Настаўніцкія сакрэты
23.01.2019Расказваючы пра Л.С.Сцепанюк, калегі адзначаюць, што ёй уласцівы жаночае абаянне, высокі прафесіяналізм, шчырасць, сціпласць, спагадлівасць, вялікая працавітасць, чалавечая прастата і разумная прынцыповасць. Педагог укладвае ў вучняў частку душы. Пэўна, гэта і выклікае асаблівую павагу і захапленне вучняў і іх бацькоў. На сваіх трэцякласнікаў яна ніколі не павышае голас. Любіць на ўроку цішыню. Галоўнае для педагога – каб дзеці на занятках уважліва слухалі і чулі настаўніка. Толькі тады ўрок будзе эфектыўным.
- Вучэбная паспяховасць залежыць ад многіх фактараў, - гаворыць Людміла Сяргееўна. – Адзін з асноўных – цікавасць да прадмета. Чым глыбей зацікаўленасць дзяцей, тым прасцей пераадольваць магчымыя праблемы і лягчэй вучыць. Утрымаць зацікаўленасць складана. Павысіць матывацыю вучняў дапамагаюць калектыўныя заняткі “Мультфільм сваімі рукамі”. Паляпшаю якасць ведаў школьнікаў праз мультыплікацыйную дзейнасць на ўроках выяўленчага мастацтва, працоўнага навучання, літаратурнага чытання, “Чалавек і свет” і інш. Галоўная педагагічная каштоўнасць мультыплікацыі – яе ўніверсальнасць, якая дазваляе стварыць сістэму комплекснага развіццёвага навучання дзяцей. Назіранне за вынікамі сваёй працы натхняе і актывізуе малодшых школьнікаў у далейшай творчасці.
Людміла Сяргееўна – патрабавальны педагог. З дапамогай розных метадаў, спосабаў і сродкаў навучання заўсёды імкнецца дасягнуць пастаўленых мэт. А яшчэ настаўніца надзвычай моцна любіць дзяцей, без якіх вельмі сумуе. У кожным вучню імкнецца знайсці нешта станоўчае і знаходзіць. Л.С.Сцепанюк лічыць, што гаварыць добрыя словы пра дзяцей іх бацькам трэба абавязкова ў прысутнасці вучняў.
- Мне заўсёды неабходна бачыць вочы сваіх выхаванцаў, - прызнаецца педагог. – Чытаю па іх літаральна ўсё, бо вочы, як вядома, люстэрка душы. Прашу дзяцей заўсёды і ва ўсім гаварыць толькі праўду і ўмець адказваць за свае ўчынкі.
Ёсць у настаўніцы і іншыя “сакрэтныя” правілы. Так, Л.С.Сцепанюк заклікае дзяцей прыходзіць у гімназію толькі з добрым настроем, пакінуўшы на вуліцы ўсё дрэннае. Перад урокам педагог настройвае вучняў на паспяховую дзейнасць.
На рахунку Людмілы Сяргееўны шмат розных узнагарод, але самай высокай ацэнкай работы яна лічыць хвіліны, калі ў вучнёўскіх вачах пры кожнай сустрэчы з ёй з’яўляецца радасць і ўспыхвае шчырая ўсмешка. Гэта найвялікшае шчасце для кожнага педагога.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.