Інтэрактыўная прафарыентацыя

11.02.2019
Настаўніца матэматыкі і інфарматыкі С.А.Кісялёва з гімназіі № 5 Баранавіч лічыць прафарыентацыю важным складнікам работы з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі. Але праводзіць яе, на думку педагога, трэба вельмі ўважліва і асцярожна з-за магчымых праблем.

- Высокія вынікі, атрыманыя на конкурсах і алімпіядах, правакуюць многіх вучняў выбіраць прафесію адпаведнага кірунку, - гаворыць С.А.Кісялёва. – Некаторыя педагогі памылкова лічаць, што такім дзецям прафарыентацыя ўжо не трэба. Але прафесія не складаецца з конкурсаў. Каб алімпіяднікі не расчароўваліся ў выбары, неабходна праводзіць з імі паўнацэнную прафарыентацыю. Асобна адпрацаваць конкурсны (алімпіядны) кірунак. Разабрацца, што прыцягвае ў ім вучняў: атмасфера спаборніцтва, канкурэнцыя і інш. Змест прафесіі з гэтым амаль не звязаны.

Некаторыя адораныя дзеці дрэнна сацыялізаваны, з-за чаго ў іх мала сяброў і зносін з іншымі. Такіх вучняў варта актыўна прыцягваць да трэнінгаў па наладжванні зносін і камандаўтварэнні, каб яны ўмелі рэкламаваць сябе.

- Аналіз удзелу адораных дзяцей у розных конкурсах паказвае іх павышаную ранімасць і псіхалагічную неабароненасць ад няўдач на больш высокім узроўні спаборніцтва, што можа прывесці да адмаўлення ад любімага кірунку дзейнасці, - расказвае С.А.Кісялёва. – Каб гэтага не здарылася, трэба праводзіць спецыяльную апераджальную работу (трэнінгі і інш.), якая павышае ўстойлівасць да няўдач і вучыць правільна рэагаваць на іх.

Даволі часта многія адораныя вучні паспяхова выступаюць адразу па некалькіх кірунках, што вельмі заахвочваюць настаўнікі. Педагог-псіхолаг і класны кіраўнік павінны дапамагаць дзецям разабрацца ў тым, што ім на самай справе цікава, як правільна выбраць кірунак па душы, эфектыўна размеркаваць і кантраляваць сілы. Бывае, што вучні паказваюць добрыя вынікі па некалькіх кірунках, а пасля работы з педагогам-псіхолагам выбіраюць зусім іншыя.

- Многія школьнікі пачынаюць захапляцца пэўным прадметам з-за таго, што ім падабаецца настаўнік, - заўважае С.А.Кісялёва. – Настойлівая праца прыносіць плён, і дзеці на аснове атрыманых вынікаў робяць выбар, які з часам пачынае не задавальняць, бо на іншыя кірункі дзейнасці ўвага не скіроўвалася. У такой сітуацыі важна разабрацца ў сапраўднай сутнасці выбару, каб яго ўсведамлялі і вучні. На жаль, на выбар многіх з іх уплываюць бацькі, прыкрываючыся клопатам пра лепшую будучыню ў адпаведнасці з уласнымі ўяўленнямі. У далейшым навязаны выбар можа быць адрынуты, але час ужо страчаны. Таму неабходна актыўна далучаць да прафарыентацыі бацькоў, якія павінны паказваць дзецям магчымасці розных прафесій, але не прымушаць выбіраць тую, што падабаецца менавіта ім. У аснове поспеху – індывідуальная работа, дасканалы аналіз, прагназаванне будучыні, узаемадзеянне ўсіх зацікаўленых асоб.

У мінулым навучальным годзе ў гімназіі № 5 была арганізавана інавацыйная пляцоўка па прафарыентацыі, адным з кірункаў якой стала псіхалагічная прафесійная дыягностыка вучняў рознага ўзросту з мэтай выяўлення іх здольнасцей, схільнасцей, асаблівасцей характару, запытаў і інтарэсаў. Па выніках такой дыягностыкі педагог-псіхолаг дае індывідуальныя рэкамендацыі дзецям па выбары блоку прафесій, дзе яны могуць рэалізаваць сябе з максімальным поспехам.

- Сёння кожны можа знайсці ў інтэрнэце прасцейшыя дыягностыкі і самастойна прайсці іх, - адзначае С.А.Кісялёва. – Але педагог-псіхолаг дапаможа не толькі пракаменціраваць вынікі, але і глыбей зразумець іх. Паколькі апрацоўка вынікаў дыягностыкі ўручную заўсёды займае шмат часу, я распрацавала аўтаматызаваную сістэму апрацоўкі вынікаў. Сёння існуюць розныя абалонкі для стварэння тэстаў, якія выкарыстоўваюцца пераважна для падвядзення вынікаў ацэначнай дзейнасці вучняў, а не для апрацоўкі па ключах і вываду тэкставага выніку. Пры стварэнні электронных сродкаў навучання і адукацыйных рэсурсаў выбіраюць звычайна тое асяроддзе, дзе педагог можа максімальна рэалізаваць задуманае, патраціўшы на вывучэнне такога асяроддзя як мага менш часу. Камусьці зручна стварыць сайт ці блог, а камусьці падабаецца ствараць камп’ютарныя праграмы з дапамогай Flash. І гэта далёка не поўны пералік інструментарыя. Але пры рабоце з апытальнікамі важна не адцягваць увагу на малюнкі, відэаролікі і анімацыю, каб выключыць іх уплыў на адказы.

У школьным курсе інфарматыкі праходзяць мову праграмавання Паскаль. Настаўніца вагалася ў выбары паміж MS Excel і Delphi. У Excel педагог бачыла пэўныя недахопы, таму аддала перавагу Delphi.

Далей С.А.Кісялёва пацікавіліся ў педагога-псіхолага А.В.Сяргеевай, якія апытальнікі, методыкі і анкеты яна выкарыстоўвае ў прафарыентацыйнай рабоце з вучнямі. Атрымаўшы тэкставыя варыянты з апрацоўкай вынікаў, настаўніца пачала ствараць першую праграму. Педагог затраціла на гэта даволі шмат часу, бо імкнулася зрабіць яе максімальна зручнай. Астатнія праграмы ствараліся лягчэй. Распрацоўка С.А.Кісялёвай трапіла ў лік 56 фіналістаў Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” (2018).

Улічваючы важнасць павышэння прэстыжу настаўніцкай прафесіі, па ініцыятыве дырэктара гімназіі Т.І.Шастак было вырашана стварыць аўтарскі апытальнік для вучняў па раннім выяўленні педагагічных здольнасцей. Аўтарскі апытальнік А.В.Сяргеевай С.А.Кісялёва таксама ўвасобіла ў праграму.

- Для таго каб іншыя карыстальнікі нашых праграм маглі хутка знайсці неабходную, давялося сістэматызаваць распрацоўкі, - расказвае настаўніца. – Была створана вэб-старонка са спасылкамі. У першай калонцы змяшчаліся назвы методык, кожная з якіх дазваляла звярнуцца да іх тэкставай версіі і інфармацыі па яе апрацоўцы. Другая калонка змяшчала спасылкі-мэты правядзення методык, якія дапамагалі скачваць на камп’ютар патрэбную праграму для правядзення апытання ці тэсціравання. У спецыяльнай табліцы адлюстроўваліся імёны аўтараў прапанавых методык і інфармацыя пра тое, для якіх класаў яны прызначаны. Вэб-старонку з папкамі можна закачаць на хосцінг любой школы і прымацаваць праз пункт меню на сайце ўстановы адукацыі. На камп’ютары з доступам да інтэрнэту можна лёгка перайсці да гэтай старонкі і папрацаваць з неабходным апытальнікам. Работа атрымала на конкурсе дыплом ІІІ ступені.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.