Сеткавая суполка – эфектыўная форма прафесійнага развіцця педагогаў

25.01.2019
Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі трывала ўвайшлі ў практыку работы настаўнікаў, якія з іх дапамогай абагульняюць і перадаюць эфектыўны вопыт педагагічнай дзейнасці. Сеткавая актыўнасць усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу – адна з актуальных тэм, звязаных з інфарматызацыяй сістэмы адукацыі. Сеткавыя суполкі настаўнікаў аб’ядноўваюць прафесіяналаў, якія працуюць у адной прадметнай ці праблемнай галіне, дапамагаючы наладжваць дзейсную камунікацыю ў прафесійных зносінах.

Сеткавыя суполкі ствараюцца з мэтай пашырэння адзінай інфармацыйнай прасторы, абмену вопытам і супрацоўніцтва, распаўсюджвання эфектыўнай педагагічнай практыкі, арганізацыі фармальных і нефармальных зносін на прафесійныя тэмы, павышэння прафесійнага ўзроўню, падтрымкі новых адукацыйных ініцыятыў. Сеткавыя суполкі дазваляюць размяшчаць уласныя файлы і карыстацца чужымі ў бібліятэцы суполкі, стасавацца на форумах і ў чатах, пакідаць каментарыі, арганізоўваць дыстанцыйнае навучанне, удзельнічаць у конкурсах, акцыях, праектах і абмеркаваннях, ствараць уласныя электронныя старонкі (партфоліа).

Адна з сеткавых суполак для настаўнікаў інфарматыкі і вучняў Баранавіч была арганізавана на платформе воблачнага сховішча дыска Google, дзе, як вядома, могуць захоўвацца фотаздымкі, музыка, дакументы, прэзентацыі, відэаролікі, архівы і інш. Выкарыстоўваючы дыск Google, можна быць упэўненым, што важныя файлы будуць прысутнічаць на дамашнім і рабочым камп’ютарах, смартфоне і іншых прыладах.

Для настаўнікаў і вучняў Баранавіч створана папка з агульным доступам, дзе сабраны і структураваны матэрыялы па падрыхтоўцы школьнікаў да розных алімпіяд. Змест папкі пастаянна абнаўляецца і папаўняецца свежай інфармацыяй. Так, пасля чарговых заняткаў школы алімпіяднага рэзерву па інфарматыцы рашэнні ўсіх задач і відэазапіс лекцыі былі размешчаны ў папцы на дыску Google, а спасылка на іх была адпраўлена ўсім удзельнікам заняткаў.

Дыск Google дазваляе захоўваць аб’ёмныя дакументы не на камп’ютары, а ў воблачным сховішчы. У папцы з агульным доступам “Кнігі па падрыхтоўцы да алімпіяд” сабраны розныя дапаможнікі, падручнікі і метадычныя матэрыялы для падрыхтоўкі да алімпіяды па інфарматыцы. Няма неабходнасці захоўваць гэтую аб’ёмную інфармацыю на камп’ютарах. Дастаткова мець выхад у інтэрнэт і спасылку на дадзеную папку.

Адна з важных пераваг дыска Google – магчымасць сумеснай работы над дакументам некалькіх карыстальнікаў, якія маюць доступ да файла з любога камп’ютара з выхадам у інтэрнэт. Дзякуючы функцыі сумеснага доступу, работа аддаленых рэдактараў дакумента ажыццяўляецца адначасова. Усе змены імгненна адлюстроўваюцца на маніторах камп’ютараў удзельнікаў.

Сумесная работа над тэкстамі – вельмі карыснае практыкаванне для фарміравання камунікатыўных і медыяадукацыйных уменняў, якія дазваляюць адстойваць сваю пазіцыю і прымаць чужую, крытыкаваць, ацэньваць правільнасць і пісьменнасць падрыхтаванага тэксту, інтэрпрэціраваць інфармацыю і прэзентаваць сваю, правільна пазначаць спасылкі, выконваць правілы цытавання і інш.

З дапамогай сэрвісу Google-дакумент была наладжана сумесная работа настаўнікаў па абмеркаванні і распрацоўцы заданняў да гарадскога этапу алімпіяды “Юны праграміст”. Для гэтага быў створаны тэкставы дакумент для сумеснага рэдагавання, дзе можна было выкладваць заданні, рэдагаваць не толькі свае запісы, але і калег, абменьвацца меркаваннямі, пакідаць каментарыі. Пасля завяршэння работы дакумент быў захаваны ў фармаце Word.

Сацыяльныя суполкі – адны з самых цікавых інтэрнэт-сэрвісаў, якія аб’ядноўваюць карыстальнікаў па агульных інтарэсах і напаўняюць іх разнастайнай інфармацыяй. Паколькі большасць настаўнікаў інфарматыкі Баранавіч выкакарыстоўвае ў рабоце сацыяльную сетку “УКантакце”, у ёй два гады назад была створана сеткавая суполка – група “Заняткі школы алімпіяднага рэзерву па інфарматыцы Баранавіч”, куды могуць уступіць і педагогі, і вучні. У групе размяшчаецца актуальная інфармацыя і самыя свежыя навіны. Так, у свой час вельмі важна было данесці настаўнікам і дзецям змены ў парадку правядзення гарадскога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы. Інфармацыя пра гэта на працягу сутак набрала больш за 200 праглядаў. Акрамя таго, у групе публікуюцца матэрыялы педагогаў для выкарыстання на ўроках і факультатыўных занятках, матэрыялы дыстанцыйных алімпіяд са спасылкамі на разбор задач, відэасправаздачы з розных мерапрыемстваў і інш.

Перавагі сеткавага ўзаемадзеяння заключаюцца ў яго гібкасці (можна займацца самаадукацыяй у зручны час, у зручным месцы і ў зручным тэмпе), адраснасці (дзейнасць накіравана на індывідуальныя патрэбы педагогаў), даступнасці (дзейнасць арганізоўваецца без выезду ў метадычны цэнтр) і тэхналагічнасці (можна выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе навейшыя дасягненні інфармацыйных і тэлекамунікацыйных тэхналогій). Можна не сумнявацца, што сеткавыя педагагічныя суполкі, улічваючы іх практычную накіраванасць, будуць усё часцей выкарыстоўвацца для падтрымкі настаўнікаў, іх прафесійнага развіцця і зносін.

Таццяна ВОДЧЫЦ,

настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 19 Баранавіч,

кіраўнік гарадскога метадычнага аб’яднання настаўнікаў інфарматыкі.