З разумным падыходам

26.12.2018
Выхавальнікі Мотальскага дзіцячага сада Іванаўскага раёна актыўна выкарыстоўваюць у педагагічнай дзейнасці інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і электронныя адукацыйныя рэсурсы. Так, электронныя дыдактычныя і пазнавальныя дапаможнікі з’яўляюцца адным з эфектыўных сродкаў павышэння матывацыі дашкольнікаў, індывідуалізацыі навучання, развіцця творчых здольнасцей і стварэння пазітыўнага эмацыянальнага фону адукацыйнай дзейнасці. Дзякуючы такім электронным адукацыйным рэсурсам, дзеці становяцца не проста назіральнікамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі працэсу пазнання, што дазваляе ім усвядомлена засвойваць новыя веды.

- У аснове інтэрактыўных дапаможнікаў – гульня, - расказвае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Мотальскага дзіцячага сада А.М.Калілец. – Вучэбны матэрыял у іх прадстаўлены ў яркай і захапляльнай мультымедыйнай форме. Інтэрактыўныя дапаможнікі дапамагаюць разнастаіць метадычныя формы падачы матэрыялу. Паказ інфармацыі на экране ў гульнявой форме выклікае ў дзяцей вялікую цікавасць. Выхавальнікі нашай установы выкарыстоўваюць у рабоце навучальныя электронныя гульні, створаныя сродкамі MSPowerPoint. Гэтыя гульні ўяўляюць сабой паслядоўнасць зменлівых старонак, дзе дашкольнікі выконваюць пэўныя заданні. Педагогі назапасілі багатую медыятэку электронных інтэрактыўных гульняў па такіх адукацыйных галінах вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, як “Элементарныя матэматычныя ўяўленні”, “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”, “Дзіця і прырода” і “Дзіця і грамадства”. Усе гульні аб’яднаны ў гульнявы комплекс “Вясёлыя гульні са Смяшарыкамі”. Акрамя таго, з дапамогай сродкаў MSPowerPoint створаны практыкаванні для зрокавай гімнастыкі, накіраваныя на развіццё рухальна-зрокавай каардынацыі дашкольнікаў.

Гульні з раздзела “Элементарныя матэматычныя ўяўленні” фарміруюць уменні вызначаць колькасць прадметаў і абазначаць іх адпаведнай лічбай (“Прыгоды ў чароўным лесе”), вызначаць састаў ліку з двух найменшых (“Знайдзі суседа”). Гульні з раздзела “Дзіця і прырода” (“Вясёлы цягнік”, “Поўны кошык”, “Гатуем суп з садавіны і агародніны”) развіваюць уменні суадносіць тыповых прадстаўнікоў прыроднага свету з групамі жывёл (зверы, птушкі, насякомыя) і раслін (садавіна, агародніна і фрукты), адрозніваць ядомыя і ядавітыя грыбы. Гульні з раздзела “Развіццё маўлення і культуры маўленчых зносін” фарміруюць у дзяцей уменні вызначаць словы з зададзеным гукам (“Поўны кошык”, “Чароўная яблынька”, “Знайдзі домік”), класіфікаваць прадметы па пэўнай прыкмеце, выкарыстоўваць абагульняльныя словы (“Навядзем парадак”, “Што лішняе?”), бачыць мнагазначнасць слоў (“Падбяры пару”). З дапамогай гульняў, якія адпавядаюць раздзелу “Дзіця і грамадства”, дашкольнікі знаёмяцца з рознымі прафесіямі, атрымліваюць навыкі бяспечных паводзін і энергазберажэння (“Каму гэта трэба?”, “Раздзяляй правільна”, “Бяспечныя прадметы”).

- Важна, што гэтыя гульні могуць выкарыстоўвацца не толькі ў адукацыйнай, але і ў карэкцыйнай дзейнасці настаўніка-дэфектолага, што дазваляе істотна павысіць цікавасць дзяцей, - адзначае А.М.Калілец. – Дапамагаючы казачным персанажам і выконваючы іх заданні, малышы незаўважна для сябе замацоўваюць атрыманыя ўменні, фарміруюць навыкі правільнага вымаўлення, развіваюць лексічны і граматычны бок маўлення. Падчас карэкцыйнай работы з прымяненнем электронных дыдактычных гульняў дзеці вучацца пераадольваць цяжкасці і кантраляваць сваю дзейнасць. Настаўнік-дэфектолаг выступае ў ролі партнёра, а кантралюючую функцыю бярэ на сябе камп’ютар.

Па словах А.М.Калілец, у электронных інтэрактыўных гульняў шмат пераваг. Так, гэтыя гульні ствараюць вучэбную сітуацыю ў гульнявой форме, актывізуюць зрокавую, слыхавую і маторную памяць, развіваюць адвольную ўвагу, павышаюць матывацыю дзяцей да навучання, стымулююць пазнавальную актыўнасць, фарміруюць рэфлексію, робяць заняткі прыцягальнымі і творчымі. Але трэба заўсёды памятаць, што частае выкарыстанне электронных інтэрактыўных гульняў можа нашкодзіць і прывесці да адваротнага эфекту. ІКТ не замяняюць выхавальніка, а дапаўняюць яго, прапаноўваючы эфектыўныя, але толькі дапаможныя матэрыялы. Вядучая роля ў развіцці дзяцей належыць іх равеснікам, бацькам і педагогам.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.