Адпраўляемся ў адукацыйнае падарожжа

14.01.2019
Турыстычная дзейнасць – адна з эфектыўных форм навучання. Адным з найбольш цікавых і прадуктыўных відаў такой дзейнасці з’яўляецца паход. Але ў тым, каб прайсці некалькі дзясяткаў кіламетраў і наведаць гісторыка-культурныя мясціны, нічога асаблівага няма. Іншая справа, калі вучні адпраўляюцца ў адукацыйнае падарожжа, дзякуючы якому навакольнае асяроддзе становіцца дзейсным сродкам развіцця асобы, злучае рэальнае ці віртуальнае перамяшчэнне ў прасторы з засваеннем культурна-гістарычных каштоўнасцей.

Мэта адукацыйнага падарожжа – выхаванне дзяцей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія ўмеюць самастойна набываць веды і карыстацца імі. Ляхавіччына валодае для гэтага вялікім турыстычным патэнцыялам. На тэрыторыі раёна знаходзяцца палацава-паркавыя комплексы “Савейкі” і “Фляр’янава”, сядзібна-паркавы комплекс “Грушаўка” і парк “Рэпіхава”. З улікам гэтага было арганізавана адукацыйнае падарожжа “Спадчына вялікіх людзей Ляхавіччыны”.

Адукацыйнае падарожжа ўключала збор інфармацыі, падбор фотаздымкаў, афармленне экскурсійнага матэрыялу, размяшчэнне яго на школьным сайце, кадзіраванне, турыстычны паход для папаўнення інфармацыі, устаноўку QR-кодаў для гістарычных аб’ектаў, папаўненне экскурсійнага матэрыялу і прэзентацыю гатовага выніку ў форме віртуальнай экскурсіі.

Спачатку вучні былі размеркаваны па групах у адпаведнасці з адукацыйнымі патрэбамі, вызначанымі шляхам гутаркі: журналісты-гісторыкі, журналісты-біёлагі, аператары-пастаноўшчыкі, рэдактары, дызайнеры-канструктары, брэнд-менеджары і інш. Далей для кожнай групы былі спланаваны індывідуальныя маршруты. Так, журналісты-біёлагі не толькі збіралі інфармацыю пра рэдкіх прадстаўнікоў флоры і фаўны на тэрыторыі гістарычных аб’ектаў у літаратуры, краязнаўчым аддзеле Цэнтра дадатковай адукацыі Ляхавіч, краязнаўчым музеі Крывошынскай сярэдняй школы і на сайце “Ляхавічы турыстычныя”, але і на месцы іх распаўсюджвання падчас паходу і даследчай работы. Затым вучні аналізавалі сабраныя матэрыялы, абагульнялі іх і передавалі аператарам-пастаноўшчыкам і рэдактарам.

Журналісты-гісторыкі праходзілі па тым жа маршруце, што і журналісты-біёлагі, толькі збіралі інфармацыю пра гістарычныя даты і падзеі выбраных аб’ектаў.

Аператары-пастаноўшчыкі збіралі і аналізавалі старадаўнія фотаздымкі і наглядныя матэрыялы па выбраных гістарычных аб’ектах, пасля чаго падбіралі месцы для іх самастойнага фатаграфавання і відэаздымкі падчас турыстычнага паходу. Школьнікі распрацоўвалі і стваралі прома-прадукцыю пра турыстычныя магчымасці раёна, афармлялі партфель экскурсавода. Назапашаныя матэрыялы перадаваліся рэдактарам.

Рэдактары распрацоўвалі экскурсійна-турыстычны прадукт для далейшай работы ўсёй групы на маршруце: вызначалі аб’ём, фармат і логіку падачы экскурсійнага тэксту, складалі тэхналагічную карту паходу (нітку маршруту, кіламетраж і інш.) на аснове матэрыялаў, прадстаўленых журналістамі і аператарамі-пастаноўшчыкамі. Далей ствараўся прэзентацыйны матэрыял экскурсійна-турыстычнага прадукта, які перадаваўся дызайнерам-канструктарам.

Дызайнеры-канструктары размяшчалі экскурсійна-турыстычны прадукт на школьным сайце: вызначалі яго аб’ём, фармат і стыль, афармлялі, кадзіравалі з дапамогай QR-кодаў, стваралі мабільны дадатак пра турыстычны патэнцыял раёна, праектавалі аўтарскі лагатып адукацыйнага падарожжа. Вучні адсочвалі запатрабаванасць створанага электроннага прадукта праз наведвальнасць старонкі сайта і карыстанне QR-кодам. Заключным этапам работы групы стала прэзентацыя матэрыялаў брэнд-менеджэрам.

Брэнд-менеджары стваралі бізнес-план па прасоўванні гатовага прадукта. Для гэтага вучні прааналізавалі змест падрыхтаваных матэрыялаў, правялі ацэнку зацікаўленасці ім з боку соцыуму для выбару найбольш эфектыўных спосабаў і сродкаў піяру. Адукацыйнае падарожжа рэкламавалася праз СМІ, раздачу буклетаў, размяшчэнне на галоўнай старонцы школьнага сайта рэкламнага відэароліка, яго паказ на бацькоўскім сходзе і электронную рассылку, размяшчэнне на гарадскіх білбордах QR-кода са спасылкамі на старонку школьнага сайта і мабільны дадатак пра турыстычны патэнцыял раёна.

Вынікам усёй праведзенай работы сталі старонка “Адукацыйнае падарожжа” на школьным сайце, віртуальная экскурсія па гістарычных мясцінах выбраных аб’ектаў, устаноўка QR-кода са спасылкай на старонку віртуальнай экскурсіі, мабільны дадатак пра турыстычны патэнцыял раёна і экскурсійна-турыстычны прадукт (тэкставы і наглядны матэрыял для правядзення экскурсій і паходаў).

Такі від работы вельмі спадабаўся дзецям. Падчас яе выканання вучні развівалі важныя якасці (настойлівасць, спрыт і вынослівасць), засвойвалі прадметныя і метапрадметныя веды, адкрывалі для сябе новыя асобасныя сэнсы і самарэалізоўваліся ў розных відах дзейнасці. Усё гэта падштурхнула школьнікаў да планавання новага адукацыйнага падарожжа, якое адбудзецца наступнай вясной.

Надзея ЛАПІЧ,

педагог-арганізатар Малагарадзішчанскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна.