З карысцю для сябе і грамадства

04.01.2019
На базе Жамчужненскай і Гарадзішчанскай сярэдніх школ Баранавіцкага раёна прайшоў абласны семінар начальнікаў аддзелаў (упраўленняў) па адукацыі рай(гар)выканкамаў, прысвечаны сацыяльна значнай дзейнасці вучняў.

- Сучасная школа павінна арыентаваць дзяцей не толькі на атрыманне трывалых ведаў, але і на набыццё навыкаў сацыяльна значнай дзейнасці, якая развівае важныя маральныя якасці і прыносіць карысць грамадству, - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі.

- У Баранавіцкім раёне дзейнічаюць 43 установы адукацыі, - расказаў начальнік раённага аддзела па адукацыі С.М.Вінаград. – Школы і яслі-сады актыўна ўдзельнічаюць у інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасці. Так, у Гарадзішчанскім яслях-садзе рэалізаваны інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі гульнявой дзейнасці дашкольнікаў. У Жамчужненскім яслях-садзе ажыццяўляецца эксперыментальны праект па апрабацыі методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры ў дашкольнікаў. У Гарадзішчанскай і Вольнаўскай сярэдніх школах, Мірнаўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе рэалізоўваецца інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі рэгіянальнага адукацыйнага кластара як умовы прафесійнага самавызначэння вучняў, а ў Жамчужненскай сярэдняй школе – эксперыментальны праект па апрабацыі мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

У прафарыентацыйнай рабоце, накіраванай на падрыхтоўку выпускнікоў да атрымання найперш прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, улічваюцца запыты сучаснага рынку працы. З году ў год павялічваецца колькасць дзевяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў, якія працягваюць навучанне ва ўстановах прафесійнай адукацыі (сёлета іх было 47% і каля 66% адпаведна). Вышэйшую адукацыю атрымліваюць каля 30% выпускнікоў.

- Асаблівая ўвага ўдзяляецца арыентацыі вучняў на набыццё прафесій, запатрабаваных рэгіянальным аграпрамысловым комплексам, - заўважыў С.М.Вінаград. – Так, па выніках сёлетняй уступнай кампаніі каля 13% колішніх дзевяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў паступілі ва ўстановы адукацыі сельскагаспадарчага профілю.

У школах раёна ўкараняюцца сучасныя формы прафарыентацыі, якія падтрымліваюць прадпрымальніцкія ініцыятывы вучняў і фарміруюць у іх адпаведныя навыкі. Так, на базе шэрага ўстаноў адукацыі дзейнічаюць вучэбныя бізнес-кампаніі. Іх работа накіравана на развіццё эканамічнай адукацыі і маладзёжнага прадпрымальніцтва, атрыманне практычных навыкаў па асновах прадпрымальніцтва і эканомікі, а таксама на прафесійнае самавызначэнне школьнікаў.

У Русіноўскай сярэдняй школе працуе інтэлектуальна-творчае аб’яднанне “Школьная майстэрня інавацый”, створанае на базе кафедры педагогікі факультэта педагогікі і псіхалогіі БарДУ з мэтай папулярызацыі праектнай дзейнасці сярод студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей і вучняў, развіцця іх творчага патэнцыялу, сацыяльнай актыўнасці, навыкаў прадуктыўнага сацыяльнага ўзаемадзеяння і ўключэння ў асэнсаваную сацыяльную практыку. Работа аб’яднання павінна разнастаіць сацыяльна значную дзейнасць школьнікаў і дапамагчы атрымаць ім карысны вопыт.

- Важную ролю ў паспяховай сацыялізацыі выпускнікоў адыгрывае ўдзел у сацыяльна значнай дзейнасці розных напрамкаў, - адзначыў С.М.Вінаград. – Так, у рамках грамадзянска-патрыятычнага напрамку працуюць 10 школьных музеяў. На іх базе праходзяць урокі мужнасці і сустрэчы з ветэранамі, праводзіцца пошукавая работа. Вялікая ўвага ўдзяляецца вывучэнню гісторыі роднага краю праз экскурсіі, паходы і экспедыцыі.

Экалагічны напрамак сацыяльна значнай дзейнасці ўключае ўдзел у экалагічных акцыях, конкурсах, зборы другаснай сыравіны і азеляненні, супрацоўніцтва з Баранавіцкім лясгасам, дзейнасць школьных лясніцтваў і экалагічных гурткоў.

У рамках духоўна-маральнага напрамку рэалізоўваецца праграма супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі і праваслаўнымі прыходамі Баранавіцкага благачыння, якая дапамагае фарміраваць у вучняў талерантнасць і верацярпімасць. Арганізоўваюцца турыстычныя паходы для азнаямлення школьнікаў з гісторыяй і архітэктурай храмаў раёна, Калядныя і Пасхальныя кірмашы і інш. У шэрагу ўстаноў праводзяцца факультатывы “Біблія як помнік гісторыі і літаратуры”, “Асновы праваслаўных ведаў” і “Асновы рэлігіязнаўства”.

Важнае месца ў сацыяльна значнай дзейнасці займае валанцёрскі рух. Валанцёрскія атрады ўдзельнічаюць у грамадзянска-патрыятычных і дабрачынных акцыях, суботніках і працоўных дэсантах, тэатралізаваных паказах і дыскусіях на тэму здаровага ладу жыцця, гутарках і калектыўных творчых справах па выхаванні гуманізму і міласэрнасці, дапамагаюць састарэлым людзям, пацыентам бальніц, інвалідам і ветэранам. Так, на рахунку атрада “Данка” з Гарадзішчанскай сярэдняй школы шмат цікавых і карысных спраў. Вучні разам з ветэранамі заклалі алею памяці ў гонар Вялікай Перамогі, арганізавалі калектыўна-творчую справу “Дарогамі Вялікай Перамогі”, стварылі аўдыя- і відэаальбомы. Асабліва значнай стала акцыя “Доўг і памяць”, у рамках якой валанцёры даглядаюць воінскія пахаванні. Школьнікі цесна ўзаемадзейнічаюць з Гарадзішчанскім домам-інтэрнатам для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

- Наша ўстанова карыстаецца аўтарытэтам у пасёлку, бо дае якасныя веды, якія дазваляюць паспяхова паступаць у прэстыжныя УВА, - расказала дырэктар Жамчужненскай сярэдняй школы А.Г.Гардзей. – Вельмі важна, каб выпускнікі ўстаноў вышэйшай і прафесійнай адукацыі вярталіся на малую радзіму і замацоўваліся ў сельскай мясцовасці. У нашым пасёлку размешчана буйное сельскагаспадарчае прадпрыемства ААТ “Птушкафабрыка “Дружба”, якому патрабуюцца кваліфікаваныя спецыялісты шырокага профілю. З улікам запытаў мясцовага рынку працы намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Т.Л.Бакунец і педагог-псіхолаг А.В.Гладкая распрацавалі прафарыентацыйны праект шостага школьнага дня “Захаваем жыццё ў вёсцы!”, накіраваны на кансалідацыю намаганняў школы, ПТНУ, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, соцыуму і бацькоў вучняў на іх арыентацыю на рабочыя спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю. У 2015 годзе праект атрымаў гран-пры Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня.

У рамках праекта праводзіцца шоу-конкурс “Сям’я рабочых – гэта гучыць горда!”, які складаецца з 3 этапаў і ўяўляе сабой творчую прэзентацыю сем’яў – прадстаўнікоў рабочых сельскагаспадарчых прафесій. Падчас шоу-конкурсу “Тэатр прафесій” каманды вучняў 5 – 7 класаў ладзяць тэатралізаваны паказ, прысвечаны пэўнай рабочай прафесій. Творчыя мерапрыемствы, арганізаваныя ў цікавай форме, ствараюць умовы для прафесійнага самавызначэння вучняў з улікам рэгіянальных патрэб у кадрах.

Выпускнікі Жамчужненскай сярэдняй школы выходзяць з індывідуальнымі картамі вакансій рэгіёна, адаптаваных да іх асобасных і прафесійных кампетэнцый. Для гэтага ажыццяўляецца псіхолага-педагагічнае і медыка-фізіялагічнае суправаджэнне дзяцей, вывучаюцца іх здольнасці, інтарэсы і схільнасці.

- Пры арганізацыі прафарыентацыйнай работы мы сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасцямі, - адзначыла А.Г.Гардзей. – Многія бацькі не жадаюць арыентаваць дзяцей на атрыманне рабочых спецыяльнасцей сельскагаспадарчага профілю і добра не ўсведамляюць ролю сям’і ў прафесійным самавызначэнні. Гэтыя праблемы вырашаюцца шляхам інфармавання бацькоў пра сітуацыю на рынку працы і прафесіі, запатрабаваныя ў сучасных сацыяльна-эканамічных умовах. Педагогі імкнуцца пераканаць мам і татаў у важнасці набыцця рабочых спецыяльнасцей, неабходнасці цеснага супрацоўніцтва сям’і і школы. Акрамя таго, мы своечасова інфармуем бацькоў пра ход рэалізацыі праекта і прафарыентацыйную работу ў школе. Яе вынікі неадназначныя. Так, калі ў 2011 годзе каля 21% выпускнікоў прадоўжылі навучанне ва ўстановах адукацыі сельскагаспадарчага профілю, у 2012 годзе – каля 28%, а ў 2015 – 38%, то ў 2017 годзе – каля 14%, а ў 2018 годзе – каля 18%. Працаваць яшчэ ёсць над чым.

Сёння ў сельскай мясцовасці патрабуюцца не толькі рабочыя спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю, але і ветэрынары, аграномы, заатэхнікі. На працягу 2012 – 2015 гадоў у школе рэалізоўваўся інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі паглыбленай дыферэнцыяцыі навучання на ІІ і ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У рамках праекта быў распрацаваны алгарытм прафесійнага самавызначэння вучняў, асаблівае месца ў якім займала ўзаемадзеянне сям’і і школы.

- Адна з актуальных задач – арганізацыя эфектыўнай сістэмы выяўлення і прыцягнення ў педагагічную прафесію матываванай, інтэлектуальна і духоўна развітой моладзі з актыўнай грамадзянскай і сацыяльна значнай пазіцыяй, - лічыць А.Г.Гардзей. – Для гэтага неабходна якасная дапрофільная і профільная падрыхтоўка вучняў. Наша ўстанова з’яўляецца школай-лабараторыяй вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі, што дазваляе цесна супрацоўнічаць з БарДУ (аб’ядноўваць рэсурсы, сістэмна выкарыстоўваць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, выяўляць, падтрымліваць і вучыць высокаматываваных старшакласнікаў, арганізоўваць дапрофільную і профільную падрыхтоўку), каб своечасова фарміраваць аснову для будучых прафесійных кампетэнцый педагогаў.

З 2016 года ў школе вядзецца эксперыментальная дзейнасць па апрабацыі мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі вучняў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі для далейшага навучання ў профільных педагагічных групах. Дзеці актыўна ўдзельнічаюць у педагагічных спробах, якія арганізоўваюцца штомесяц у рамках дзён школьнага самакіравання, тыдняў важатых у пачатковых класах і інш. Асобасныя дасягненні вучняў адлюстроўваюцца ў партфоліа.

У 2018 годзе адбыўся першы выпуск вучняў, якія наведвалі педагагічную групу. 5 з 7 выпускнікоў выбралі педагагічныя спецыяльнасці ва УВА: лагапедыю, алігафрэнапедагогіку, пачатковую і дашкольную адукацыю.

Вялікую ролю ў фарміраванні лідарскіх, творчых і іншых якасцей, неабходных будучаму педагогу, адыгрывае дзейнасць БРПА і БРСМ. У 2016 годзе пярвічная арганізацыя БРСМ Жамчужненскай сярэдняй школы стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу на лепшую пярвічку сярод устаноў адукацыі.

У школе рэалізоўваецца валанцёрскі праект “Добрае сэрца”, які праз карысныя справы вучыць дзяцей міласэрнасці, фарміруе важныя маральныя якасці, навыкі зносін з людзьмі, развівае ініцыятыўнасць і талерантнасць. Клоўна- і лялькатэрапія, форум-тэатр, аквагрым – далёка не поўны пералік напрамкаў работы валанцёрскага атрада “Рука ў руцэ”.

Гарадзішчанская, Вольнаўская, Крошынская, Мірнаўская і Русіноўская сярэднія школы ўдзельнічаюць у інавацыйным праекце па ўкараненні мадэлі бесперапыннай прафесійнай арыентацыі вучняў на спецыяльнасці рэгіянальнага аграпрамысловага комплексу.

- Прафарыентацыя арганізавана сеткавым спосабам, - расказаў дырэктар Гарадзішчанскай сярэдняй школы Д.У.Якубовіч. – Акрамя школ, у праекце задзейнічаны сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, установы прафесійнай і вышэйшай адукацыі, мясцовыя органы выканаўчай улады. За час рэалізацыі праекта былі вызначаны групы вучняў, зацікаўленых у аграрных спецыяльнасцях, уведзены факультатыў “Мая прафесійная будучыня”, абсталяваны кабінеты прафарыентацыі і стэнды “Зрабі свой выбар!” для школьнікаў і іх бацькоў, створаны віртуальныя кабінеты прафарыентацыі на сайтах, арганізаваны працоўныя летнікі, складзены рэестр аграпрамысловых прадпрыемстваў Брэстчыны, вывучаны попыт на іх спецыяльнасці, класіфікаваны сельскагаспадарчыя спецыяльнасці айчынных УВА, вызначаны формы і метады арыентацыі вучняў на рабочыя спецыяльнасці, арганізаваны сустрэчы з прадстаўнікамі Навамышскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, Ляхавіцкага і Навагрудскага дзяржаўных аграрных каледжаў, Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, БарДУ, БДАТУ і Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, а таксама з кіраўніцтвам і спецыялістамі гаспадарак Баранавіцкага раёна.

У рамках праекта былі заключаны дамовы аб супрацоўніцтве і наладжана партнёрскае ўзаемадзеянне з шэрагам устаноў прафесійнай і вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю. Вынікам гэтага стала станоўчая матывацыя вучняў да атрымання прафесій тыпу “чалавек – прырода”. Так, на працягу некалькіх апошніх гадоў цікавасць да іх павялічылася з 28% да 33%.

Пры падтрымцы Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа на тэрыторыі школьнага доследнага ўчастка быў закладзены яблыневы сад, дзе выкладчыкі каледжа вучаць школьнікаў правілам догляду за дрэвамі. Для высокаматываваных вучняў арганізаваны факультатывы “Асновы садаводства” і “Асновы аграноміі”. Дзеці далучаюцца да сумеснай навукова-даследчай дзейнасці.

У Мірнаўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе прафесійнае самавызначэнне пачынаецца з дашкольнага ўзросту. Праграма ранняй прафарыентацыі дашкольнікаў уяўляе сабой сістэму ўзаемазвязаных заняткаў, накіраваных на фарміраванне ў дзяцей неабходных ведаў пра сельскую гаспадарку і яе прафесіі.

Па словах Д.У.Якубовіча, выпускнікі школ-удзельніц праекта аддаюць перавагу такім спецыяльнасцям, як вадзіцель, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, слесар па рамонце і абслугоўванні сельскагаспадарчых машын, аператар птушкафабрык і механізаваных ферм і інш. Калі ў 2015 годзе ва ўстановы адукацыі сельскагаспадарчага профілю паступілі каля 26% выпускнікоў, у 2016 годзе – каля 33%, то ў 2017 годзе – каля 44%. Радуе, што многія з іх вяртаюцца пасля атрымання прафесійнай і вышэйшай адукацыі на малую радзіму.

Па словах Д.У.Якубовіча, вопыт сеткавага ўзаемадзеяння школ даказаў сваю эфектыўнасць. Але патрэбы раёна ў працоўных рэсурсах па-ранейшаму захоўваюцца. Па даных цэнтра занятасці, сёння ў рэгіёне амаль 800 вакансій. Найбольшы попыт на спецыялістаў у сельскай і лясной гаспадарцы (каля 37%), апрацоўчай прамысловасці (каля 19%), ахове здароўя і сацыяльных паслугах (13,5%), адукацыі (каля 8%), гандлі (6%) і дзяржаўным кіраванні (каля 7%).

У бягучым навучальным годзе ў Гарадзішчанскай сярэдняй школе была створана аграрная профільная група дзесяцікласнікаў, якія наведваюць факультатыў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. Педагогі спадзяюцца, што яны выберуць адпаведныя спецыяльнасці і вернуцца працаваць на малую радзіму.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Жамчужненскай сярэдняй школы Т.Л.Бакунец засяродзіла ўвагу на духоўна-маральным выхаванні вучняў і іх сацыяльна значнай дзейнасці ў рамках праекта “Храм тваёй душы”. Педагог-арганізатар В.А.Жыхарка з гэтай жа школы вяла гаворку пра фарміраванне сацыяльных кампетэнцый дзяцей у валанцёрскай дзейнасці. Дырэктар Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Баранавіцкага раёна Ю.В.Вінаград прэзентавала работу аб’яднанняў па інтарэсах.

На выставе-прэзентацыі і майстар-класах удзельнікі семінара азнаёміліся з дзейнасцю школьных бізнес-кампаній раёна, якія дапамагаюць у сацыяльнай і прафесійнай арыентацыі вучняў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.