Якасць, кампетэнтнасць, адказнасць

09.02.2019
На базе Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці адбылося пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, прысвечанае вынікам работы адукацыйнай галіны ў мінулым годзе і задачам па яе ўдасканаленні ў бягучым. У рабоце калегіі ўдзельнічалі намеснік міністра адукацыі Беларусі С.В.Руды і намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Г.І.Барысюк.

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама А.Ф.Жук расказаў, што летась на Брэстчыне працягвалася мэтанакіраваная работа па развіцці і ўдасканаленні сістэмы агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, павышэнні яе якасці. Аптымізоўвалася і рэарганізоўвалася сетка ўстаноў адукацыі. Умацоўвалася іх матэрыяльная база. Так, кабінеты біялогіі, фізікі і хіміі аснашчаліся сучасным вучэбна-лабараторным абсталяваннем і сродкамі навучання. Гэтая работа працягнецца і далей, бо сёння толькі каля 33% устаноў адукацыі вобласці аснашчаны такім абсталяваннем.

У адукацыйным працэсе задзейнічаны каля 16,4 тысячы настаўнікаў. Амаль 80% з іх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Лепшыя паказчыкі ў Лунінецкім раёне (86%), Баранавічах (85%), Ганцавіцкім раёне (каля 84%) і Пінску (каля 82%). 34 педагогі – настаўнікі-метадысты. Больш за ўсё іх у Баранавічах (10), Пінску (5) і Брэсце (4). У шэрагу раёнаў іх няма ўвогуле.

Вялікая ўвага ўдзяляецца інфарматызацыі адукацыйнага працэсу. Усе ўстановы маюць доступ да інтэрнэту. Больш за 90% педагогаў выкарыстоўваюць у рабоце ІКТ. У школах дзейнічаюць 734 камп’ютарныя класы (у тым ліку 26 мабільных), каля 1,2 тысячы мультымедыйных праектараў, 376 інтэрактыўных дошак і 67 лінгафонных кабінетаў. Паэтапна выводзіцца з эксплуатацыі камп’ютарная тэхніка, узрост якой перавышае 7 гадоў.

Шмат робіцца па павышэнні якасці профільнага навучання. Сёння профільныя класы адкрыты ў 274 установах адукацыі. На павышаным узроўні вывучаюць прадметы каля 57% дзесяцікласнікаў і каля 46% адзінаццацікласнікаў. Профільныя класы (групы) педагагічнага кірунку дзейнічаюць у 38 установах адукацыі вобласці, акрамя некалькіх раёнаў. З мэтай павышэння прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій у 30 школах створаны профільныя класы (групы) аграрнага кірунку.

Па выніках мінулагодняга цэнтралізаванага тэсціравання выпускнікі школ вобласці паказалі больш высокія балы, чым пазалетась, акрамя фізікі. Максімальную колькасць балаў атрымалі 49 колішніх адзінаццацікласнікаў з 47 устаноў адукацыі. У лідарах – Пінск (11), Баранавічы (9), Кобрынскі раён (6), Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М.Машэрава (5). Тым не менш сярэдні бал выпускнікоў школ вобласці на ЦТ ніжэйшы, чым сярэдні бал выпускнікоў краіны, па 11 прадметах, дзякуючы чаму Брэстчына на працягу некалькіх гадоў знаходзіцца на апошніх прыступках рэйтынгавай табліцы.

Па выніках мінулагодняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды прадстаўнікі Брэстчыны атрымалі 71 дыплом (у 2017 годзе – 69, у 2016 годзе – 76). Лепшыя вынікі вучні паказалі па геаграфіі (12 дыпломаў), рускай (10) і беларускай (8) мовах, фізіцы (7) і інфарматыцы (7). Найбольшая колькасць дыпломаў у школьнікаў Баранавіч (28), Брэста (16) і Лунінецкага раёна (5). З году ў год добрыя вынікі ў алімпіядным руху паказваюць гімназія № 1 і ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста, гімназіі №№ 1, 3 і 4, сярэдняя школа № 7 Баранавіч, сярэдняя школа № 2 Лунінца, Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М.Машэрава і інш. На жаль, у шэрагу гімназій і ліцэяў адсутнічае сістэмная работа з адоранымі вучнямі, пра што сведчаць шматгадовыя нулявыя вынікі ў алімпіядным руху. Акрамя таго, зніжаецца колькасць пераможцаў навукова-практычных канферэнцый.

Каля 4,2 тысячы дзесяцікласнікаў праходзяць прафесійную падрыхтоўку па 52 прафесіях у рамках працоўнага навучання. Каля 57% вучняў асвойваюць 32 спецыяльнасці на базе школ (швачка, сталяр, цясляр, агароднік і інш.), каля 7% - на міжшкольных факультатывах па 8 спецыяльнасцях, каля 32% - на базе ўстаноў прафесійнай і вышэйшай адукацыі па 35 спецыяльнасцях (аператар ЭВМ, швачка, сталяр, электраманцёр, прадавец, маляр і інш.).

Павышаную ўвагу неабходна ўдзяляць арыентацыі школьнікаў на працяг адукацыі ў айчынных УВА. Калі ў 2015 годзе 3,3% (332) выпускнікоў вобласці выехалі за мяжу для атрымання адукацыі, то летась 5,3% (573).

Намаганні ўстаноў прафесійнай адукацыі накіраваны на падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў, запатрабаваных на сучасным рынку працы. На жаль, план прыёму ў ПТНУ не выконваецца цалкам. Існуюць пэўныя цяжкасці з арганізацыяй мэтавай падрыхтоўкі. Некаторыя выпускнікі не прыбываюць на месца размеркавання.

Актывізавалася работа па замацаванні за УПА базавых прадпрыемстваў. Пералік спецыяльнасцей, па якіх вядзецца падрыхтоўка, штогод перагледжваецца і абнаўляецца з улікам сітуацыі на рынку працы.

Асноўная задача сістэмы прафесійнай адукацыі – якасць падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў у адпаведнасці з сучасным узроўнем вытворчасці. З гэтай мэтай на базе УПА працуюць рэсурсныя цэнтры. У планах – аптымізацыя структуры і аб’ёмаў падрыхтоўкі кадраў, сеткі ўстаноў, мадэрнізацыя іх матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама І.А.Папова засяродзіла ўвагу на развіцці дашкольнай і спецыяльнай адукацыі, а таксама на іншых пытаннях.

- Перад сістэмай адукацыі Брэстчыны стаіць шмат актуальных задач, - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі. – Сярод іх – забеспячэнне крокавай даступнасці дашкольнай адукацыі, павышэнне якасці адукацыі на ўсіх узроўнях, прафесійнай падрыхтоўкі педагогаў і кіраўніцкіх кадраў, асабліва іх эканамічнай кампетэнтнасці. Патэнцыялу для выканання пастаўленых задач дастаткова.

З гэтым пагадзіўся і намеснік старшыні аблвыканкама Г.І.Барысюк: “Ёсць кваліфікаваныя кадры, але адчувальных вынікаў чамусьці няма. Не хапае адказнасці, выканальніцкай дысцыпліны і пэўных прафесійных кампетэнцый”.

- Па многіх напрамках эканамічнай дзейнасці сістэма адукацыі Брэстчыны з’яўляецца прыкладам для іншых рэгіёнаў краіны, - заўважыў намеснік міністра адукацыі С.В.Руды. – Неабходна вырашаць праблемы, звязаныя з недахопам месцаў у дашкольных установах. Патрабуе ўдасканалення работа з адоранымі вучнямі. Узнікаюць пытанні па аптымізацыі сеткі ўстаноў. У планах – далейшае абнаўленне вучэбна-лабараторнага абсталявання прадметных кабінетаў школ і рэсурсных цэнтраў устаноў прафесійнай адукацыі, пераход да нарматыўнага фінансавання ўстаноў дашкольнай і прафесійнай адукацыі.

С.В.Руды ўручыў нагрудны знак “Выдатнік адукацыі Беларусі” намесніку дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання А.Ф.Баркун, настаўніцы геаграфіі і біялогіі сярэдняй школы № 16 Баранавіч Г.І.Бубен, майстру вытворчага навучання Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў В.М.Кірылюк, настаўніцы рускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 Брэста Л.М.Клімовіч і намесніку дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі М.І.Навумчыку.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.