З інавацыйным падыходам да выхаваўчай работы
30.01.2019- На Піншчыне працуюць 7 рэсурсных цэнтраў па выхаваўчай рабоце, якія займаюцца вырашэннем традыцыйных і прынцыпова новых выхаваўчых праблем, павышэннем прафесійнай кампетэнтнасці класных кіраўнікоў, намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце і педагогаў дадатковай адукацыі, - расказвае кіраўнік цэнтра намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Малоткавіцкай сярэдняй школы В.В.Трапачка. – Задача цэнтра – навучыць педагогаў правільна планаваць і арганізоўваць сваю работу, даць неабходныя веды, пашырыць інфармацыйную кампетэнтнасць, дапамагчы самарэалізавацца, падштурхнуць да творчага пошуку і самаадукацыі.
Галоўную ролю ва ўдасканаленні прафесійнай кампетэнтнасці класных кіраўнікоў адыгрывае вучэбна-метадычнае аб’яднанне класных кіраўнікоў. На яго пасяджэннях педагогі, у тым ліку з іншых школ раёна, дзеляцца цікавым вопытам, знаёмяцца з напрацоўкамі калег, разглядаюць перспектыўныя напрамкі выхаваўчай дзейнасці.
- У рабоце аб’яднання выкарыстоўваюцца метадычныя і педагагічныя тэхналогіі, якія дазваляюць на больш якасным узроўні павышаць прафесійную кампетэнтнасць: трэнінгі, метадычныя квест-гульні, майстар-класы з прымяненнем коўчынг-інструментарыя, семінары ў форме сусветнага кафэ. Педагогі апрабоўваюць элементы мітапу, распрацоўваюць праекты бізнес-кампаній, - гаворыць В.В.Трапачка. – Пасяджэнні праводзяцца ў актыўнай гутарцы і дыялогу, з элементамі форуму. З мэтай развіцця новых кампетэнцый у галіне выхавання і абмену эфектыўным вопытам удзельнікі аб’яднання наведваюць іншыя рэсурсныя цэнтры. Дзякуючы ўзаемадзеянню паміж імі, ствараюцца цікавыя міжшкольныя праекты. На базе нашага рэсурснага цэнтра праводзяцца выязныя семінары-практыкумы, творчыя майстэрні, майстар-класы і кансультацыі. У планах – арганізацыя вэбінараў.
Рэсурсны цэнтр даказаў сваю эфектыўнасць у павышэнні і ўдасканаленні прафесіяналізму педагогаў Піншчыны. Іх вопыт неаднаразова прэзентаваўся на абласным і рэспубліканскім узроўні. Так, па выніках абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня (2017) работа В.В.Трапачка была адзначана дыпломам ІІ ступені. Па выніках ХVII Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Правільны прафесійны выбар – упэўненая будучыня маладога пакалення!” педагогі 4-х устаноў адукацыі Піншчыны атрымалі дыпломы ІІ ступені. Сярод узнагароджаных – работа В.В.Трапачка “Стварэнне класаў прававой накіраванасці – кампанент паспяховай прафарыентацыйнай работы ў сельскай школе”. Раённае метадычнае аб’яднанне намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце, кіраўніком якога з’яўляецца В.В.Трапачка, стала прызёрам конкурсу на лепшае метадычнае пасяджэнне года ў намінацыі “Лепшы відэафрагмент”.
- Дзякуючы скаардынаванай выхаваўчай рабоце, летась у школьных аб’яднаннях па інтарэсах займаліся 83,5% вучняў (амаль на 6% больш, чым у 2017 годзе), 87% дзяцей былі заняты ў аб’яднаннях, якія дзейнічаюць па суботах, - адзначае В.В.Трапачка. – Дзякуючы сістэмнай і мэтанакіраванай рабоце з педагогамі, вучнямі і іх бацькамі, на працягу апошніх 5 гадоў ва ўстанове адукацыі няма непаўналетніх, якія здзейснілі правапарушэнні, і дзяцей на ўліку ў ІСН. Сёмы год запар наша школа займае 1-е месца ў галіне выхаваўчай работы па выніках агляду-конкурсу “За стварэнне аптымальных умоў для развіцця і ўдасканалення адукацыі ў Пінскім раёне”.
Па словах В.В.Трапачка, інавацыйныя падыходы ў арганізацыі выхаваўчай работы не толькі павышаюць прафесійную кампетэнтнасць педагогаў, але і прыводзяць да станоўчых вынікаў у выхаванні школьнікаў. Рэсурсны цэнтр дазваляе своечасова вырашаць выхаваўчыя праблемы на ўзроўні раёна, вызначаць перспектыўныя напрамкі развіцця школ, адпрацоўваць з педагогамі пэўныя тэхналогіі і метадычныя прыёмы выхаваўчай работы, праектаваць паспяховую сумесную дзейнасць настаўнікаў і вучняў.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.