ўстановы адукацыі ў цэлым. На каго вы абапіраецеся ў сваёй дзейнасці? 

- Каля 40% сённяшніх настаўнікаў стаялі ля вытокаў стварэння гімназіі. Усе педагогі ўстановы ідуць у нагу з часам, без чаго немагчыма паспяховае развіццё: актыўна выкарыстоўваюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, коўч- і стэм-тэхналогіі, вынікова ўдзельнічаюць у розных канферэнцыях, турнірах і конкурсах. Амаль 90% настаўнікаў з нашай дружнай каманды прафесіяналаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.

У кожнага члена педкалектыву асаблівае месца. Як кіраўнік лічу, што павінен уласным прыкладам паказваць падначаленым эфектыўны вынік сваёй дзейнасці. Ад ініцыятыўнасці кіраўніка, яго адданасці справе і зацікаўленасці ў развіцці ўстановы залежыць, якой яна будзе ў перспектыве. Калі сёння думаць, як учора, то мы згубім заўтра. Ад гэтага адштурхоўваюся ў сваёй рабоце. 

У паспяховым вырашэнні многіх задач дапамагае каманда аднадумцаў з ліку намеснікаў Маргарыты Сяргееўны Волчак, Рымы Іванаўны Леванеўскай, Алены Канстанцінаўны Емяльянчык і Ірыны Іванаўны Петручэня, а таксама 88 педагогаў. Маладыя настаўнікі, якія прыходзяць у гімназію, адразу ўключаюцца ў актыўную дзейнасць. Галоўнае – стварыць умовы для іх крэатыўнага развіцця. Так, настаўнік фізікі Андрэй Канстанцінавіч Любас, які прыйшоў у гімназію толькі ў 2014 годзе, ужо зарэкамендаваў сябе як педагог-наватар. Ён з’яўляецца аўтарам цікавых сучасных праектаў, кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Асновы робататэхнікі і радыёэлектронікі” і загадчыкам міні-смарт-тэхнапарку. Дзеці з задавальненнем наведваюць заняткі гэтага педагога.

У нашай гімназіі шмат творчых педагогаў. Пра кожнага настаўніка можна расказваць вельмі доўга. Кожны ўносіць важкі ўклад у развіццё ўстановы.

Нядаўна ў гімназіі было створана навуковае таварыства настаўнікаў “Саюз навук”, куды ўвайшлі дырэктар, намеснік па вучэбнай рабоце Алена Канстанцінаўна Емяльянчык, настаўнік фізікі Андрэй Канстанцінавіч Любас, настаўніца біялогіі Дар’я Канстанцінаўна Грышчук, настаўніца інфарматыкі Святлана Аляксандраўна Кісялёва і настаўніца англійскай мовы Аліна Віктараўна Коўтун. Група гэтых творчых педагогаў, якія валодаюць сучаснымі ведамі ў галіне нанабіятэхналогій, будзе, абапіраючыся на навуковыя распрацоўкі замежных навукоўцаў, ствараць арганічныя святлодыёдныя пласціны. Гэтая работа звязана з глыбокім вывучэннем інжынерыі, праграмавання і біялагічных працэсаў.

- Сучасная ўстанова адукацыі павінна быць канкурэнтаздольнай на рынку адукацыйных паслуг. Для гэтага трэба прапаноўваць іх спажыўцам тое, чаго няма ў іншых. Чым можа пахваліцца менавіта ваша ўстанова?

- Наша гімназія з’яўляецца адкрывальнікам і эксперыментатарам у многіх перспектыўных напрамках дзейнасці. Так, мы паспяхова ўкаранілі дыстанцыйнае навучанне, уласцівае, як вядома, установам вышэйшай адукацыі. Настаўнікі распрацоўваюць вучэбныя модулі па рускай, беларускай і англійскай мовах, гісторыі, грамадазнаўстве і геаграфіі.

Вялікая ўвага ўдзяляецца энергазберажэнню. Так, на даху гімназіі ўстаноўлены 4 (пакуль што) сонечныя батарэі, якія ўяўляюць сабой мініэлектрастанцыю, што сілкуе два класы.

Ва ўстанове актыўна развіваецца тэхнічная творчасць вучняў, якая ўключае мабільную робататэхніку, альтэрнатыўную энергетыку, 3D-мадэляванне і друк, а таксама фізічную радыёэлектроніку. На аснове гэтых напрамкаў адкрыты гімназічны SMART TehnoPark, створаны з мэтай іх бесперапыннага развіцця, прычым да экспертнага ўзроўню з перспектывай рэсурснага цэнтра. Так, мабільная робататэхніка рэалізоўваецца на аснове дзвюх апаратных платформ Lego Mindstorms Education ev3 і Arduino. 3D-прынтар дазваляе друкаваць мадэлі і запчасткі для розных праектаў. Адметна, што тэхнапарк можа быць цалкам аўтаномным за кошт уласнай сонечнай электрастанцыі. Адным з актуальных напрамкаў работы з’яўляецца асваенне штучнага інтэлекту. Педагогі і вучні працуюць над стварэннем робата-андроіда. Важна, што некаторыя гімназічныя праекты атрымалі экспертную ацэнку і заслужаныя ўзнагароды ад Камітэта па навуцы і тэхналогіях, Беларускага інавацыйнага фонду, дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі і БНТУ.

На працягу 8 гадоў гімназія з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай. Так, сёння педагогі рэалізоўваюць інававацыйны праект па ўкараненні кампетэнтнасна арыентаванай мадэлі прафарыентацыйнай работы як кампаненту мабільнай адукацыі.

Што тычыцца традыцый, то ў нашай гімназіі новыя традыцыі не замяняюць старыя, а гарманічна дапаўняюць іх, робячы жыццё больш яркім і насычаным. Так, мы пачалі праводзіць урачыстыя ганараванні дзяцей па выніках вучэбнай дзейнасці. Падчас мерапрыемства “Па працы і гонар” ніводны гімназіст, які ўнёс пэўны ўклад у развіццё ўстановы, не застаецца незаўважаным. Бацькі і дзеці заўсёды з вялікім нецярпеннем чакаюць гэтае свята.

Адной з новых традыцый стала правядзенне алімпійскіх дзён. Даволі цікава праходзяць суботнія мерапрыемствы.

Гімназія актыўна супрацоўнічае з айчыннымі УВА. Так, заключаны дамовы аб супрацоўніцтве з рознымі кафедрамі БДУ. Выкладчыкі ўніверсітэта прыязджаюць у гімназію, дзе пашыраюць веды вучняў па геаграфіі і матэматыцы. У сваю чаргу юныя аматары фізікі рэгулярна бываюць у лабараторыі фізікі БДУ. Акрамя таго, вучні два разы ў месяц па суботах наведваюць школу алімпійскага рэзерву па матэматыцы пры БДУ.

Гімназія з’яўляецца філіялам кафедры сучасных методык і тэхналогій адукацыі АПА і кафедры германскіх моў БарДУ.

- Спыніце, калі ласка, увагу на дзейнасці гімназічнага медыяцэнтра.

- Мы ўпэўнены, што навучанне – гэта не проста перадача ведаў, а найперш цікавае, насычанае і карыснае жыццё дзяцей у гімназіі. Сучасныя СМІ з’яўляюцца адным з важных спосабаў уздзеяння на свядомасць, асабліва моладзі, паколькі менавіта іх свядомасць лягчэй паддаецца як пазітыўнаму, так і негатыўнаму ўплыву.

Гімназічныя СМІ (газеты “Піянерская праўда” і “Гімназічны веснік”, тэлепраграма “Навіны гімназіі” і сайт) аб’яднаны ў медыяцэнтр, задача якога – інфармаваць удзельнікаў адукацыйнага працэсу пра дзейнасць дзіцячых аб’яднанняў і выхаваўчыя мерапрыемствы, фарміраваць у вучняў актыўную жыццёвую пазіцыю, высокія грамадзянска-патрыятычныя ідэі і маральныя каштоўнасці.

Уласнымі тэленавінамі могуць пахваліцца далёка не ўсе ўстановы адукацыі. Перадача “Навіны гімназіі” – гэта своеасаблівы тэлевізійны дзённік, які выходзіць адзін раз у чвэрць. Ён уключае некалькі пастаянных і перыядычных (актуальных для пэўнага часу) рубрык, якія рыхтуюць гімназічныя грамадскія аб’яднанні: “Піянерскі дайджэст”, “НОС” (навіны органаў самакіравання), “Карусель” (навіны з жыцця пачатковых класаў), “Вакол спорту”, “Тэрыторыя ІКС” і інш. Тэленавіны моцна ўплываюць на фарміраванне асобасных якасцей гімназістаў, выхоўваюць у іх пачуццё гонару за сваю ўстанову адукацыі, родны горад і краіну, скіроўваюць да стваральнай дзейнасці.

- Ваша гімназія вядомая высокімі дасягненнямі ў розных напрамках вучэбнай і прафесійнай дзейнасці. Раскажыце пра іх больш падрабязна.

- На рахунку нашых выхаванцаў шмат узнагарод, атрыманых па выніках розных мерапрыемстваў. Так, штогод гімназісты паспяхова ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх конкурсах “Тэхнаінтэлект”, “Энергамарафон”, “Энергія і асяроддзе пражывання”, Junior Skills і інш.

За апошнія 5 гадоў вучні атрымалі 136 дыпломаў па выніках гарадскога, 65 дыпломаў па выніках абласнога і 12 дыпломаў па выніках заключнага этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Не менш паспяхова гімназісты ўдзельнічаюць і ў навукова-практычных канферэнцыях: 65, 26 і 10 дыпломаў адпаведна. Добрыя вынікі вучні паказваюць і ў такіх міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, як “Сахараўскія чытанні” ў Санкт-Пецярбургу (5 дыпломаў), “Ламаносаўскія чытанні” ў Маскве (5 дыпломаў), “Патэнцыял” у Маскве (5 дыпломаў) і “Калмагораўскія чытанні” ў Маскве (4 дыпломы). Рэспубліканскія конкурсы “Энергамарафон” і “Энергія і асяроддзе пражывання” прынеслі вучням 12 і 15 дыпломаў адпаведна.

Прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў узнагароджаны 16 гімназістаў. На рахунку нашых вучняў 6 стабальных вынікаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па рускай і беларускай мовах, матэматыцы, фізіцы і біялогіі.

94% сёлетніх выпускнікоў паступілі ва УВА, прычым пераважна на бюджэтную форму навучання. Па выніках сёлетняга ЦТ наша гімназія заняла 1-е месца ў горадзе сярод іншых устаноў адукацыі. Мы ганарымся сваімі выпускнікамі, якія становяцца ўрачамі, настаўнікамі, кіраўнікамі і вядучымі спецыялістамі буйных кампаній.

Высокімі дасягненнямі могуць пахваліцца і педагогі. Так, па выніках мінулагодняга Міжнароднага фестывалю прафесійнага майстэрства педагогаў “Пазнанне ў сутворчасці” настаўнік фізікі Андрэй Канстанцінавіч Любас атрымаў дыплом І ступені ў намінацыі “Праектная ці даследчая дзейнасць вучняў”.

У штогадовых аглядах-конкурсах па добраўпарадкаванні гімназія займае прызавыя месцы.

Гутарыў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.