“Спаўна даўгі табе плачу, мая маленькая радзіма…”

25.01.2019
Імя беларускай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц вядома многім. Яна падарыла чытачам голас сваёй душы, а Антаніна Сідарук – шчодрасць і няўрымслівасць свайго сэрца, стварыўшы 20 гадоў назад музей знакамітай зямлячкі і зберагаючы памяць пра яе. Гэта стала справай жыцця Антаніны Паўлаўны.

Пасля заканчэння Парэцкай сярэдняй школы Пінскага раёна А.П.Сідарук засталася ў ёй працаваць. Спачатку старшай піянерважатай, потым выхавальніцай групы прадоўжанага дня, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, дырэктарам. Завочна скончыла тагачасны Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна.

Антаніна Паўлаўна – вучаніца выдатнага педагога і высакароднага чалавека Ф.Ф.Цудзілы. Ён быў любімым настаўнікам і Яўгеніі Янішчыц. Калі яе не стала, Фёдар Фёдаравіч прапанаваў Антаніне Паўлаўне ўвекавечыць памяць паэтэсы: “Нам будзе сорамна, калі мы гэтага не зробім. Людзі павінны ведаць пра яе больш”.

А.П.Сідарук пачала збіраць матэрыял для будучага музея Я.Янішчыц. Шмат ездзіла, сустракалася з яе аднакласнікамі і аднакурснікамі, роднымі, сябрамі і паэтамі. Матэрыяламі для музея ахвотна падзяліліся Ф.Ф.Цудзіла, маці паэтэсы, яе сын, пісьменнікі. Вялікую дапамогу ў адкрыцці музея аказалі прафесар БрДУ імя А.С.Пушкіна В.Я.Зарэцкая, рэдакцыя газеты “Звязда”, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.

У лістападзе 1998 года школьны музей беларускай паэтэсы гасцінна адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў. Антаніна Паўлаўна правяла для іх не адну сотню цікавых і пазнавальных экскурсій. Гасцямі музея былі расіяне, украінцы, палякі, чэхі, немцы, амерыканцы, італьянцы, ірландцы, літоўцы… У кнізе водгукаў – шчырыя словы падзякі за вялікую і неабходную працу па захаванні музейных экспанатаў.

На базе музея ладзяцца семінары, педагагічныя чытанні, сустрэчы з пісьменнікамі, вечарыны. Музей пастаянна папаўняецца новымі матэрыяламі. Сёння ён налічвае 1277 экспанатаў асноўнага фонду і каля 400 – дапаможнага. Сярод іх – асабістыя рэчы паэтэсы, яе рукапісы, кнігі і інш. Летась музей пацвердзіў званне народнага.  

А.П.Сідарук ведаюць на Піншчыне многія настаўнікі і школьнікі. Гэта чалавек, шчыра ўлюбёны, як і Я.Янішчыц, у родную зямлю. Антаніна Паўлаўна аддала педагагічнай дзейнасці каля 50 гадоў. Усё жыццё цікавіцца краязнаўствам. Сабрала шмат фальклорных твораў, матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць Р.А.Скірмунта, гісторыю вёскі Парэчча. 

На рахунку А.П.Сідарук шмат розных падзяк, дыпломаў і грамат, атрыманых за добрасумленную працу. Але самай дарагой узнагародай Антаніна Паўлаўна лічыць медаль Міжнароднага жаночага фонду святой Ефрасінні Полацкай. 

Святлана НЕЎДАХ,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры Парэцкай базавай школы імя Яўгеніі Янішчыц.