Падарунак малой радзіме

04.01.2019
У Год малой радзімы ў Стрыгінскай сярэдняй школе Бярозаўскага раёна адкрыўся музейны пакой “Мая Бацькаўшчына”. Яго стваральніцай з’яўляецца выпускніца школы, ветэран педагагічнай працы Р.І.Якушык, якая на працягу ўсёй 34-гадовай прафесійнай дзейнасці збірала музейныя экспанаты.

Раіса Іванаўна прыйшла працаваць у родную школу старшай піянерважатай у далёкім 1972 годзе. Стаць ёй марыла з дзяцінства, калі яшчэ пяцікласніцай была прызначана важатай атрада. Дзяўчына вельмі любіла грамадскую работу, праводзіла шмат цікавых мерапрыемстваў. З яе прыходам ажывілася дзейнасць камсамольскай арганізацыі. Да сваіх абавязкаў ставілася надзвычай добрасумленна. Старшай піянерважатай адпрацавала 6 гадоў.

Пасля заканчэння філалалагічнага факультэта тагачаснага Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна Раісе Іванаўне прапанавалі пасаду арганізатара пазакласнай і пазашкольнай работы. 12 гадоў цікавай і захапляльнай дзейнасці праляцелі незаўважна. Працуючы класным кіраўніком, вялікую ўвагу ўдзяляла вывучэнню роднага краю, наведванню памятных і гістарычных мясцін Радзімы.

- Любоў да педагагічнай прафесіі і дзяцей Раіса Іванаўна пранесла праз усё жыццё, - гаворыць дырэктар Стрыгінскай сярэдняй школы Л.С.Мшар. – Ніколі не пакідала грамадскую дзейнасць. Не адзін год працавала старшынёй ІСН пры сельсавеце, старшынёй таварыства “Веды” пры мясцовым калгасе, узначальвала прафсаюзную арганізацыю школы. У працоўнай кніжцы Раісы Іванаўны шмат розных падзяк. Вынікам шматгадовых намаганняў таленавітага і неўтаймоўнага педагога стаў музейны пакой, які адыгрывае вялікую ролю ў выхаванні важных маральных якасцей і любові да роднага краю.

У музейным пакоі паказана панарама жыцця і побыту многіх пакаленняў стрыгінцаў, якая складаецца з прадметаў хатняй гаспадаркі, сельскагаспадарчых прылад працы і інш. Багатая экспазіцыя складаецца з 6 раздзелаў. Так, раздзел “Усё ў маім краі сэрцу міла” знаёміць наведвальнікаў з помнікам народнага дойлідства, мясцовай духоўнай святыняй – цэрквай Іаана Багаслова, узведзенай селянінам Васілём Круком у 1817 годзе. Раздзел паказвае майстэрства і працавітасць землякоў.

У раздзеле “Нізкі паклон вам, салдаты Вялікай Перамогі” сабраны ўспаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў партызанскага руху, вязняў фашызму і землякоў, якія прынялі першы ўдар гітлераўцаў у Брэсцкай крэпасці.

Раздзел “Варты памяці і гонару” расказвае пра ветэрана працы, былога старшыню калгаса імя С.Кірава І.С.Жолудава.

Раздзел “Доўг. Мужнасць. Боль” прысвечаны воінам-інтэрнацыяналістам. 9 ураджэнцаў Стрыгінскага сельсавета выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Некаторыя з іх узнагароджаны баявымі медалямі і ордэнамі. Імя загінуўшага земляка Пятра Казінца носіць школьная піянерская дружына.

Раздзел “Гартаючы старонкі гісторыі школы” знаёміць з этапамі развіцця ўстановы адукацыі, гісторыяй піянерскай і камсамольскай арганізацый. У кнізе “Школа жыве ў лёсах сваіх выпускнікоў” назапашваюцца матэрыялы пра колішніх вучняў, якія дасягнулі вялікіх поспехаў у прафесійнай дзейнасці. Акрамя таго, тут сабраны школьныя падручнікі 40 – 50-х гадоў мінулага стагоддзя.

- Работа па зборы музейных матэрыялаў і афармленні экспазіцыі патрабавала шмат часу і энергіі, - расказвае Р.І.Якушык. – Для вызначэння дакладных гістарычных фактаў даводзілася звязвацца з архівамі, апытваць аднавяскоўцаў, сведкаў падзей, вывучаць матэрыялы сельсавета, звяртацца да даследчыкаў і следапытаў. Вялікую дапамогу аказалі кіраўніцтва школы, калегі, рэдакцыя раённай газеты, народныя майстры Бярозаўшчыны, супрацоўнікі гісторыка-краязнаўчага музея і многія іншыя нераўнадушныя людзі. Ведаць мінулае малой радзімы вельмі важна для сваёй будучыні.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.