Якасна і прафесійна

21.12.2018
Пінкавіцкі яслі-сад Пінскага раёна – гэта маленькі астравок дзяцінства, які аб’яднаў творчых педагогаў-прафесіяналаў, шчыра ўлюбёных у сваю справу. За 45 гадоў работы адсюль выйшла не адно пакаленне выхаванцаў. Адны з іх прывялі сюды ўжо сваіх дзяцей, другія, атрымаўшы педагагічную прафесію, - працаваць.

- У нашай установе, якую наведваюць 214 дзяцей, створаны камфортныя ўмовы для атрымання якаснай дашкольнай адукацыі, - гаворыць загадчыца ясляў-сада Наталля Пятроўна Афанасьева. – Выхаваннем дзяцей займаюцца 29 педагогаў, з якіх 65% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Наш калектыў знаходзіцца ў пастаянным пошуку аптымальных шляхоў рознабаковага развіцця дашкольнікаў. Дзякуючы выдатным прафесійным і асабістым якасцям, педагогі не толькі паспяхова спраўляюцца з пастаўленымі задачамі, але і могуць павесці за сабой іншых. Мы ганарымся, што ў нас працуюць сапраўдныя майстры сваёй справы: намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Аксана Аляксандраўна Рабец, музычныя кіраўнікі Святлана Пятроўна Гузарэвіч і Ірына Вячаславаўна Казак, педагог-псіхолаг Юлія Станіславаўна Клімавец, кіраўнік фізічнага выхавання Ганна Сцяпанаўна Пасюк, настаўнікі-дэфектолагі Аксана Мікалаеўна Балук і Людміла Уладзіміраўна Куневіч, выхавальніцы Наталля Уладзіміраўна Ханавец, Юлія Анатольеўна Савіцкая, Валянціна Валер’еўна Лапшава, Таццяна Леанідаўна Перашчук, Ларыса Міхайлаўна Макаравец і многія-многія іншыя. Педагогі нястомна павышаюць прафесійнае майстэрства, актыўна ўкараняюць перадавыя тэхналогіі, апрабуюць новыя формы і метады работы з дзецьмі і бацькамі.

Адным з важных напрамкаў дзейнасці ясляў-сада з’яўляецца забеспячэнне пераемнасці з пачатковай школай. Штогод у лютым на базе ўстановы праводзіцца круглы стол з бацькамі, настаўнікамі, выхавальнікамі і іншымі спецыялістамі па пытаннях пераемнасці дашкольнай і пачатковай адукацыі. Гэта дазваляе аблегчыць далейшую адаптацыю дзяцей да вучобы, зблізіць умовы іх выхавання і развіцця.

- Педагогі цесна ўзаемадзейнічаюць з бацькамі выхаванцаў, - адзначае Н.П.Афанасьева. – Мамы і таты – актыўныя памочнікі і партнёры ў розных справах. Бацькі ахвотна ўдзельнічаюць у творчых конкурсах “Усмешка восені”, “Зімовая казка”, “Паштоўка для мамы” і іншых, рыхтуюць з выхавальнікамі відэаролікі да праектаў і конкурсаў, ствараюць прэзентацыі на тэмы “Кармушка сваімі рукамі”, “Выхадны дзень нашай сям’і”, “Сям’я і спорт”, “Мая вуліца, мая вёска, мая Радзіма”.

Вельмі запатрабавана ў бацькоў адаптацыйная пляцоўка. Гэтым летам яе паслугамі скарысталіся 32 сям’і. Падчас заняткаў дзеці з задавальненнем лепяць, гуляюць і малююць з мамамі і выхавальнікамі, кантактуюць з музычным кіраўніком, педагогам-псіхолагам і настаўнікам-дэфектолагам.

Маленькія даследчыкі

Пад кіраўніцтвам педагогаў цікаўныя чамучкі з радасцю пазнаюць навакольны свет падчас актыўнай самастойнай эксперыментальнай і пошукавай дзейнасці. Выхавальнікі дапамагаюць дзецям не толькі правесці пэўныя даследаванні, але і зрабіць іх карыснымі.

- Эксперыментаванне ажыццяўляецца ва ўсіх сферах дзіцячай дзейнасці: прыём ежы, заняткі, гульня, прагулка, сон, умыванне… - расказвае выхавальніца Святлана Пятроўна Вішнеўская. – Падчас эксперыментальнай дзейнасці выкарыстоўваюцца схемы-мадэлі, якія дазваляюць выхаванцам больш поўна і дакладна ахарактарызаваць пэўны аб’ект і з’яву, зрабіць самастойную выснову. Педагогі ўзаемадзейнічаюць з дзецьмі на роўных, што робіць іх больш адказнымі і самастойнымі. Дашкольнікі любяць займацца даследаваннямі і адчуваюць вялікую радасць ад сваіх маленькіх адкрыццяў.

С.П.Вішнеўская праводзіць з выхаванцамі эксперыменты на розныя тэмы: “Вада і яе ўласцівасці”, “Паветра вакол нас”, “Што такое гук”, “Што такое сіла”, “Як уладкавана рэчыва”, “Электрычнасць”, “Сонечная сістэма”, “Чаму плывуць аблокі” і інш. Сёння педагог працуе над праектам “Як зрабіць фарбы самастойна”.

- Дзеці высвятляюць, што ўсе прадметы, якія іх акружаюць, афарбаваны, - гаворыць С.П.Вішнеўская. – У чамучак узнікае заканамернае пытанне: “Што такое фарба і з чаго яе вырабляюць?” Тлумачу дзецям, што фарба – гэта яркае фарбавальнае рэчыва, растворанае ў чым-небудзь. Калі фарбавальнік раствораны ў вадзе – гэта акварэль, калі ў клеі – гуаш, калі ў масле – масляная фарба. Фарбы бываюць для тканіны, кніг, абутку, цацак, валос… Некаторыя фарбы нават ядомыя. Дзеці разам з бацькамі атрымлівалі фарбы ў дамашніх умовах з дапамогай ягад і харчовых фарбавальнікаў, а падчас заняткаў у групе эксперыментавалі з садавінай, агароднінай і фруктамі. Атрыманыя фарбавальныя рэчывы выкарыстоўваліся для малявання. Падчас доследаў і назіранняў дзеці атрымалі карысныя веды і прыйшлі да высновы, што фарбы можна вырабіць самастойна. У далейшым мы прадоўжым атрымліваць фарбы з іншых падручных матэрыялаў, змешваць іх і аналізаваць вынікі.

Вучаць бяспечным паводзінам змалку

З мэтай фарміравання ў дзяцей усвядомленых правіл паводзін, накіраваных на захаванне жыцця і здароўя на вуліцы, у транспарце, на прыродзе і ў побыце, пінкавіцкія педагогі распрацавалі праект “Азбука бяспекі для малышоў”.

- Задача праекта – сфарміраваць у дашкольнікаў навыкі асцярожнага абыходжання з агнём, пашырыць уяўленні пра наступствы неасцярожнага выкарыстання агню, азнаёміць дзяцей з правіламі дарожнага руху і бяспечных паводзін на вуліцы, у лесе, з незнаёмымі людзьмі, выхаваць патрэбу ў здаровым ладзе жыцця, - расказвае выхавальніца Юлія Анатольеўна Савіцкая. – Для гэтага быў складзены альбом “Азбука бяспекі для малышоў”, дзе сабраны правілы бяспекі дома, на прыродзе і дарозе ў вершах і ілюстрацыях па алфавіце. Альбом дапамагае замацаваць уяўленні дзяцей пра правілы бяспекі. Дадаткам да яго з’яўляецца дыдактычная гульня “Азбука бяспекі. Школа 7 гномаў”, якая выкарыстоўваецца ў індывідуальнай і калектыўнай рабоце з дзецьмі старшага дашкольнага ўзросту. Гульня ўяўляе сабой кола з сектарамі і стрэлкай, якая круціцца. Падчас гульні прашу дзяцей пакруціць стрэлку. З улікам таго, на якую літару яна пакажа, дашкольнікі выбіраюць картку з выявай сітуацыі па правілах бяспекі, разглядаюць яе і расказваюць, што на ёй адлюстравана. За правільныя адказы гульцы атрымліваюць фішкі. Дыдактычная гульня не толькі дапамагае дзецям замацаваць уяўленні пра правілы бяспечных паводзін, але і развівае памяць, мысленне, увагу, маўленне. “Азбука бяспекі” добра дапаўняе куток бяспекі, створаны ў групе, дзе сабраны іншыя дыдактычныя матэрыялы і атрыбуты для сюжэтна-ролевых гульняў.

Пісьму навучыць… камп’ютарная гульня

- Навучанне пісьму – даволі складаны і працаёмкі працэс, які ўключае шмат паняццяў (слова, склад, гукі, галосны, зычны, аналіз), што не сустракаюцца ў практычнай дзейнасці пяці-шасцігадовых дзяцей, - гаворыць настаўнік-дэфектолаг Людміла Уладзіміраўна Куневіч. – Навучанне пісьму будзе лёгкім, калі стане яркай, цікавай і захапляльнай справай, напоўненай жывымі вобразамі, гукамі і мелодыямі. На дапамогу прыходзяць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Камп’ютар не лае за памылкі, цярпліва чакае, пакуль карыстальнік сам выправіць недахопы. Дзякуючы гэтаму ствараецца сітуацыя поспеху, вельмі неабходная пры навучанні.

Л.У.Куневіч пры падрыхтоўцы да навучання пісьму звяртаецца да розных мультымедыйных прэзентацый з вялікім вучэбным патэнцыялам. Педагог распрацавала 15 камп’ютарных гульняў, падабраўшы для іх выканання цікавыя формы і сродкі. У гульнях выкарыстоўваюцца новыя і нязвыклыя для дзяцей прыёмы тлумачэння і замацавання матэрыялу, што павышае адвольную ўвагу дзяцей і паляпшае іх памяць. Усе гульні распрацаваны з улікам раздзелаў адукацыйнай галіны “Навучанне пісьму”: “Слова і яго значэнне”, “Складовы аналіз слова”, “Гукавы аналіз слова”, “Сказ” і “Чытанне”. Кожны з раздзелаў налічвае ад 2 да 4 гульняў.

- Падчас гульняў фармірую ўяўленні пра слова, яго значэнне і сэнс, складовую будову слова, знаёмлю ў гульнявой форме з паняццямі “гук”, “склад”, “націскны склад”, “сказ”, “галосны”, “зычны”, “цвёрды” і “мяккі”, а таксама з літарамі як знакамі для абазначэння гукаў, фармірую пачатковыя навыкі чытання, - расказвае Л.У.Куневіч. – Выкарыстоўваю інтэрактыўныя прэзентацыі, дзе дашкольнікі выконваюць цікавыя заданні навучальнага характару. У якасці ўзнагароды дзеці атрымліваюць розныя нечаканыя эфекты, якія ім вельмі падабаюцца. На экране ажываюць фігуры, словы, мадэлі. Гэта прыцягвае ўвагу дзяцей. Камп’ютарная анімацыя дазваляе ім уявіць пэўныя паняцці ў трохмернай выяве. Умелае прымяненне гукавых і відэаўставак прыносіць вялікую карысць. Дашкольнікі ўспрымаюць прадметы больш непасрэдна і эмацыянальна. Паказ інфармацыі на экране выклікае цікавасць, а гукі, рухі і анімацыя надоўга прыцягваюць увагу дзяцей. Так, з дапамогай гульні “Знайдзі лішняе” (раздзел “Гукавы аналіз слова”) фарміруюцца ўменні вылучаць зададзены гук у слове. Дзеці разглядаюць на экране карцінкі, інтанацыйна вылучаючы пэўныя гукі, выбіраюць лішнюю карцінку, у назве якой яны не сустракаюцца. Пры сістэматычным выкарыстанні гульнявых мультымедыйных прэзентацый у спалучэнні з традыцыйнымі метадамі навучання істотна павышаецца эфектыўнасць работы па развіцці маўленчых і пазнавальных здольнасцей дашкольнікаў.

Заняткі на любы густ

У Пінкавіцкім яслях-садзе лічаць, што платныя адукацыйныя паслугі не замяняюць, а пашыраюць і абагачаюць вучэбную праграму дашкольнай адукацыі, што станоўча ўплывае на развіццё выхаванцаў.

- Пры арганізацыі платных адукацыйных паслуг, якімі ўстанова займаецца больш за 11 гадоў, улічваюцца кадравыя, матэрыяльна-тэхнічныя і метадычныя рэсурсы, а таксама запыты бацькоў, - расказвае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці А.А.Рабец. – Адукацыйныя паслугі рэкламуюцца на бацькоўскіх сходах, дзе педагогі расказваюць пра розныя віды дзейнасці, паказваюць фрагменты заняткаў і інш. Сёння ў яслях-садзе дзейнічаюць музычнае аб’яднанне “Вясёлая нотка”, харэаграфічнае аб’яднанне “Непаседы” і аб’яднанне па дзіцячым фітнесе “Вясёлы мяч”. За многія гады ва ўстанове пастаўлена шмат цікавых танцаў і інсцэніровак з малышамі. Касцюмы і атрыбуты для танцаў, тэатральныя дэкарацыі вырабляюцца на высокім мастацкім і эстэтычным узроўні сваімі рукамі. Напрыканцы кожнага навучальнага года арганізоўваецца творчая справаздача для дзяцей і іх бацькоў: паказваюцца музычна-тэатралізаваныя спектаклі па матывах вядомых казак “Муха-Цакатуха”, “Кошчын дом”, “Золушка”, “Снежная каралева”, “Брэменскія музыканты”, “Кот у ботах”, “Залаты ключык”, “Дзюймовачка”, “Беласнежка і 7 гномаў” і інш. У выступленні ўключаюцца танцавальныя кампазіцыі, развучаныя на працягу года, і імправізацыі, прыдуманыя дзецьмі падчас пераўвасабленняў у казачныя вобразы.

Па коле гісторыі

Маральна-патрыятычнае выхаванне дзяцей – адзін з важных напрамкаў работы пінкавіцкіх педагогаў, якія знаёмяць іх з традыцыямі і звычаямі беларускага народа праз праектную дзейнасць. Гэта дазваляе не толькі сфарміраваць важныя каштоўнасныя арыенціры ў малышоў, але і ўдасканаліць прафесійнае майстэрства.

Выхавальнікі спецыяльнай групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення В.В.Лапшава і С.К.Ліпская, настаўнік-дэфектолаг А.М.Балук распрацавалі праект “Зямля, дзе пачаўся твой лёс”, які складаецца з выставы-экспазіцыі “Кола гісторыі”, прэзентацыі “Знакамітыя людзі роднай вёскі”, летапісу “Краявіды вёскі Пінкавічы”, фотарэпартажу бацькоў і дзяцей “Мой родны куточак”, экскурсіі па вёсцы “Родныя мясціны”, знаёмства з народным мастацтвам “Цеплыня душы ў звычайных рэчах” і інш.

Педагогі выхоўваюць нацыянальную самасвядомасць у гульнях, на занятках, у розных відах і формах дзіцячай дзейнасці і актыўнага адпачынку. Тэматычныя блокі дазваляюць засвойваць веды пра сям’ю, родны край, краіну, працу людзей. Дашкольнікі наведваюць установы культуры, сацыяльныя аб’екты, сустракаюцца з народнымі ўмельцамі, падарожнічаюць па родных мясцінах.

Сумесная работа педагогаў, іх выхаванцаў і бацькоў прыносіць плён. На іх рахунку шмат добрых і цікавых спраў, зробленых з душой.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.