Малой радзіме прысвячаецца

15.02.2019
На Брэстчыне падвялі вынікі абласнога конкурсу навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту “Усё сэрцу міла на малой радзіме”. Арганізатарамі спаборніцтва, у заключным этапе якога ўдзельнічалі 107 работ, выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны ІРА.

- Конкурс праводзіўся з мэтай выяўлення, абагульнення і сістэматызацыі вопыту работы лепшых педагогаў па падтрымцы дзіцячых ініцыятыў у розных відах дзейнасці, накіраванай на практычны ўклад у развіццё малой радзімы, - расказала начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА Л.І.Мемех. – Спаборніцтва дазволіла творчым педагогам і аўтарскім калектывам прэзентаваць інавацыйныя ідэі, эфектыўныя формы, прыёмы і метады практычнай работы, а таксама дасягнутыя вынікі па развіцці дзіцячых ініцыятыў. Дзякуючы конкурсу, былі сістэматызаваны метадычныя матэрыялы, прааналізаваны эфектыўнасць і педагагічная мэтазгоднасць практыка-арыентаваных праектаў, якія рэалізоўваюцца ва ўстановах адукацыі ў рамках Года малой радзімы. Усё гэта дапамагала павысіць прафесійную кампетэнтнасць педагогаў, удасканаліць праектную дзейнасць, выявіць, абагуліць і распаўсюдзіць цікавы вопыт, далучыць аўтараў да метадычнай работы з калегамі.

Конкурс праводзіўся ў 6 намінацыях: “Адраджэнне і захаванне традыцый”, “Дарогамі малой радзімы”, “Стваральная дзейнасць у імя будучыні”, “Прафесія – рамяство ад вытокаў”, “Мой край – зялёная планета” і “Лёс чалавека ў лёсе малой радзімы”. Праекты адлюстроўвалі дзейнасць (сістэму работы), накіраваную на вывучэнне і захаванне рэгіянальных традыцый і гісторыка-культурнай спадчыны малой радзімы, вывучэнне рэгіянальных краязнаўчых аб’ектаў, захаванне і аднаўленне помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, добраўпарадкаванне тэрыторыі ўстаноў адукацыі і населеных пунктаў, распрацоўку новых турыстычных маршрутаў па малой радзіме, прапаганду запатрабаваных прафесій і традыцыйных рамёстваў, зберажэнне прыродных рэсурсаў, знаёмства з вядомымі людзьмі, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё малой радзімы і Беларусі.

Экспертнае журы адабрала 52 работы для ўдзелу ў ХVІII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту, якая адбудзецца ў красавіку ў Мінску. Конкурсныя матэрыялы ўвойдуць у анатаваны каталог.

Па выніках конкурсу дыпломы І ступені атрымалі намеснік дырэктара па метадычнай рабоце Настасся Аляксандраўна Бірукова і настаўніца англійскай мовы Юлія Аляксандраўна Вашчылка з ліцэя № 1 Баранавіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Людміла Пятроўна Шалямет з Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа Пінскага раёна, педагог-псіхолаг Вольга Аляксандраўна Стасюк з сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста, настаўніцы пачатковых класаў Ларыса Варфаламееўна Вярбіцкая з гімназіі Ляхавіч і Вольга Леанідаўна Карагода з дзіцячага сада – пачатковай школы № 1 Брэста.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.