Сістэмны падыход да дадатковай адукацыі кіраўніцкіх кадраў
29.12.2018Супрацоўнікі вучэбна-метадычнага цэнтра кіраўніцкай дзейнасці ў адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА ствараюць умовы для фарміравання і развіцця кіраўніцкіх кампетэнцый кадраў, павышэння іх агульнакультурнага і метадычнага ўзроўню праз сістэму мерапрыемстваў. Іх задача – матываваць кіраўніцкія кадры на асваенне тэарэтычных ведаў і сучасных практычных падыходаў па забеспячэнні якасці адукацыйнага працэсу, фарміраваць інавацыйную культуру і інфармацыйную дасведчанасць кіраўнікоў, укараняць у практыку кіраўніцкай дзейнасці сучасныя ідэі і тэхналогіі, прапагандаваць эфектыўныя практыкі метадычнай работы з кіраўніцкімі кадрамі.
Пытанням павышэння кваліфікацыі педагогаў і кіраўнікоў удзяляецца вялікая ўвага. Штогод да 35% кіраўнікоў Брэстчыны павышаюць кваліфікацыю на базе АПА, Камандна-інжынернага інстытута МНС Беларусі і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У перыяд паміж павышэннем кваліфікацыі бесперапынную адукацыю кіраўнікоў забяспечвае Брэсцкі абласны ІРА праз мерапрыемствы дадатковай адукацыі, актуальнасць тэматыкі якіх вызначаецца падчас папярэдняга анкетавання.
Для начальнікаў і намеснікаў рай(гар)аддзелаў па адукацыі арганізоўваюцца выязныя абласныя семінары, падчас якіх разглядаюцца пытанні, звязаныя з дзейнасцю рэгіянальных сістэм адукацыі па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі, фарміраваннем і развіццём прафесійных кампетэнцый сучаснага кіраўніка, выкарыстаннем інфармацыйных рэсурсаў у кіраўніцкай дзейнасці, забеспячэннем здароўезберагальнага адукацыйнага працэсу на аснове міжведамаснага ўзаемадзеяння і інш. ;
Для загадчыкаў раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў ладзяцца абласныя семінары. Метадычная вучоба загадчыкаў ВМК дыферэнцыравана. Асаблівая ўвага акцэнтуецца на арганізацыі групавой метадычнай вучобы з улікам іх запытаў і аказанні аператыўнай кансультацыйнай дапамогі. Метадычная вучоба загадчыкаў ВМК без вопыту работы ўключае пытанні аналізу і планавання дзейнасці ВМК, інфармацыйна-аналітычнага суправаджэння і інш. Акрамя таго, на семінарах разглядаюцца пытанні арганізацыі і правядзення метадычных дзён ва ўстановах адукацыі, выкарыстання магчымасцей сучаснага інфармацыйнага асяроддзя і інш.
З мэтай больш цеснага ўзаемадзеяння Брэсцкага абласнога ІРА і раённых (гарадскіх) ВМК створаны абласны метадычны савет, асноўная задача якога заключаецца ў мабільным інфармацыйна-аналітычным і метадычным забеспячэнні адукацыі вобласці. У склад савета ўваходзяць, акрамя прадстаўнікоў інстытута, загадчыкі раённых (гарадскіх) ВМК, настаўнікі-метадысты, кіраўнікі метадычных фарміраванняў намеснікаў кіраўнікоў устаноў адукацыі. Пасяджэнні савета праходзяць на базе абласнога ІРА і ў выязным фармаце з мэтай вывучэння лепшага вопыту арганізацыі метадычнай работы з кадрамі. Вынікам дзейнасці савета з’яўляюцца тэматычныя метадычныя рэкамендацыі, экспертныя заключэнні па метадычных матэрыялах, адбор матэрыялаў у інстытуцкую галерэю вопыту педагогаў “Эфектыўная адукацыя Брэстчыны” і інш.
Для кіраўнікоў метадычных фарміраванняў дырэктараў (загадчыкаў) устаноў адукацыі і іх намеснікаў арганізоўваюцца навучальныя і інструктыўныя семінары, фестывалі, семінары-трэнінгі, семінары-практыкумы і інш. Дадатковая адукацыя кіраўнікоў раённых (гарадскіх) метадычных фарміраванняў дырэктараў школ і іх намеснікаў па вучэбнай рабоце накіравана на фарміраванне ключавых кіраўніцкіх кампетэнцый, неабходных для якаснай работы ўстаноў, развіццё дзелавой ініцыятывы і творчасці.
Для кіраўнікоў устаноў адукацыі праводзяцца пастаянна дзеючыя семінары, тэматычныя e-mail-семінары, e-mail-кансультацыі, вэбінары і інш. Падчас семінараў для кіраўнікоў са стажам работы да года разглядаюцца пытанні, якія тычацца нарматыўна-прававых асноў кіраўніцкай дзейнасці, кіравання педкалектывам, атэстацыі педагогаў, фарміравання і развіцця іміджу ўстановы адукацыі і інш.
Адзін з прыярытэтных напрамкаў кадравай палітыкі – стварэнне якаснага рэзерву кіраўніцкіх кадраў і арганізацыя эфектыўнай работы з ім. Высокія патрабаванні, якія прад’яўляюцца да прафесіяналізму сучасных кіраўнікоў, патрабуюць комплекснай ацэнкі прафесійна-дзелавых і асобасных якасцей кандыдатаў для рэзерву кадраў.
Падрыхтоўка рэзерву кіраўніцкіх кадраў, якая ажыццяўляецца на базе інстытута, дазваляе слухачам набываць тэарэтычныя і спецыяльныя веды па выпрацоўцы практычных уменняў і навыкаў з улікам сучасных патрабаванняў, прычым як у вочнай, так і дыстанцыйнай форме.
Арганізацыйныя формы метадычнай работы з кіраўнікамі пастаянна мяняюцца і абнаўляюцца ў залежнасці ад запытаў, наяўнага эфектыўнага вопыту практычнай дзейнасці і актыўнасці кіраўніцкіх кадраў: абагульняльныя семінары, семінары-практыкумы, майстар-класы, трэнінгі, e-mail-семінары, пастаянна дзеючыя семінары, абласныя метадычныя саветы, творчыя групы, даследчыя лабараторыі, абласныя выставы метадычнай прадукцыі і перадавога педагагічнага вопыту, навукова-практычныя e-mail-канферэнцыі, конкурсы прафесійнага майстэрства і інш. Па выніках анкетавання 96% - 99% слухачоў задаволены мерапрыемствамі, арганізаванымі інстытуцкім вучэбна-метадычным цэнтрам кіраўніцкай дзейнасці ў адукацыі.
Пры ВМЦ кіраўніцкай дзейнасці ў адукацыі працуе кансультацыйны пункт для арганізацыі інфармацыйна-метадычнага суправаджэння кіраўнікоў і наладжвання з імі зваротнай сувязі. За год супрацоўнікі цэнтра праводзяць каля 200 кансультацый (дыстанцыйных і выязных) рознай тэматыкі.
У сваёй дзейнасці ВМЦ акцэнтуе ўвагу на адукацыйным маркетынгу і прапаноўвае спецыялістам шырокі спектр навучальных курсаў, накіраваных на павышэнне прафесійнага і сацыякультурнага ўзроўню кіраўнікоў.
Сістэма павышэння кваліфікацыі, створаная ў абласным ІРА, уключае неабходныя ўмовы для самаадукацыі і ўдасканалення прафесіяналізму кіраўнікоў адукацыйнай галіны Брэстчыны.
Яніна УГЛЯНІЦА,
начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра кіраўніцкай дзейнасці
ў адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА.