Захоўваць гістарычную памяць, выхоўваць патрыётаў

17.12.2018
Падчас рабочага візіту ў Брэст, прымеркаванага да пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, міністр адукацыі І.В.Карпенка наведаў маладзёжны патрыятычны цэнтр, які знаходзіцца на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, дзе азнаёміўся з арганізацыяй ваенна-патрыятычнага выхавання школьнікаў. Кіраўніка галіновага ведамства суправаджалі намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама А.І.Вялічка і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі.

Маладзёжны патрыятычны цэнтр з’яўляецца філіялам Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці і знаходзіцца ў рэканструяваным будынку былога штаба 125-га стралковага палка, дзе абаронцы Брэсцкай крэпасці пад камандаваннем Івана Зубачова і Яфіма Фаміна трымалі абарону ў чэрвені 1941 года. Ва ўстанове размешчаны 46 месцаў для пражывання ў камфартабельных памяшканнях з натуральнай драўлянай мэбляй у стылістыцы 30 – 40-х гадоў мінулага стагоддзя, сталовая і вучэбныя класы для заняткаў ваенна-прыкладнымі відамі спорту і дапрызыўнай падрыхтоўкай. На базе цэнтра дзейнічаюць 6 аб’яднанняў па інтарэсах, дзе займаюцца юныя гістарычныя рэканструктары, пошукавікі, краязнаўцы, археолагі, аматары баявых адзінаборстваў і ваенна-тактычных гульняў. На тэрыторыі ўстановы знаходзяцца ваенныя лагеры розных эпох, лазертаг-стадыён і палявая кухня. У перспектыве плануецца пашырыць цэнтр за кошт суседніх казарм і стварыць міжнародны патрыятычны круглагадовы лагер.

Падчас азнаямленчай экскурсіі дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці В.С.Іваноў расказаў міністру адукацыі пра гісторыю стварэння цэнтра, матэрыяльна-тэхнічную базу, асаблівасці арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу і планы па далейшым развіцці.

- У цэнтры створана атмасфера гераічнага мінулага, якое выклікае ў моладзі пачуццё гонару за родную краіну і павышае цікавасць да вывучэння айчыннай гісторыі, - адзначыў В.С.Іваноў. – Вельмі прыемна, што праект рэалізаваны ў Год малой радзімы. Брэсцкая крэпасць – асаблівае месца для кожнага беларуса.

І.В.Карпенка высока ацаніў выхаваўчы патэнцыял маладзёжнага патрыятычнага цэнтра:

- Ваенна-патрыятычнае выхаванне – адзін з важных складнікаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Дзейнасць цэнтра заслугоўвае глыбокай павагі і патрабуе далейшага развіцця, паколькі адыгрывае вялікую ролю ў захаванні гістарычнай памяці для нашчадкаў, фарміраванні важных маральных якасцей і грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі не толькі Беларусі, але і іншых краін. Гэта асабліва актуальна ў сучасным свеце, калі многія гістарычныя падзеі падвяргаюцца рэвізіі.

У ходзе зацікаўленай і ажыўленай размовы абмяркоўваліся праблемы, звязаныя з дзейнасцю кадэцкіх класаў, прафарыентацыяй, павышэннем прэстыжу вайсковай службы і выхаваннем будучых абаронцаў Айчыны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота аўтара.