З улікам уласных запытаў і рэгіянальных патрэб
29.12.2018На працягу некалькіх гадоў у ліцэі № 1 Баранавіч рэалізоўваўся інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння высокаматываваных вучняў з мэтай іх арыентацыі на спецыяльнасці, запатрабаваныя сучасным развіццём рэгіёна. Распрацаваная мадэль дазваляе старшакласнікам вызначыцца з будучай прафесіяй, якая не толькі адпавядае іх запытам, але і з’яўляецца запатрабаванай на мясцовым рынку працы.
Для вырашэння пастаўленай мэты патрабавалася стварыць арганізацыйна-кіраўніцкую мадэль суправаджэння высокаматываваных вучняў для іх арыентацыі на спецыяльнасці, запатрабаваныя сучасным развіццём рэгіёна, распрацаваць адукацыйныя маршруты прафесійнага самавызначэння дзесяцікласнікаў і сістэму псіхолага-педагагічных кансіліумаў па суправаджэнні высокаматываваных вучняў і іх арыентацыі на запатрабаваныя спецыяльнасці, выпрацаваць рэкамендацыі класным кіраўнікам па планаванні прафарыентацыйнай работы з дзесяцікласнікамі, арганізаваць сістэму ліцэйскіх семінараў, практыкумаў і лекторыяў па бесперапынным удасканаленні прафесійнага майстэрства настаўнікаў-удзельнікаў інавацыйнага праекта, а таксама даследчую работу педагогаў, накіраваную на выяўленне механізмаў забеспячэння гатоўнасці школьнікаў да вучобы ў ліцэі.
Мадэль псіхолага-педагагічнага суправаджэння высокаматываваных вучняў была распрацавана ў рамках інавацыйнай дзейнасці ліцэя і ўкаранёна ў сярэдніх школах №№ 12, 18 і 25 Баранавіч. Удзельнікамі праекта, які ажыццяўляўся на базе ліцэя, сталі яго адміністрацыя, настаўнікі-прадметнікі, класныя кіраўнікі, педагог-псіхолаг і 157 дзесяцікласнікаў. Партнёрамі праекта выступілі УВА і ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама. Для вучняў быў прадугледжаны ўдзел у алімпіядах, конкурсах, канферэнцыях, днях адкрытых дзвярэй, прафарыентацыйных экскурсіях і псіхолага-педагагічных кансультацыях, для настаўнікаў – у семінарах, вэбінарах, курсах павышэння кваліфікацыі і індывідуальных кансультацыях. Вынікам усіх мерапрыемстваў, арганізаваных у рамках узаемадзеяння ліцэя, УВА і абласнога ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, павінны былі стаць аптымальна канкрэтызаваныя індывідуальныя адукацыйныя маршруты вучняў, арыентаваныя на выбар спецыяльнасцей, якія адпавядалі б запытам старшакласнікаў і патрэбам рэгіянальнага рынку працы.
Для эфектыўнага ўкаранення мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння высокаматываваных вучняў былі створаны неабходныя кадравыя, інфармацыйна-метадычныя, псіхолага-педагагічныя і матэрыяльна-тэхнічныя ўмовы. Мадэль укаранялася ў адпаведнасці з комплексна-мэтавай праграмай і каляндарным планам інавацыйнай дзейнасці. Праграма складалася з 4 этапаў (падрыхтоўчага, праекціровачнага, практычнага і абагульняльнага), кожны з якіх уключаў пэўныя напрамкі работы для педагогаў, вучняў і іх бацькоў.
На падрыхтоўчым этапе вывучаліся нарматыўныя прававыя дакументы з мэтай асэнсавання тэорыі і практыкі інавацыйнай дзейнасці, вызначаліся кандыдатуры педагогаў-выканаўцаў праекта, праводзілася тлумачальная работа з яго ўдзельнікамі, акрэслівалася адукацыйная прастора для фарміравання груп школьнікаў, ажыццяўлялася субяседаванне з вучнямі-ўдзельнікамі праекта, абмяркоўваліся ідэі праекта з бацькамі.
На праекціровачным этапе быў зацверджаны спіс удзельнікаў інавацыйнага праекта і іх функцыянальныя абавязкі, канкрэтызаваны задачы дзейнасці і мяркуемы вынік, праведзены аналіз вынікаў папярэдняй прафарыентацыйнай работы, дыягностыка гатоўнасці і матывацыі ўсіх удзельнікаў праекта да інавацыйнай дзейнасці, арганізацыйныя сходы з бацькамі, на аснове чаго і была распрацавана мадэль псіхолага-педагагічнага суправаджэння высокаматываваных вучняў і іх арыентацыі на спецыяльнасці, запатрабаваныя сучасным развіццём рэгіёна.
На практычным этапе ажыццяўлялася ўкараненне распрацаванай мадэлі, арганізоўвалася работа настаўнікаў-даследчыкаў па тэмах мікрадаследаванняў, праводзіліся прафкансультацыі для педагогаў па вывучэнні асобы дзіцяці, дні прадметных вучэбна-метадычных аб’яднанняў з акцэнтам на прафарыентацыю, семінары, канферэнцыі, вэбінары і лекцыі на базе УВА, павышалася кваліфікацыя настаўнікаў, тэсціраваліся і анкетаваліся вучні для выяўлення прафесійнага напрамку іх далейшай дзейнасці, складаліся індывідуальныя вучэбныя планы старшакласнікаў, арганізоўваўся іх удзел у розных мерапрыемствах, навукова-практычных канферэнцыях і алімпіядах, ладзіліся сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій, УВА, прадпрыемстваў горада, раёна і вобласці, субяседаванні педагога-псіхолага з бацькамі (абмяркоўваліся вынікі псіхолага-педагагічнай дыягностыкі), ствараўся банк даных бацькоў для выкарыстання іх прафесійных магчымасцей, праводзіліся відэалекторыі для мам і татаў па прафесійным выбары дзяцей.
Паводле запыту ў абласное ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне былі вызначаны найбольш запатрабаваныя прафесіі на пэўны перыяд часу (педагог, урач, інжынер). Улік даных рэгіянальных асаблівасцей, матэрыялаў прафесійнай дыягностыкі і працэнту якасці ведаў вучняў па шэрагу прадметаў дазволілі канкрэтызаваць будучыя адукацыйныя маршруты прафесійнага самавызначэння дзесяцікласнікаў. Далей было наладжана супрацоўніцтва ліцэя з УВА Беларусі і краін СНД. На аснове заключаных дамоў пачалася мэтанакіраваная работа па прафарыентацыі вучняў у сістэме “ліцэй – УВА – запатрабаваная спецыяльнасць”. Па кожным вучэбным профілі падбіралася ўстанова вышэйшай адукацыі, якая рыхтуе спецыялістаў па прафесіі, запатрабаванай у рэгіёне, вызначаліся выкладчыкі УВА для заняткаў з дзесяцікласнікамі. Так, было наладжана супрацоўніцтва з БрДУ імя А.С.Пушкіна, БарДУ, БДПУ імя Максіма Танка, МДЛУ, БДУ, БДТУ і Інстытутам матэматыкі НАН Беларусі. Кансультант інавацыйнага праекта першы прарэктар Брэсцкага абласнога ІРА С.Р.Рачэўскі склаў праграмы даследаванняў, на аснове якіх настаўнікі-інаватары праводзілі мікрадаследаванні ў рамках сваіх прадметаў.
Падчас абагульняльнага этапу аналізаваўся назапашаны педагагічны вопыт, складаліся справаздачы ўдзельнікаў інавацыйнай дзейнасці, абагульняўся вопыт работы педагогаў.
Рэалізацыя задач інавацыйнага праекта садзейнічала аптымальнаму самавызначэнню дзесяцікласнікаў у будучай прафесіі, якая не толькі адпавядала запытам і схільнасцям асобы, але і з’яўлялася запатрабаванай на рэгіянальным рынку працы. Запланаваныя мерапрыемствы дапамаглі забяспечыць усвядомлены выбар далейшай прафесійнай дзейнасці сярод старшакласнікаў.
Настасся БІРУКОВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце;
Юлія ВАШЧЫЛКА,
настаўніца англійскай мовы ліцэя № 1 Баранавіч.
НА ЗДЫМКАХ: удзельнікі праекта Ю.А.Вашчылка, М.А.Гасціла,
Н.А.Бялевіч і Л.А.Макуць; І.А.Бондар, А.Ф.Шастак і В.Л.Кульчык.