У адзінстве навукі і практыкі

14.02.2019
На базе дзіцячага сада – пачатковай школы № 1 Брэста прайшоў метадычны семінар “Сучасны педагог-выхавальнік – асоба і прафесіянал у выхаваўчай сістэме школы”. У мерапрыемстве, арганізаваным вучэбна-метадычным кабінетам Маскоўскага раёна Брэста, удзельнічалі намеснікі дырэктара па выхаваўчай рабоце школ і выкладчыкі БрДУ імя А.С.Пушкіна.

- Семінар праводзіўся з мэтай актуалізацыі навукова-практычнай базы, якая дазволіла б педагогам паспяхова асвойваць дасягненні сучаснай педагагічнай навукі і перадавога вопыту, - расказала дырэктар дзіцячага сада – пачатковай школы № 1 Т.А.Мосіна. – Вельмі важна скараціць дыстанцыю паміж тэорыяй і практыкай на карысць адукацыйнага працэсу.

Даклады выступоўцаў так ці інакш закраналі тэму 1000-гадовага юбілею Брэста і акцэнтавалі ўвагу на Годзе малой радзімы. Так, кандыдат філалагічных навук Л.М.Садко гаварыла пра культурную спадчыну горада над Бугам, яе месца і ролю ў вучэбна-выхаваўчай прасторы сучаснай школы. Старшы выкладчык кафедры псіхалогіі Н.А.Акуліч расказала пра асаблівасці арганізацыі выхаваўчай работы ў пачатковай школе, адзначыўшы вядучую ролю асобы педагога ў гэтым.

Удзельнікі семінара азнаёміліся з цікавымі напрацоўкамі педагогаў і вучняў, звязанымі з Годам малой радзімы і 1000-гадовым юбілеем роднага горада. Так, выхаванцы аб’яднанняў “Экатопік”, “Палессе” і “Юны патрыёт” падрыхтавалі творчыя справаздачы пра сваю дзейнасць, якія не толькі падарылі станоўчыя эмоцыі, але і паказалі цікавыя ідэі і знаходкі іх кіраўнікоў – настаўнікаў пачатковых класаў С.М.Буняк, Т.Г.Губарэвіч і Н.Я.Шахалевіч. Педагогі заўважылі, што поспех у выхаванні маленькіх грамадзян залежыць ад дакладных мэт і задач, комплекснага і сістэмнага падыходу ў выхаваўчай рабоце, адзінства патрабаванняў.

Не абышлі ўвагай удзельнікі семінара і вопыт настаўніцы пачатковых класаў В.Л.Карагоды па патрыятычным выхаванні школьнікаў. Работа педагога, якая спалучае высокую тэарэтычную падрыхтоўку і цікавы ілюстрацыйны матэрыял, адзначана на розных конкурсах.

Шмат карыснага можна было ўбачыць на тэматычнай выставе творчых праектаў і работ педагогаў і вучняў дзіцячага сада – пачатковай школы № 1. Семінар стаў творчай пляцоўкай, якая паказала не толькі эфектыўны вопыт, але і перспектывы далейшай дзейнасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.