Калі мэты агульныя

23.01.2019
- Згодна з рэлігійным светапоглядам, у чалавека ёсць два царствы – зямное і нябеснае. Каб паспяхова дасягнуць другога, неабходна годна пражыць у першым. У гэтым сыходзяцца інтарэсы царквы і дзяржавы, якія зацікаўлены ў маральным здароўі грамадства. Міністэрства адукацыі Беларусі і Беларуская Праваслаўная Царква цесна супрацоўнічаюць у дзейнасці па захаванні духоўных, культурных і гістарычных традыцый, фарміраванні ў моладзі высокіх грамадзянскіх і маральных якасцей, патрыятызму і міласэрнасці. Арганізацыя карыснага вольнага часу дзяцей, актыўнае далучэнне іх да здаровага ладу жыцця, фарміраванне адказных паводзін, пераадоленне дэструктыўнага ўплыву псеўдарэлігійных арганізацый – важныя напрамкі работы нашай установы адукацыі і мясцовай Свята-Успенскай царквы, - гаворыць дырэктар Навадворскай базавай школы Пінскага раёна Н.А.Масюк.

Акцэнт на ўзаемадзеянне выбраны невыпадкова. 67% вучняў выхоўваюцца ў сем’ях баптыстаў, што, праўда, накладвае пэўныя абмежаванні ў рэалізацыі праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквой.

Н.А.Масюк лічыць, што эфектыўнасць прафілактычнай работы залежыць ад кампетэнтнасці дарослых, іх асабістага прыкладу, паводзін і адносін да дзяцей. Таму педагогі выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці пераважна практычныя формы работы, накіраваныя на асабісты кантакт вучняў, педагогаў і святара. Так, любімымі і чаканымі для дзяцей, прычым не толькі праваслаўнай веры, сталі футбольныя спаборніцтвы, у якіх актыўна ўдзельнічаюць школьнікі, настаўнікі, настаяцель мясцовай царквы Сяргей Машлякевіч, старшыня сельвыканкама І.П.Кірыковіч і інспектар Пінскага РАУС Ю.М.Лях.

Вельмі падабаюцца вучням і шматдзённыя летнія паходы, якія, на думку падлеткаў, з’яўляюцца выдатнай магчымасцю адпачыць, пабыць з сябрамі, праявіць фізічныя якасці, заняцца спортам, шчыра і адкрыта пагаварыць з дарослымі. Велаэкскурсіі, спаборніцтвы па валейболе, даследчыя экспедыцыі па ваколіцах вёскі, гульнявыя мерапрыемствы і псіхалагічныя трэнінгі дапамагаюць развіваць фізічную актыўнасць школьнікаў, выконваць правілы здаровага ладу жыцця.

- У цэнтры асаблівай увагі – арганізацыя і правядзенне сумесных акцый па прафілактыцы суіцыдаў сярод непаўналетніх і мерапрыемстваў па фарміраванні бяспечных паводзін вучняў, - расказвае Н.А.Масюк. – Найлепшы эфект даюць індывідуальны падыход, апора на жыццёвы вопыт дзяцей, далучэнне іх да актыўнай дзейнасці. Для старшакласнікаў праводзяцца дыспуты, ток-шоу і тэатралізаваная гульні, для іншых школьнікаў – спартыўныя святы, фестывалі і інш.

Па словах дырэктара, галоўны прынцып узаемадзеяння – добраахвотнасць і адказнасць, найперш перад дзецьмі. Можна проста даваць дзецям веды і з пачуццём выкананага абавязку ісці дамоў. А можна вучыць, аддаючы часцінку душы, ісці побач з выхаванцамі і быць уважлівымі да іх праблем. У апошнім выпадку вынік абавязкова пераўзыдзе ўсе чаканні. Вопыт паказвае, што ўзаемадзеянне школы і царквы пры правільным падыходзе закладвае трывалую аснову для духоўна-маральнага выхавання моладзі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.