Дзеля духоўна-маральнага выхавання

20.02.2019
З мэтай духоўна-маральнага выхавання вучняў у Жамчужненскай сярэдняй школе Баранавіцкага раёна разам з мясцовай царквой рэалізоўваецца праект “Храм тваёй душы”.

- Неабходнасць праекта выклікана духоўным крызісам сучаснага грамадства, - гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Жамчужненскай сярэдняй школы Т.Л.Бакунец. – Матэрыяльныя каштоўнасці дамінуюць над духоўнымі. У дзяцей скажаюцца ўяўленні пра дабрыню, міласэрнасць, вялікадушнасць, справядлівасць, патрыятызм. Назіраюцца павышаная агрэсіўнасць і жорсткасць сярод людзей. Моладзь адрозніваецца эмацыянальнай, валявой і духоўнай няспеласцю. Разбураецца інстытут сям’і, дзякуючы чаму фарміруецца пазашлюбная мадэль узаемаадносін. З улікам негатыўных тэндэнцый наша школа разам з мясцовай царквой вырашыла дапамагчы вучням рэалізаваць асобасны патэнцыял і задаволіць духоўныя запыты.

Праект ажыццяўляецца па напрамках, кожны з якіх уключае цыкл мерапрыемстваў для дзяцей рознага ўзросту: “Благословенна будь, семья…”, “Рыхтуемся да службы ў арміі”, каляндар царкоўных свят, урокі духоўнасці, валанцёрская дзейнасць, экскурсіі ў праваслаўныя храмы, факультатыў “Біблія як помнік гісторыі і культуры”, творчыя конкурсы і інш.

- Асабліва актуальнай з’яўляецца работа па падрыхтоўцы школьнікаў да армейскай службы, ад якой многія ўхіляюцца, - адзначае Т.Л.Бакунец. – Гэта сведчыць пра адсутнасць у моладзі ўсвядомленага абавязку перад Радзімай. Для павышэння матывацыі школьнікаў да армейскай службы прыводзіцца прыклад служэння святых воінаў. Настаяцель мясцовага храма праводзіць са старшакласнікамі тэматычныя гутаркі, дзе расказвае, што саюз святароў і арміі пачаў фарміравацца з першых стагоддзяў хрысціянства на Русі. У той час рускае воінства ўспрымалі як святую доблесную раць. У царкоўным лексіконе слова “воін” мае асаблівае значэнне. Сярод святых, якіх шануе праваслаўная царква, шмат воінаў: свяціцель Георгій Пабеданосец, рускія палкаводцы Аляксандр Неўскі і Дзмітрый Данской, Сергій Раданежскі і інш. Рускія дружыны ішлі ў бой з благаславення царквы, пад святымі сцягамі і заступніцтвам цудадзейных абразоў. Вера надавала ўпэўненасць у перамозе і праваце сваёй справы.

Падчас гутарак з настаяцелем вучні даведваюцца шмат новага і цікавага. Так, Ілья Мурамец аказаўся не проста былінным героем. На працягу многіх гадоў гэты рэальны чалавек ахоўваў межы Русі, дзе праславіўся воінскімі подзвігамі і неверагоднай сілай. У 1643 годзе Ілья Мурамец быў кананізаваны праваслаўнай царквой.

З імем князя Дзмітрыя Данскога звязана вызваленне Расіі ад амаль 250-гадовага татара-мангольскага гнёту. Перад бітвай на Куліковым полі ён прыехаў у Свята-Троіцкі манастыр, дзе прыняў благаславенне ад прападобнага ігумена Сергія Раданежскага, які даў у дапамогу двух манахаў Аляксандра Перасвета і Андрэя Аслябу. У выніку руская армія на чале з князем разбіла арду Мамая. У гонар манахаў на тэрыторыі Брэсцкай пагранічнай групы імя Ф.Э.Дзяржынскага пабудаваны палкавы храм. Гэтая група мае сваю харугву з выявай святога Міхаіла, нябеснага ахоўніка воінаў-пагранічнікаў, якая разам са сцягам часці выносіцца наперадзе строя падчас урачыстых мерапрыемстваў.

Да ліку святых прылічаны Фёдар Ушакоў, Міхаіл Кутузаў, Георгій Жукаў і іншыя вядомыя рускія палкаводцы.

Праект працягваецца. Педагогі спадзяюцца, што прыклады воінаў зробяць будучых навабранцаў больш моцнымі і смелымі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.