Школа будучага сацыяльнага развіцця

10.12.2018
Адна з галоўных задач дашкольнай адукацыі – ствараць умовы для паспяховай сацыялізацыі дзяцей. Дашкольны ўзрост – першапачатковы этап засваення грамадскага вопыту, набыцця неабходных сацыяльных навыкаў. Асаблівую ролю ў сацыяльным развіцці малышоў адыгрывае працоўнае выхаванне, але найбольш блізкім, даступным і цікавым відам дзейнасці для іх з’яўляецца сюжэтна-ролевая гульня. Гэта эфектыўны спосаб засваення грамадскага вопыту і зручная сацыяльная практыка, якая фарміруе важныя чалавечыя якасці.

- Асноўная крыніца сюжэтна-ролевых гульняў – навакольны свет, жыццё і дзейнасць дарослых і равеснікаў, - гаворыць загадчыца Церабяжоўскага ясляў-сада Столінскага раёна С.М.Новік. – Але сучасныя дзеці шмат часу праводзяць не адно з адным, а з тэлевізарам, лепш знаёмы з жыццём і адносінамі герояў замежных мультфільмаў, чым рэальных людзей навокал. Падчас гульняў дзеці аднаўляюць сюжэты тэлесерыялаў, а не прымяраюць прафесійныя ролі дарослых. Кумірамі дзяцей з’яўляюцца камп’ютарныя монстры з іх грубым лексічным слэнгам, агрэсіўнасцю і адмоўнай энергетыкай. Гэта негатыўна ўплывае на інтэлектуальнае, псіхічнае і эмацыянальнае развіццё дзяцей. Заўчасная даросласць, якую фарміруе сучаснае грамадства, непазбежна вядзе да пэўных праблем у навучанні ў пачатковай школе і адаптацыі сярод старэйшых дзяцей.

Сюжэтна-ролевыя гульні “Ферма” і “Медыцынскі цэнтр”, распрацаваныя С.М.Новік, пашыраюць тэматыку гульнявой дзейнасці, мадэлююць рэальныя зносіны людзей, вучаць узаемадзейнічаць адно з адным і планаваць гульнявы сюжэт, выхоўваюць павагу да людзей розных прафесій (аператара машыннага даення, бібліятэкара, урача, фармацэўта, ратавальніка, рэкламнага агента, мастака-афарміцеля, касіра, афіцыянта і інш.). Сюжэтна-ролевая гульня “Ферма” ўключае міні-гульні “ДАІ”, “Мехдвор”, “Дыспетчарская” і “Лабараторыя”, а “Медыцынскі цэнтр” – “Паліклініка”, “Аптэка”, “Хуткая дапамога”, “Служба 101”, “Бальніца”, “Рэкламнае агенцтва”, “Бібліятэка”, “Аўтазаправачная станцыя”, “Банкамат”, “Цырульня” і “Кафэ”.

- У арганізацыі гульнявой дзейнасці ў рознаўзроставай групе ёсць перавагі, якія заключаюцца ў тым, што малодшыя дзеці вучацца гуляць у старэйшых, - адзначае С.М.Новік. – У сваю чаргу старэйшыя дзеці падчас гульняў вучацца клапаціцца аб малодшых, набываюць пачуццё адказнасці за свае ўчынкі. Акрамя таго, у дзяцей фарміруюцца правільныя ўзаемаадносіны ў калектыве, самастойнасць і цікавасць да сумеснай дзейнасці. Так, дзіця старшай групы – доктар, а сярэдняй – медсястра; дзіця старшай групы – касір, сярэдняй – афіцыянт, а малодшай – наведвальнік кафэ; дзіця старшай групы – бібліятэкар, а сярэдняй і малодшай – чытачы і г.д. Важна, што дзеці малодшага ўзросту з’яўляюцца не пасіўнымі назіральнікамі, а актыўнымі ўдзельнікамі сюжэтна-ролевых гульняў. Падчас такіх гульняў вельмі часта ўзнікаюць праблемныя сітуацыі, таму дзеці актыўна задаюць розныя пытанні.

Асаблівая роля ў арганізацыі і правядзенні сюжэтна-ролевых гульняў  належыць выхавальніку, які павінен улічваць узроставыя і індывідуальныя асаблівасці дзяцей. Спачатку педагог прапаноўвае ім ролі, найбольш блізкія па змесце (ролі дарослых, з якімі яны сутыкаюцца ў штодзённым жыцці). Вельмі важна выклікаць у дзяцей гульнявы настрой і эмацыянальныя адносіны да роляў, навучыць асвойваць розныя сацыяльныя статусы. Пасля кожнай гульні выхавальнік праводзіць з малышамі гутаркі, падчас якіх цікавіцца, у што яны гулялі, кім былі і што рабілі.

- Гуляючы, дзеці праходзяць школу будучага сацыяльнага развіцця, - расказвае С.М.Новік. – Асвойваючы новыя сюжэты, сацыяльныя ролі і гульнявыя дзеянні, дзеці ўзбагачаюць гульню новым зместам, дзякуючы чаму яна застаецца для іх цікавай і надалей. Кожная наступная міні-гульня развівае папярэднюю. Уяўныя сітуацыі дазваляюць дзецям удзельнічаць у сацыяльным жыцці, прымяраць ролі дарослых, засвойваць вопыт і актыўна выкарыстоўваць яго ў жыцці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.