І гаджэты могуць быць карыснымі

20.02.2019
Імкліва развіваюцца інфармацыйныя тэхналогіі. Людзі актыўна карыстаюцца рознымі гаджэтамі: смартфонамі, планшэтамі, разумнымі гадзіннікамі, фітнес-бранзалетамі і інш. Свет сціскаецца да памеру далоні, камунікацыя спрашчаецца, час не адыгрывае вялікай ролі, інфармацыя становіцца больш адкрытай і даступнай. Сучаснае грамадства ўжо не задавальняе настаўнік-транслятар ведаў, таму яго роля істотна мяняецца.

Тэхнічны прагрэс дыктуе свае ўмовы. Традыцыйных сродкаў навучання (крэйды і дошкі) ужо недастаткова. Дзеці змалку карыстаюцца смартфонамі і планшэтамі, таму цяжэй успрымаюць інфармацыю, пададзеную звыклымі спосабамі. У такой сітуацыі гаджэты могуць удала дапаўняць традыцыйныя метады навучання.

Выкарыстанне смартфонаў і планшэтаў на ўроках замежнай мовы дазваляе павысіць матывацыю да яе вывучэння, больш трывала засвоіць матэрыял. Перавагі гаджэтаў відавочныя: мабільнасць, адсутнасць папяровых носьбітаў, індывідуальны тэмп выканання заданняў.

Kahoot– параўнальна новы сэрвіс для стварэння анлайн-віктарын, тэстаў і апытанняў. Удзельнічаць у іх вучні могуць з дапамогай планшэтаў, ноўтбукаў і смартфонаў, якія маюць доступ да інтэрнэту.

Заданні, створаныя ў Kahoot, дазваляюць уключыць у іх фотаздымкі і відэафрагменты. Тэмп выканання віктарын і тэстаў рэгулюецца шляхам усталявання часавай мяжы для кожнага пытання. Пры жаданні настаўнік можа ўвесці балы за правільныя адказы на пытанні і хуткасць. Табліца з вынікамі адлюстроўваецца на маніторы камп’ютара педагога.

Для ўдзелу ў тэсціраванні вучні адкрываюць сэрвіс і ўводзяць PIN-код, які дае настаўнік са свайго камп’ютара. Дзецям зручна выбіраць правільныя адказы з прапанаваных варыянтаў у выглядзе геаметрычных фігур.

Гэты сэрвіс – добры спосаб зваротнай сувязі з вучнямі, прычым не толькі на ўроках замежнай мовы. Рускамоўны варыянт праграмы могуць выкарыстоўваць настаўнікі іншых прадметаў.

Сэрвіс дазваляе працаваць не толькі індывідуальна, але і групамі, што выклікае вялікую цікавасць у дзяцей.

Даволі карысным з’яўляецца і дадатак Grammar, які можна скачаць на любую прыладу. У далейшым ім можна карыстацца нават без інтэрнэту. Дадатак змяшчае заданні для рознага ўзроўню валодання англійскай мовай. Пры іх выкананні (правільным ці памылковым) можна пачуць пэўны гукавы сігнал, а затым азнаёміцца з вынікамі.

Карыстаюся гаджэтамі на ўроках не больш за 20 хвілін, што адпавядае санітарна-гігіенічным патрабаванням.

Вольга ЛАНКУЦЬ,

настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 2 Ляхавіч.