Бяспечныя паводзіны як лад жыцця

14.12.2018
Фарміраванне навыкаў бяспечнай жыццядзейнасці ў выхаванцаў – адзін з актуальных напрамкаў работы дашкольных устаноў. Задача педагогаў – як мага раней навучыць дзяцей правільным паводзінам у небяспечных сітуацыях, цаніць і берагчы здароўе. У яслях-садзе № 4 Ляхавіч створаны неабходныя ўмовы для гэтага.

У дашкольнай установе дзейнічаюць дзве пляцоўкі, якія з’яўляюцца практычным дапаможнікам для навучання дзяцей правілам бяспечных паводзін. Адна з іх прысвечана вывучэнню правіл дарожнага руху. Пляцоўка аснашчана імітацыйнымі дарожнымі знакамі, святлафорам, чыгуначным пераездам, заправачнай калонкай, аўтамабілем, трамваем, прыпынкам і кемпінгам. Акрамя таго, на пляцовачных дарожках нанесена разметка. Усё гэта выклікае вялікую цікавасць у дашкольнікаў падчас заняткаў і гульняў. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем гуляюць у вадзіцеляў і пешаходаў.

Другая пляцоўка, абсталяванне якой выраблена і размалявана ўласнымі рукамі, прысвечана вывучэнню правіл пажарнай бяспекі. Дзеці з радасцю арганізоўваюць на пляцоўцы сюжэтна-ролевыя гульні. Дапамагаюць выхаванцам у гэтым супрацоўнікі Ляхавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія з’яўляюцца частымі гасцямі ясляў-сада.

Педагогі спадзяюцца, што правілы бяспечных паводзін, засвоеныя змалку, абавязкова стануць ладам жыцця.

Ларыса БАБЁР,

загадчыца ясляў-сада № 4 Ляхавіч.