З цікавасцю да інфарматыкі, з павагай да працы

14.01.2019
Каля тысячы вучняў Брэстчыны прынялі ўдзел у абласным этапе сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі на базе школ і ўстаноў прафесійнай адукацыі Брэста, Баранавіч, Пінска, Кобрына і Драгічына, Брэсцкага абласнога ІРА і БрДУ імя А.С.Пушкіна.

50 вучняў 7 – 11 класаў сабраліся ў сярэдняй школе № 10 Пінска, каб на працягу некалькіх алімпіядных дзён вызначыць лепшых знаўцаў інфарматыкі.

- Спаборніцтва складалася з двух практычных тураў, на якія адводзілася па 5 гадзін, - расказаў старшыня журы алімпіяды па інфарматыцы, дацэнт кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі фізіка-матэматычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, кандыдат педагагічных навук Андрэй Андрэевіч Казінскі. – Кожны тур уключаў 4 задачы, якія патрабавалі ад удзельнікаў валодання некаторымі мовамі праграмавання і асновамі алгарытмізацыі (“Дастаўка пошты”, “Кантрольная работа”, “Тэкставы рэдактар”, “Пасланне іншапланецянам” і інш.). Для паспяховага рашэння гэтых задач неабходны веды, якія выходзяць далёка за межы школьнай праграмы. Сёлетнія задачы першага туру аказаліся для школьнікаў надзвычай цяжкімі. З імі амаль ніхто не справіўся цалкам. Тым не менш вучні паказалі даволі высокую якасць падрыхтоўкі.

На жаль, з году ў год некаторыя раёны вобласці не прадстаўлены на алімпіядзе, што сведчыць пра адсутнасць у іх сістэмнай работы ў алімпіядным руху. Прафесійны ўзровень настаўнікаў шэрага рэгіёнаў недастатковы для выніковай падрыхтоўкі алімпіяднікаў. Органы кіравання адукацыяй павінны ствараць належныя ўмовы для паўнацэннага развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу вучняў і педагогаў, каб іх здольнасці былі запатрабаваны ў роднай краіне, а не за мяжой.

Высокія вынікі ў алімпіядным руху паказваюць выхаванцы Івана Альфрэдавіча Трэгубава з сярэдняй школы № 2 Лунінца і Ірыны Юр’еўны Гарбацэвіч з гімназіі № 1 Брэста. Добра выступілі сёлета вучні сярэдняй школы № 1 Драгічына, гімназіі № 1 і сярэдняй школы № 12 Пінска, сярэдняй школы № 7 і ліцэя № 1 Баранавіч.

Дыпломы І ступені атрымалі адзінаццацікласнікі Аляксей Філіновіч з сярэдняй школы № 2 Лунінца, Раман Дземідовіч, Кірыл Шырма і Павел Кузьмук, а таксама дзесяцікласнік Уладзіслаў Алешка з гімназіі № 1 Брэста.

***

У алімпіядзе па працоўным навучанні, якая праходзіла на базе сярэдняй школы № 7 Кобрына і Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, удзельнічалі 25 юнакоў і 25 дзяўчат.

- Спаборніцтва складалася з двух тураў – практычнага і тэарэтычнага, - расказаў старшыня журы алімпіяды па працоўным навучанні (тэхнічная праца), настаўнік працоўнага навучання Георгій Кляменцьевіч Фурсевіч з Лапацінскай сярэдняй школы Пінскага раёна. – Практычны тур, на які адводзілася 4 гадзіны, прадугледжваў выраб настольнага прыбора з драўніны і металу па чарцяжы з пэўнымі канструктыўнымі зменамі на выбар. Асаблівых праблем практычны тур ва ўдзельнікаў не выклікаў, але з-за вялікай колькасці дэталей было складана сабраць прыбор у завершаным выглядзе за адведзены час. Тэарэтычны тур, на выкананне якога адводзілася 3 гадзіны, складаўся з тэставых пытанняў, што тычыліся розных раздзелаў школьнай праграмы, разліковых і творчых задач па выяўленні тэхнічнага мыслення. Найбольшыя цяжкасці выклікалі апошнія. Узровень падрыхтоўкі алімпіяднікаў стабільна высокі. У рабоце з імі асаблівую ўвагу педагогам варта звяртаць на чытанне чарцяжоў і правільнасць іх афармлення. Хацелася б дадаць да алімпіяды па працоўным навучанні яшчэ і чарчэнне. Без гэтага прадмета, якому ў школе ўдзяляецца мала ўвагі, нельга абысціся пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў.

- Сёлета ў практычным туры дзяўчаты выраблялі сеты пэўнага памеру для сервіроўкі стала, - расказала старшыня алімпіяды па працоўным навучанні (абслуговая праца), намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўніца працоўнага навучання Ганна Яўгенаўна Кулагіна з сярэдняй школы № 3 Жабінкі. – Гэта даволі аб’ёмнае, але цікавае заданне, з якім удзельнікі паспяхова справіліся. Тэхналогія выканання задання ўключала некалькі аперацый, якія выяўлялі розныя ўменні і навыкі школьнікаў, у тым ліку творчыя. Вырабы патрабавалася дэкарыраваць некалькімі элементамі раслінных матываў, прычым схему вязання, месца размяшчэння і спосаб прымацавання гэтых элементаў неабходна было вызначыць самастойна. У тэарэтычным туры пэўныя праблемы выклікалі творчыя задачы. Нягледзячы на тое, што алімпіяднікі ў цэлым паказалі добрую падрыхтоўку, педагогам варта ўдзяляць большую ўвагу выкананню швейных аперацый, бо многім вучням не хапае практычных навыкаў. Акрамя таго, трэба актыўна развіваць творчыя здольнасці вучняў, паляпшаць іх тэарэтычную падрыхтоўку па розных раздзелах школьнай праграмы. На высокім узроўні алімпіядная работа вядзецца ў сярэдняй школе № 16 Пінска, сярэдняй школе № 27 Брэста, сярэдніх школах №№ 7 і 9 Баранавіч. Вялікі дзякуй адміністрацыі сярэдняй школы № 7 Кобрына за выдатныя ўмовы для правядзення спаборніцтваў.

Дыпломы І ступені атрымалі дзесяцікласнікі Станіслаў Мелюх з сярэдняй школы № 2 Лунінца і Руслан Грыцэнка з сярэдняй школы № 16 Пінска, адзінаццацікласніца Яна Мізгер з сярэдняй школы № 7 Баранавіч і дзесяцікласніца Ангеліна Калеснік з сярэдняй школы № 16 Пінска.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.