Гуляем і родны край вывучаем

20.02.2019
Адна з галоўных задач дашкольнай адукацыі – фарміраванне ў дзяцей першасных уяўленняў пра родны край, выхаванне любові да малой радзімы, далучэнне да агульначалавечых каштоўнасцей і нацыянальнай культуры. Дапамагчы ў гэтым можа гульнявая дзейнасць.

Беларускія народныя гульні – адзін з эфектыўных сродкаў выхавання, бо развіваюць цікавасць да культурнай спадчыны народа і роднай мовы. Народныя гульні адлюстроўваюць узаемаадносіны з навакольным асяроддзем, дазваляюць пазнаць навакольную рэчаіснасць, авалодаць важнымі ўменнямі і навыкамі, узбагаціць слоўнікавы запас. Гуляючы, дзеці знаёмяцца не толькі з матэрыяльнай, але і духоўнай культурай народа, яго гісторыяй і традыцыямі. Гульнявая дзейнасць рыхтуе да дарослага жыцця.

Педагогі звяртаюцца да беларускіх народных гульняў штодзень на прагулках, падчас гульнявой і іншай дзейнасці, святочных мерапрыемстваў, ранішнікаў. Адны гульні развіваюць рухавыя ўменні (“Спрытняк”, “Блін гарэлы”, “Міхасік”, “Прэла-гарэла”, “Лясь, лясь, уцякай”), другія – замацоўваюць уяўленні пра раслінны свет (“Лянок”, “Грушка”, “Рэдзька”, “Бярозка”, “Высокі дуб”), трэція – знаёмяць з жывёльным светам (“Гусі-лебедзі і воўк”, “Хворы верабей”, “Шэры кот”, “Журавель”, “Зайчык”). Падчас гэтых гульняў дзеці вывучаюць рухі і паводзіны звяроў, птушак і насякомых. Гульні пазнавальнага характару знаёмяць з дзейнасцю чалавека ў прыродзе (“А мы проса сеялі”, “Агароднік”, “Гаспадыня і кот”, “Млын”), паказваюць сувязь жывой і нежывой прыроды (“Сонца і Месяц”, “Сонейка”).

На жаль, многія любімыя гульні нашых бабуль і дзядуль паступова знікаюць. Таму педагогі актывізавалі работу з бацькамі па іх захаванні і выкарыстанні дома. З дапамогай мам і татаў былі рэалізаваны праекты “Гульні матчынага дзяцінства”, “Ад народных вытокаў – у будучыню” і “Народная гульнятэка”. Бацькі актыўна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы і правядзенні фальклорных свят “Калядкі”, “Вялікдзень” і “Дажынкі”, падчас якіх дзеці знаёмяцца з культурнымі традыцыямі і абрадамі беларускага народа, міфічнымі персанажамі, народнымі песнямі, карагодамі. Дзеці не толькі гуляюць пад кіраўніцтвам дарослых, але і самі ладзяць гульні.

Алена ПАЛТО,

выхавальніца Мотальскага дзіцячага сада Іванаўскага раёна.