Ад праекта да праекта

20.12.2018
Гісторыя Малоткавіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна пачалася больш за 90 гадоў назад. За доўгі час установа адукацыі перажыла не адну рэарганізацыю, змяніла некалькі будынкаў. Гонарам школы з’яўляюцца выпускнікі, у тым ліку даволі вядомыя, і дружны педкалектыў, работу якога вызначаюць высокі прафесіяналізм, імкненне да пастаяннага самаўдасканалення і творчага пошуку

- Сёння ў нашай установе атрымліваюць веды 417 вучняў, - расказвае дырэктар Дзмітрый Святаслававіч Тарасёнак. – У дэмаграфічным плане вёска перспектыўная. Сярэдняя напаўняльнасць класаў – 19 чалавек. У адукацыйным працэсе задзейнічаны 54 педагогі, з якіх 26 – выпускнікі школы. Амаль 65% настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Педагогі з’яўляюцца дыпламантамі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду, членамі абласных творчых і раённых праблемных груп настаўнікаў-прадметнікаў, выдатнікамі адукацыі Беларусі. Сярод іх – настаўніца біялогіі Таццяна Іванаўна Гетман, настаўніца хіміі Жанна Рыгораўна Сідарэвіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры Ганна Віктараўна Стойка, настаўнік матэматыкі Пётр Аляксеевіч Рэкс. Не адстаюць ад вопытных педагогаў і маладыя калегі – настаўніца матэматыкі Наталля Мікалаеўна Грыб, настаўнік геаграфіі Аляксандр Генадзьевіч Кандрацюк і настаўніца біялогіі Алёна Аляксандраўна Нікалаевіч. Высокі кадравы патэнцыял дазваляе паспяхова вырашаць многія адукацыйныя задачы. Па выніках 2013 і 2015 гадоў установа станавілася пераможцай раённага спаборніцтва сярод сярэдніх школ Піншчыны.

У інавацыйным рэжыме

У школе ажыццяўляюцца цікавыя інавацыйныя і педагагічныя праекты. Так, на працягу 2013 – 2016 гадоў ва ўстанове рэалізоўваўся праект па ўкараненні тэхналогіі цьютарскага суправаджэння адораных вучняў як спосабу пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі. Сёння настаўнікі працуюць над праектам па ўкараненні мадэлі арганізацыйна-кіраўніцкіх умоў прафесійнага развіцця педагогаў. Інавацыйная дзейнасць надае новы імпульс у развіцці школы і павышэнні прафесіяналізму кадраў.

- Вопыт работы па цьютарскім суправаджэнні адораных вучняў выкарыстоўваецца ў іншых напрамках дзейнасці, - гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Пятроўна Ізбіцкая. – Так, у рамках праекта было наладжана сеткавае ўзамадзеянне ўстаноў адукацыі. Такое метадычнае партнёрства надзвычай карыснае, паколькі вырашае праблему іх тэрытарыяльнай аддаленасці, павышэння якасці адукацыі і кваліфікацыі педагогаў. Дзякуючы супрацоўніцтву ўдаецца аб’яднаць кадравыя і матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы для вырашэння агульных задач, у прыватнасці па арганізацыі даследчай і праектнай дзейнасці, дапрофільнай і профільнай работы. Сеткавыя зносіны будуюцца на аснове арыгінальных мадэлей блогаў настаўнікаў-прадметнікаў, аўтарскіх метадычных распрацовак і праектаў.

Цьютарскае суправаджэнне вучняў – эфектыўная форма дапрофільнай падрыхтоўкі. Так, з мэтай ранняй прафарыентацыі ў школе дзейнічаюць

прававыя класы і групы педагагічнай накіраванасці. Шэраг прадметаў вывучаецца на павышаным узроўні, прычым у розным спалучэнні: руская мова – англійская мова, беларуская мова – англійская мова, беларуская мова – хімія, англійская мова – хімія, хімія – матэматыка.

На базе Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці старшакласнікі атрымліваюць спецыяльнасць афіцыянта, а на базе школы – агародніка. У рамках шостага школьнага дня наладжана плённае супрацоўніцтва з Пінскім каледжам БрДУ імя А.С.Пушкіна, Пінскім дзяржаўным прафесійным ліцэем будаўнікоў, ПалесДУ, установамі дадатковай адукацыі і прадпрыемствамі.

З законам на “ты”

- Прававыя класы, створаныя па запытах вучняў і іх бацькоў, адыгрываюць важную ролю не толькі ў прафарыентацыйнай, але і ў выхаваўчай рабоце, у прыватнасці ў фарміраванні прававой культуры, - гаворыць В.П.Ізбіцкая. – Каля 30% вучняў 5 – 11 класаў нашай школы хацелі б звязаць прафесійную дзейнасць з праваахоўнымі органамі. Канечне, пяцікласнікі яшчэ цьмяна ўяўляюць будучую прафесію і не заклапочаны паступленнем ва УВА, але ім вельмі падабаюцца форма, дысцыпліна і павага равеснікаў. Задача педагогаў – азнаёміць з асаблівасцямі юрыдычнай адукацыі і асновамі права, у тым ліку праз профільныя і спецыялізаваныя дысцыпліны, выхаваць законапаслухмянасць, нецярпімасць да зла і несправядлівасці, сфарміраваць давер да міліцыі.

Выхаванцы прававых класаў вывучаюць факультатыўныя курсы “Мая Айчына” і “Вывучаем гуманітарнае права”, якія валодаюць вялікім выхаваўчым патэнцыялам і дапамагаюць атрымаць веды, што могуць спатрэбіцца ў будучай прафесійнай дзейнасці, прычым як у грамадзянскай, так і ў ваеннай сферы. Змест курсаў улічвае патрабаванні грамадазнаўчай падрыхтоўкі і вышэйшай школы да абітурыентаў.

Фарміраваць дзяржаўны светапогляд і законапаслухмяныя паводзіны дапамагаюць тэматычныя тыдні па гісторыі, геаграфіі і беларускай літаратуры, тыдні баявой славы і прававых ведаў, а таксама вахта памяці ля мясцовага помніка загінуўшаму воіну. Юныя правазнаўцы збіраюць матэрыялы пра мінулае роднага краю, вывучаюць гісторыю Пінскага РАУС, запісваюць у спецыяльны дзённік класа ўспаміны былых супрацоўнікаў міліцыі, удзельнічаюць у рэйдах “Чыстая тэрыторыя”, “Школа – зона, свабодная ад курэння, “Знешні выгляд”, “Парадак у мікрараёне школы” і “Унутраны распарадак школы”, прафілактычных акцыях “Моладзь за здароўе!” і “Здаровы ты – здаровая краіна!”, займаюцца валанцёрскай дзейнасцю, ствараюць сацыяльныя відэаролікі і рэкламу. З ліку вучняў прававых класаў створаны агітбрыгады “Святлафор”, “Агеньчык” і “Міратворцы”, якія ладзяць рэйды “Правілы дарожнага руху”, “Будзь уважлівы на дарозе” і “Агонь можа прывесці да бяды”. Для школьнікаў арганізоўваюцца сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, работнікамі суда, пракуратуры і РАУС, урокі мужнасці, тэматычныя гутаркі на прававую тэматыку і інш. Супрацоўнікі міліцыі – частыя госці школы, якія дапамагаюць вучням арганізаваць сацыяльную практыку, каб паспрабаваць сябе ў прафесіі.

Плануецца, што юныя правазнаўцы, якія валодаюць добрымі прававымі ведамі, будуць праводзіць сярод равеснікаў тлумачальную работу па грамадзянска-патрыятычным і прававым выхаванні, а таксама мерапрыемствы, накіраваныя на падтрыманне дысцыпліны і прафілактыку парушэнняў правапарадку.

У суЛАДдзі з сабой і светам

На высокім узроўні ў школе арганізавана выхаваўчая работа. Важную ролю ў ёй адыгрывае профільны рэсурсны цэнтр, задача якога заключаецца не толькі ў вырашэнні розных выхаваўчых праблем, але і ў павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, у тым ліку праз дзейнасць вучэбна-метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў. Педагогі вывучаюць новыя выхаваўчыя методыкі, дзеляцца эфектыўным вопытам, ствараюць міжшкольныя праекты.

- Дзякуючы сістэмнай і мэтанакіраванай рабоце з педагогамі, вучнямі і іх бацькамі, на працягу 5 гадоў адсутнічаюць правапарушэнні сярод школьнікаў, няма дзяцей на ўліку ў ІСН, - адзначае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Васільеўна Трапачка. – На працягу 8 гадоў школа з’яўляецца пераможцай раённага агляду-конкурсу “За стварэнне аптымальных умоў для развіцця і ўдасканалення адукацыі ў Пінскім раёне” (у раздзеле выхаваўчай работы). З 2015 года ва ўстанове дзейнічае бацькоўскі клуб “Разам за руку з сям’ёй”, на пасяджэннях якога абмяркоўваюцца актуальныя пытанні сямейнага выхавання. У школе паспяхова рэалізаваны шэраг цікавых выхаваўчых праектаў: Scholl StartUP (шосты школьны дзень), “Наперад у мінулае!” (у рамках Года малой радзімы), “Энергія. Маладосць. Поспех” (аздараўленчы лагер працы і адпачынку) і “Scholl village. Лета Уключана” (аздараўленчы лагер). Усе яны адзначаны ўзнагародамі па выніках розных конкурсаў.

З 2013 года школа з’яўляецца апорнай пляцоўкай па рэалізацыі праекта роўнага навучання, у рамках якога дзейнічае валанцёрская група “ЛАДьЯ”. У яе арсенале шмат цікавых форм работы не толькі з дзецьмі, але і іх бацькамі і педагогамі.

- Валанцёры займаюцца пераважна адукацыйнай дзейнасцю па прынцыпе “роўны навучае роўнага”, - расказвае трэнер-педагог валанцёраў-інструктараў педагог-псіхолаг Вольга Станіславаўна Літвінчук. – Група стваралася з мэтай развіцця ў падлеткаў актыўнай жыццёвай пазіцыі, навыкаў крытычнага мыслення, пашырэння кругагляду, прапаганды здаровага ладу жыцця, прафілактыкі рызыкоўных паводзін, фарміравання ўсвядомленых грамадзянскіх прынцыпаў. Падчас агульнашкольных, раённых і абласных прафілактычных мерапрыемстваў 27 валанцёраў расказваюць равеснікам пра негатыўны ўплыў шкодных звычак на здароўе і жыццё ў цэлым. З удзелам валанцёраў праводзяцца інфармацыйна-асветніцкія і прафілактычныя акцыі, трэнінгі па прапагандзе здаровага ладу жыцця, інтэрактыўныя гульні і квесты па развіцці камунікатыўных і лідарскіх якасцей. Валанцёры – актыўныя ўдзельнікі і пераможцы абласнога конкурсу “Моладзь – за РАЎНАдзеянне!”.

За час існавання валанцёрскай групы былі распрацаваны прафілактычныя тэматычныя модулі “Ён і яна. Роўныя і розныя”, “Усё

залежыць ад нас саміх”, “Наркаманія – шлях у нікуды”, “Камп’ютар і зносіны”, “У павуціне сацыяльных сетак”, “Асцярожна – ВІЧ!”, “Дружба”, “У палоне спакус, ці Мелодыя кахання”, “Здароўе з прыгажосцю непадзельны”, “Пра каханне і закаханасць” і інш.

Валанцёры актыўна ўдзельнічаюць у семінарах, майстар-класах і трэнінгах для падлеткаў і педагогаў раёна, а таксама ў пасяджэннях раённага клуба “Новае пакаленне”, кіраўніком якога з’яўляецца В.С.Літвінчук. Дзейнасць клуба накіравана на развіццё валанцёрскага руху ва ўстановах адукацыі Піншчыны і падтрымку добраахвотных маладзёжных ініцыятыў. У рэалізацыі прафілактычных праграм група “ЛАДьЯ” цесна супрацоўнічае з многімі школамі і валанцёрскімі групамі Брэстчыны.

З любоўю да малой радзімы

Летась у школе стартаваў праект “Наперад у мінулае!”, накіраваны на захаванне і адраджэнне традыцый малой радзімы. Праект ажыццяўляецца ў форме квест-экспедыцыі пад дэвізам “Захоўваючы мінулае – ідзем у будучыню!” і ўключае вывучэнне гісторыі, культуры і традыцый малой радзімы, сустрэчы з цікавымі людзьмі, розныя агляды, конкурсы, фестывалі, выставы, экскурсіі і экспедыцыі, узаемадзеянне з грамадскімі і культурнымі арганізацыямі аграгарадка і інш. Падчас мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнага і духоўна-маральнага напрамку вучні знаёмяцца з вытокамі культурных традыцый роднай вёскі, яе жыхарамі, майстрамі, паэтамі, народнай творчасцю, архітэктурнымі і прыроднымі помнікамі.

Квест-экспедыцыя прадугледжвае пераадоленне перашкод шляхам сумеснага пошуку, новых зносін і знаёмстваў, супрацоўніцтва і каманднай работы. Задача кожнага ўдзельніка – адшукаць як мага больш неабходнай інфармацыі для праходжання перашкод. Падчас гульні дзеці актуалізуюць і сістэматызуюць веды пра родны край. У бягучым навучальным годзе ў праекце ўдзельнічаюць вучні 5 – 8 класаў. Сабраныя матэрыялы афармляюцца ў форме мультымедыйных прэзентацый, малюнкаў, відэаролікаў і буклетаў.

Кожны месяц квест-экспедыцыі тэматычны. Кожны клас – пошукавы атрад. У пачатку года на арганізацыйным сходзе агучваюцца правілы ўдзелу ў гульні і раздаюцца маршрутныя лісты, па якіх на працягу года вучні пераадольваюць перашкоды. Для абмену інфармацыяй у сацыяльнай сетцы УКантакце створана група квест-экспедыцыі, дзе вызначаюцца тэматыка і заданні пэўнага месяца. Праект рэалізоўваецца па напрамках “Мая радзіма – аповесць часоў”, “Жывыя вытокі”, “Усё нам дарагое тут”, “Саматканы цуд”, “Слова ў пераплёце”, “Вашы лёсы вайна рыфмавала…”, “Я бачу сэрцам!” і “Ад вытокаў да сучаснасці”.

У рамках праекта праводзяцца акцыі “Мы гэтай памяці верныя”, “Дарогамі памяці”, “Ветэран жыве побач”, “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Спяшайцеся рабіць дабро”, “Наша памяць вечная”, “Мы – нашчадкі Перамогі”, “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”.

- Дзякуючы праекту павялічылася колькасць экскурсій, шматдзённых пешых і веласіпедных паходаў, істотна абнавіўся фота- і відэаархіў аграгарадка Малоткавічы. Канчатковым вынікам сур’ёзнай краязнаўчай работы ў рамках квест-экспедыцыі стануць абноўлены летапіс вёскі і

шматсерыйны фільм пра яе. У планах – новыя маршруты, якія пралягуць па гісторыка-культурным комплексе аграсядзібы Дубое непадалёк аграгарадка, - падагульняе В.В.Трапачка.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.