Развіваем творчыя здольнасці вучняў

18.02.2019
На ўроках рускай мовы і літаратуры настаўнікі-славеснікі не толькі вучаць дзяцей запамінаць асобныя факты і падзеі, аналізаваць творы, але і развіваюць творчыя здольнасці школьнікаў. Творчымі відамі работ яны павінны займацца на кожных занятках.

Пры вывучэнні лірычных твораў звяртаюся да іх выразнага чытання, у тым ліку на памяць. Падчас такіх заданняў вучні выкарыстоўваюць веды, атрыманыя на ўроках рускай мовы, пра асаблівасці вымаўлення галосных і зычных гукаў, правільную пастаноўку націскаў, адпрацоўваюць навыкі работы з арфаэпічным слоўнікам.

На першым уроку стаўлю перад дзецьмі задачу – прачытаць з настроем і пачуццём пэўную страфу. Для гэтага вучні расстаўляюць лагічныя націскі, вызначаюць вершаваны памер і танальнасць чытання кожнай часткі твора, складаюць эмацыянальную партытуру тэксту.

Пры вывучэнні вялікіх твораў прапаноўваю дзецям словамі намаляваць карціну, якую яны ўяляюць пры іх чытанні, ці пісьмова аформіць выказванне на адну з прапанаваных тэм (“Вершы А.С.Пушкіна, якія мне хочацца перачытваць”, “А.С.Пушкін асуджае Алека ці спачувае яму?”). Тэкст, складзены вучнямі, можа стаць асновай для сачынення ў жанры эсэ ці падрыхтоўкі да конкурсу “Невядомы вядомы А.С.Пушкін” (па яго выніках 3 работы маіх выхаванцаў атрымалі дыпломы ІІ і ІІІ ступені).

Прыём слоўнага малявання скіроўвае вучняў да выкарыстання дзеясловаў са значэннем успрымання і ўражання: “я запомніў, як…”, “уяўляю сабе…”, “бачу…”, “я захаваю ў памяці…” Гэта дапамагае паўтарыць веды і адпрацаваць навыкі, атрыманыя раней.

Складаным, але цікавым відам работы з’яўляецца крытычны эцюд. Так, пры вывучэнні тэмы “Вершы сучасных аўтараў пра Вялікую Айчынную вайну” прапаноўваю вучням падабраць паэтычныя творы адпаведнай тэматыкі для складання калектыўнага зборніка. Паколькі мастацкая вартасць прапанаваных твораў не выклікае сумненняў, крытэрыямі правільнага адбору становяцца іх мастацкія асаблівасці. Перш чым уключыць пэўны верш у зборнік, дзеці павінны крытычна ацаніць яго з гэтага пункту погляду. Далей абвяшчаю конкурс на лепшую назву для зборніка. Жадаючыя падбіраюць цытатны матэрыял для віктарыны.

Стылістычныя фігуры маўлення і тропы вывучаюцца на працягу ўсяго курса літаратуры, а паўтараюцца на ўроках рускай мовы ў 11 класе. Так, прапаноўваю дзецям назваць сродкі і прыёмы выразнасці маўлення (эпітэты, увасабленні, метафары, параўнанні), перабудаваць сказы такім чынам, каб паведамленне, змешчанае ў іх, набыло больш выразны характар.

Пры вывучэнні творчасці У.Маякоўскага вучні знаходзяць словы, створаныя самім аўтарам. Падчас дыскусіі школьнікі прыходзяць да высновы, што неалагізмы паэта – не парушэнне спосабаў словаўтварэння, а вынік словатворчасці і слоўнай гульні як сродку выразнасці маўлення.

Штогод мае выхаванцы ўдзельнічаюць у алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы, дзе неабходна напісаць водгук на твор ці ўрывак з яго. Каб паспяхова справіцца з гэтым, вучні павінны авалодаць неабходнымі ведамі, уменнямі і навыкамі. Так, на ўроках рускай мовы і літаратуры прапаноўваю дзецям вызначыць тып маўлення і разрады прыметнікаў, якія выкарыстоўваюцца пры апісанні, замяніць фразеалагічныя спалучэнні сінанімічнымі прыслоўямі, назваць марфалагічныя сродкі выразнасці, вызначыць ролю тыпаў сказаў, якія пераважаюць, пераўтварыць сказы (напрыклад, назыўныя ў безасабовыя са значэннем стану прыроды), скласці тэкст з выкарыстаннем аднародных ці адасобленых членаў сказа, напісаць апавяданне ад першай асобы, пераказаць тэкст сваімі словамі, выкарыстоўваючы аўтарскія сінтаксічныя канструкцыі, падабраць антонімы да пазначаных слоў і выкарыстаць іх пры характарыстыцы чалавека.

Заўсёды звяртаю ўвагу вучняў на тое, што мова – гэта з’ява, якая пастаянна развіваецца (дзеці рыхтуюць вусныя паведамленні пра гэта). Вывучаючы творчасць А.С.Пушкіна, школьнікі адзначаюць гістарычныя змены форм залежных слоў, у тым ліку тых, што выконваюць ролю выказніка. Важна не блытаць гэтыя гістарычныя змены з парушэннямі дакладнага словаўжывання.

Пры вывучэнні драматычных твораў выкарыстоўваю розныя прыёмы: чытанне па ролях (дазваляе вучням уявіць пэўнага героя), інсцэніроўку найбольш цікавых сцэн, тэатралізацыю пэўнага эпізоду (парная ці групавая работа), апісанне інтэр’еру, касцюма героя, яго мімікі і жэстаў, рэжысёрскі каментарый для пастаноўкі п’есы (асобна для акцёраў, пастаноўшчыка, асвятляльніка і касцюмера), складанне кадраплана і версіі далейшага лёсу персанажаў (напрыклад, якім вы ўяўляеце далейшы лёс Хлестакова, гараднічага?).

Пэўныя цяжкасці выклікае вывучэнне літаратурных твораў вялікага аб’ёму. Работу ў гэтым напрамку пачынаю з лёгкіх заданняў. Так, прапаноўваю дзецям творчы пераказ ад асобы пэўнага героя, слоўнае маляванне, мастацкі пераказ і чытанне па асобах.

Вучу запісваць свае думкі і назіранні ў форме пісьма да сябра, аўтара і рэжысёра з уключэннем займеннікаў розных разрадаў і ў жанры падарожных нататак з уключэннем дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў. У дзяцей паступова назапашваюцца назіранні, дзякуючы чаму вучні глыбей разумеюць і адчуваюць мастацкія творы. Сабраныя матэрыялы можна выкарыстоўваць падчас спрэчак і дыскусій, каб выказванні ўдзельнікаў не былі бяздоказнымі.

Развіваю творчыя здольнасці школьнікаў з дапамогай іншых відаў мастацтва: жывапісу, музыкі і кіно. Дзеці параўноўваюць іх з літаратурнымі творамі, адзначаюць перавагі і недахопы пэўнага віду мастацтва, выказваюць ці адстойваюць уласны пункт погляду.

Развіваць творчыя здольнасці і прымяняць набытыя веды дапамагае ўдзел вучняў у розных конкурсах. Школьнікі ведаюць, што важным з’яўляецца не толькі змест, але і форма падачы матэрыялу. Калі змест можа пераклікацца з-за агульнай інфармацыі, то форму яе падачы заўсёды можна прыдумаць сваю.

Вучнёўская работа “Міліцэйская азбука ўчастковага інспектара”, падрыхтаваная на раённы конкурс, прысвечаны 100-годдзю беларускай міліцыі, атрымала дыплом І ступені. Кожнай літары алфавіта адпавядала пэўная якасць, якой павінен валодаць супрацоўнік праваахоўных органаў.

Школьнікі паспяхова выступілі і ў конкурсе, арганізаваным ГА “Белая Русь”. Падчас спаборніцтва вучні-экскурсаводы расказвалі пра знакамітыя мясціны Ляхавіччыны. Вынікова ўдзельнічаюць дзеці і ў штогадовым конкурсе “Пісьмо, якое падарожнічае ў часе”, што праводзіць РУП “Белпошта”.

Сучасная школа павінна рыхтаваць выпускнікоў, якія ўмеюць правільна, зразумела і прыгожа выказваць уласныя думкі, быць цікавымі суразмоўцамі, крэатыўнымі і творчымі. Вырашыць гэтую задачу можна з дапамогай кожнага вучэбнага прадмета.

Галіна НАВУМІК,

настаўніца рускай мовы і літаратуры Жарабковіцкай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна.