Абмеркавалі актыўныя метады работы з педагогамі

21.12.2018
На базе ўстаноў адукацыі Маскоўскага раёна Брэста прайшоў абласны семінар загадчыкаў абласных (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў на тэму “Навучанне ў дзейнасці: практыка выкарыстання актыўных метадаў у рабоце з педагогамі”. Арганізатарам мерапрыемства, удзельнікі якога наведалі ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна, яслі-сад № 7 і сярэднюю школу № 1, выступіў Брэсцкі абласны ІРА.

- Сёння ў Маскоўскім раёне Брэста, дзе пражываюць каля 240 тысяч чалавек, дзейнічаюць 72 установы адукацыі, якія наведваюць амаль 27 тысяч вучняў і амаль 11 тысяч дашкольнікаў, - паведаміў начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста В.К.Шчэрба. – Дзякуючы ўзаемадзеянню з Ваеннай акадэміяй Беларусі, Інстытутам пагранічнай службы Беларусі, Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Беларусі, Акадэміяй МУС Беларусі і БДУ, ва ўстановах адукацыі адкрыты класы ваенна-патрыятычнай і прафесійнай накіраванасці, кадэцкія і мытныя класы, кадэцкі корпус. У шэрагу школ на паглыбленым узроўні вывучаюцца нямецкая і французская мовы, дзейнічаюць класы з мастацкім і тэатральным напрамкам. Некалькі ўстаноў маюць музычную і спартыўную накіраванасць.

- Адна з галоўных задач раённай метадычнай службы – стварыць умовы для змянення статусу настаўніка, перавёўшы яго з пазіцыі ўрокадаўцы на пазіцыі педагога-менеджара, педагога-метадыста, педагога-даследчыка і эксперыментатара, - расказала загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна Брэста Э.М.Дабрынец. – Ад эфектыўнасці метадычнай работы залежаць дзейнасць устаноў адукацыі, прафесіяналізм педагогаў і паспяховасць дзяцей. З мэтай павышэння метадычнай падрыхтоўкі дзейнічаюць 41 раённае вучэбна-метадычнае аб’яднанне, 14 школ маладога настаўніка, 43 творчыя і 2 праблемныя групы, 2 школы ўдасканалення педагагічнага майстэрства, школа рэзерву кіраўніцкіх кадраў, 3 клубы, 2 пастаянна дзеюючыя семінары і рэсурсны цэнтр па выхаваўчай дзейнасці. Метадысты арганізоўваюць семінары рознага ўзроўню на базе ўстаноў адукацыі, работу з маладымі спецыялістамі, абагульняюць і распаўсюджваюць эфектыўную педагагічную практыку, дапамагаюць у эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, рэалізацыі педагагічных праектаў, падрыхтоўцы творчых справаздач, правядзенні прадметных тыдняў, самаадукацыі і інш.

Ва ўстановах адукацыі раёна працуюць каля 3,8 тысячы педагогаў, з якіх 65,5% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. 3 педагогі з’яўляюцца настаўнікамі-метадыстамі: настаўніца хіміі С.С.Мелехавец і настаўніца гісторыі і грамадазнаўства С.І.Данілюк з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна, настаўніца пачатковых класаў Н.А.Ваўранчук з гімназіі № 2.

20 устаноў адукацыі займаюцца эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасцю. З мэтай развіцця інавацыйнага мыслення педагогаў, падтрымкі і распаўсюджвання эфектыўнай педагагічнай практыкі і цікавых ініцыятыў праводзіцца метадычны фестываль “Інтэлект. Інавацыі. Поспех”. Вопыт многіх педагогаў прапагандуецца ў СМІ. Сярод іх – настаўніца хіміі

С.С.Мелехавец і настаўніца англійскай мовы Н.С.Малафейчык з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна, настаўнік хіміі У.Э.Лупакоў з сярэдняй школы № 10, настаўніца англійскай мовы І.К.Ячнік і настаўніца працоўнага навучання І.Г.Мятла з сярэдняй школы № 25, настаўніца пачатковых класаў Н.А.Ваўранчук з гімназіі № 2, настаўніца пачатковых класаў Л.В.Прапушняк з сярэдняй школы № 7. Наладжана актыўнае супрацоўніцтва з прафесійнымі педагагічнымі выданнямі. Павялічваецца колькасць публікацый настаўнікаў і выхавальнікаў на іх старонках.

Дырэктар ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна В.М.Ганчарэнка прэзентавала эфектыўны вопыт па ўдасканаленні прафесіяналізму педагогаў праз актыўныя формы і метады работы, у прыватнасці праз цыкл мерапрыемстваў “Метадычны калейдаскоп”. Настаўніцы гісторыі С.Л.Зялінская і С.І.Данілюк, а таксама настаўніца біялогіі А.Я.Градоўкіна расказалі пра адукацыйныя магчымасці ліцэйскага музейна-педагагічнага комплексу ў пашырэнні метадычнага інструментарыю педагогаў.

Дырэктар сярэдняй школы № 1 М.М.Багдановіч падзялілася кіраўніцкамі сакрэтамі ў рабоце з маладымі настаўнікамі па іх замацаванні ў сістэме адукацыі і павышэнні прафесійнага ўзроўню. Метадыст раённага ВМК А.В.Філіпавец засяродзіла ўвагу на эфектыўных спосабах павышэння творчага патэнцыялу настаўнікаў замежнай мовы, у тым ліку праз супрацоўніцтва з установамі і арганізацыямі, якія патрабуюць практычнага валодання замежнай мовай. Кіраўнік раённай творчай групы “Школа пачынаючага настаўніка” настаўніца пачатковых класаў М.І.Дземідзюк з сярэдняй школы № 15 вяла гаворку пра эфектыўныя адукацыйныя падыходы ў рабоце з педагогамі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.