Ёсць сістэма – ёсць вынік

14.12.2018
У гімназіі № 1 Баранавіч назапашаны эфектыўны вопыт работы з адоранымі вучнямі ў алімпіядным руху. Дзякуючы сістэмнай дзейнасці педагогаў, іх выхаванцы паспяхова выступаюць у інтэлектуальных спаборніцтвах па розных прадметах, у тым ліку па інфарматыцы.

- Алімпіяда па інфарматыцы з’яўляецца насамрэч алімпіядай па праграмаванні, - гаворыць настаўніца інфарматыкі А.У.Федарук. – Вучэбны курс інфарматыкі падзелены на 2 часткі – карыстальніцкую і асновы алгарытмізацыі і праграмавання, на вывучэнне якіх адведзена нераўназначная колькасць гадзін. Так, з 210 гадзін, адведзеных на ўвесь курс інфарматыкі, толькі 56 гадзін прысвечаны асновам алгарытмізацыі і праграмавання, таму падрыхтаваць алімпіяднікаў на ўроках немагчыма. На дапамогу прыходзяць дадатковыя і факультатыўныя заняткі, дзе вучні з дапамогай розных алгарытмаў рашаюць задачы цэлалікавай арыфметыкі, задачы на перабор, пошук, сарціроўку і рэкурэнтныя суадносіны, камбінаторныя задачы, задачы з выкарыстаннем структур даных і задачы з тэорыі графаў, большасць з якіх не вывучаецца на ўроках увогуле. Як вядома, толькі на алімпіядзе па інфарматыцы яе ўдзельнікі рашаюць аднолькавыя задачы незалежна ад класа, таму пры падрыхтоўцы сямікласнікаў-дзевяцікласнікаў даводзіцца ўводзіць шмат матэматычных паняццяў, якія вывучаюцца ў старшых класах. Інфарматыка – адзіны прадмет, па якім не праводзіцца цэнтралізаванае тэсціраванне. У выніку многія вучні выбіраюць матэматыку, неабходную для паступлення ва УВА, а інфарматыку пакідаюць для душы. Усё гэта ўплывае на асаблівасці арганізацыі работы з алімпіяднікамі.

Сёлета настаўніца пачала займацца з пяцікласнікамі мовай праграмавання Scratch, што дапамагае развіваць логіку, алгарытмічнае, вобразнае і аналітычнае мысленне, фарміраваць навыкі сеткавай камунікацыі. Дзякуючы гэтым заняткам, педагог спадзяецца раней выяўляць вучняў, здольных да праграмавання.

- Рыхтаваць алімпіяднікаў пачынаю з 6 класа, - расказвае А.У.Федарук. – У гімназіі два настаўнікі інфарматыкі, якія займаюцца з вучнямі па чарзе. Лічу такі варыянт аптымальным, паколькі педагогі дапаўняюць адно аднаго. У пачатку навучальнага года прыходзіць шмат вучняў (сёлета іх было 18) з рознымі матывамі. Адны лічаць, што яны будуць гуляць, другіх накіравалі бацькі, якія чулі пра высокія заробкі ў ІТ-сферы і лічаць праграмаванне лёгкай дысцыплінай. І толькі невялікая колькасць дзяцей прыходзіць усвядомлена. У выніку праз два месяцы ў групе застаюцца 3 – 4 чалавекі.

Настаўніца пачынае заняткі з рашэння задач, размешчаных на сайце dl.gsu.by. Гэтыя задачы дазваляюць праверыць наяўнасць лагічнага мыслення, бо неабходна не толькі напісаць праграму і адправіць яе на сайт для тэсціравання, але і сфармуляваць умову задачы. Акрамя таго, на задачах, узятых з сайта, добра адпрацоўваць усе тыпы даных. Вучні набываюць навыкі работы з анлайн-тэсціроўшчыкам.

- Пры вывучэнні алгарытмічных канструкцый пераходжу на сайт дыстанцыйнай падрыхтоўкі па інфарматыцы informatics.msk.ru, - гаворыць А.У.Федарук. – На гэтым сайце задачы разбіты па тэмах. Акрамя таго, вельмі зручна сачыць за работай кожнага вучня. У 6 класе дзеці завяршаюць адпрацоўваць рашэнні задач з выкарыстаннем аднамерных і двухмерных масіваў. Вынікам работы з’яўляецца ўдзел у абласной алімпіядзе “Юныя”.

У 7 класе, як правіла, застаюцца вучні, якія паспяхова выступілі ў алімпіядзе “Юныя”. Гэтыя дзеці працягваюць вывучаць мову праграмавання С++, з якой знаёмяцца напрыканцы 6 класа і на занятках летняй школы.

- Для адпрацоўкі алгарытмаў звяртаюся да сайта “Школа праграміста” (acmp.ru), дзе можна адсартаваць задачы не толькі па тэмах, але і па ўзроўні складанасці, - адзначае А.У.Федарук. – Васьмікласнікі абавязкова ўдзельнічаюць у кантэкстах на сайце codeforces.com.

Педагог лічыць, што ўзаемадзеянне вучняў, іх шчырае жаданне навучыць таварышаў ці дапамагчы ім – важная ўмова паспяховага навучання ў камандзе. Сумесныя заняткі з вучнямі 6 – 11 класаў дазваляюць стварыць такую каманду. У ёй заўсёды ёсць лідары, пераважна старшакласнікі, якія не толькі разбіраюць задачы, але і тлумачаць пэўныя тэмы. З 9 класа большасць з іх вывучаецца самастойна ці з дапамогай старшых таварышаў. Да работы з вучнямі прыцягваюцца выпускнікі гімназіі з ліку былых алімпіяднікаў, якія праводзяць трэнінгі па рашэнні алімпіядных задач. Старшакласнікі ўдзельнічаюць у анлайн-спаборніцтвах, самастойна здабываюць веды ў спецыяльнай літаратуры і на сайтах па алгарытмах (e-maxx.ru, habrahabr.ru). Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы алімпіяднікаў аказваюць лекцыі старшага выкладчыка кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ А.А.Буслаўскага.

Сістэмная работа прыносіць добрыя вынікі. Так, за апошнія 3 гады гімназісты атрымалі 11 дыпломаў па выніках раённага этапу прадметнай алімпіяды і 4 – па выніках абласнога, 16 дыпломаў па выніках гарадскога этапу алімпіяды “Юныя” і 7 – па выніках абласнога.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.