Воблачныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе

23.01.2019
Галоўнымі рэсурсамі сучаснага грамадства з’яўляюцца веды і інфармацыя. Знаходзячыся ў розных кропках зямлі, людзі свабодна стасуюцца ў рэжыме рэальнага часу, абменьваюцца тэкставымі, фота- і відэаматэрыяламі. У рамках інфарматызацыі адукацыйнага працэсу ў ліцэі № 1 Баранавіч паспяхова выкарыстоўваюцца воблачныя тэхналогіі.

Воблачныя тэхналогіі ўяўляюць сабой аддаленую апрацоўку і захаванне даных, для чаго вылічальныя рэсурсы і магутнасці прапаноўваюцца карыстальнікам як інтэрнэт-сэрвіс. Воблачныя тэхналогіі прадугледжваюць шырокі і зручны сеткавы доступ да канфігуруемых вылічальных і інфармацыйных рэсурсаў (сетак перадачы і баз даных, сервераў, дадаткаў, сэрвісаў), якія прадастаўляюцца і вызваляюцца па патрабаванні карыстальнікаў з мінімальнымі эксплуатацыйнымі выдаткамі.

Гэтыя тэхналогіі валодаюць эканамічнымі, тэхнічнымі, тэхналагічнымі і дыдактычнымі перавагамі. Але пры іх выкарыстанні ёсць і пэўныя цяжкасці: залежнасць ад падключэння да сеткі, неабходнасць захавання копій дакументаў у лакальных папках на камп’ютары і пераносных носьбітах, неабходнасць абароны персанальных даных.

У нашай установе воблачныя тэхналогіі пачалі ўкараняцца з 2017 года па шэрагу напрамкаў. Пасля апрабацыі воблачнай сістэмы інфармацыйнага забеспячэння адукацыйнага працэсу schools.bу пачалі ўкараняцца электронныя журналы і дзённікі вучняў на платформе znaj.by. Падчас гэтай работы праводзілася апытанне настаўнікаў, дзяцей і іх бацькоў наконт мэтазгоднасці ўвядзення электронных журналаў і дзённікаў. Апытанне паказала пераважна адмоўныя адносіны да гэтай навацыі з боку вучняў (52,2% - за, 47,8 – супраць) і выключна станоўчыя – з боку педагогаў і бацькоў. Негатыўныя адносіны дзяцей тлумачацца іх нежаданнем знаходзіцца ў рамках анлайн-кантролю.

Установа адукацыі перайшла да воблачных тэхналогій і пры аплаце за харчаванне вучняў шляхам ЕРИП, што дазволіла істотна спрасціць работу класных кіраўнікоў з дзецьмі і іх бацькамі.

На базе платформы google.com было створана “воблака” ліцэя, якое змяшчае нарматыўную дакументацыю і метадычныя распрацоўкі настаўнікаў па прадметах (планы-канспекты ўрокаў, дадатковыя матэрыялы для вучняў, тэставыя заданні). Змешчаная інфармацыя мае розныя ўзроўні даступнасці: для адміністрацыі, педагогаў і вучняў. Воблачныя даныя могуць праглядацца, дапаўняцца і відазмяняцца ў рэжыме рэальнага часу настаўнікамі-прадметнікам. Акрамя таго, гэтыя даныя даступныя вучням для прагляду і скачвання пры выкананні дамашніх заданняў па прадметах.

Галоўныя перавагі воблачных тэхналогій – даступнасць, неабмежаванасць у часавых рамках, магчымасць сумеснай работы, адсутнасць неабходнасці ўстанаўліваць дадатковае праграмнае забеспячэнне, прастата ў выкарыстанні і эрганамічнасць. Упэўнены, што роля воблачных тэхналогій будзе няўхільна павялічваецца і зойме трывалае месца ў адукацыйнай практыцы школ. Гэта аптымізуе вучэбны працэс, павышае яго адкрытасць, аб’ектыўнасць і крэатыўнасць.

Вольга КАЛЕВІЧ,

намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце;

Паліна ВАЎЧОК,

настаўніца інфарматыкі;

Юлія ВАШЧЫЛКА,

настаўніца англійскай мовы ліцэя № 1 Баранавіч.