У свеце Scratch

20.02.2019
Педагагічная дзейнасць настаўніка інфарматыкі В.К.Кахаўца з Валішчанскай сярэдняй школы Пінскага раёна рухалася ў звычайным рэчышчы, пакуль ён не звярнуў увагу на асяроддзе праграмавання Scratch. Сёння Віктар Канстанцінавіч ужо не ўяўляе сваю работу без праектаў, спрайтаў і скрыптаў.

- Пазнаёміўся з Scratch выпадкова, - расказвае настаўнік. – У 2016 годзе арганізаваў факультатыў для сямікласнікаў, каб мэтанакіравана рыхтаваць іх да прадметнай алімпіяды. Пры выбары праграмы факультатыўных заняткаў на нацыянальным адукацыйным партале adu.by заўважыў некалькіх новых. Адна з іх была звязана з візуальным асяроддзем праграмавання Scratch, пра якую я тады нічога не ведаў. Перайшоў па спасылцы на сайт scratch.mit.edu. Пасля ўважлівага вывучэння матэрыялаў, размешчаных там, паспрабаваў ствараць праекты, зрабіў некалькі элементарных скрыптаў і зразумеў, што гэта якраз тое, чаго мне даўно не хапала ў рабоце. Асяроддзе праграмавання Scratch цікавае і зразумелае дзецям.

Вывучэнне асноў алгарытмізацыі і праграмавання ў візуальным асяроддзі праграмавання Scratch ішло не без цяжкасцей. Для арганізацыі заняткаў педагогу давялося шмат папрацаваць у пошуку неабходнай інфармацыі. Найбольшыя праблемы выклікала тэхнічнае абсталяванне школьнага кабінета інфарматыкі, якое на той час сур’ёзна састарэла і не дазваляла выкарыстоўваць анлайн-версію асяроддзя праграмавання.

- Scratch адразу спадабаўся дзецям, якія пачалі актыўна ствараць першыя праекты, - гаворыць В.К.Кахавец. – Заўважыў, што вучні, якія наведвалі факультатыў, больш лёгка і трывала засвойвалі новы матэрыял на ўроках, асабліва пры вывучэнні алгарытмізацыі. Ніводнае практыкаванне з падручніка па гэтай тэме не выклікала цяжкасцей у скрэтчараў. У выніку работа па выкарыстанні Scratch была працягнута, тым больш што ў школе з’явіўся новы камп’ютарны клас, а Парк высокіх тэхналогій і Міністэрства адукацыі Беларусі арганізавалі сумесны адукацыйны праект “Праграмаванне на мове Scratch”. Пасля рэгістрацыі на партале scratch.by я атрымаў доступ да ўсіх метадычных і дыдактычных матэрыялаў. Азнаёміўшыся з імі, зразумеў, якім вялікім вучэбным патэнцыялам яны валодаюць, асабліва для факультатываў “Творчая дзейнасць у асяроддзі праграмавання Scratch” (2 – 4 класы) і “Стварэнне камп’ютарных гульняў на мове візуальнага праграмавання Scratch” (5 – 6 класы). 

Пад кіраўніцтвам настаўніка вучні 5 – 7 класаў займаюцца даследчай дзейнасцю. Так, работа “Рэкурсіўныя алгарытмы ў візуальным асяроддзі праграмавання Scratch” заняла 1-е месца ў раённай навукова-практычнай канферэнцыі. Акрамя таго, школьнікі рыхтавалі праекты для рэспубліканскага конкурсу “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch”.

Педагог лічыць, што без пастаяннага самаўдасканалення займацца інфарматыкай не мае сэнсу, бо тэхналогіі імкліва развіваюцца і мяняюцца. Летась В.К.Кахавец удзельнічаў у адкрытым конкурсе для выкладчыкаў “Scratch-майстар”. У якасці яго фіналіста прыняў удзел у адукацыйным хакатоне “Тэхналогія блакчэйн і крыптавалюты”, дзе даведаўся шмат новага і цікавага. Сваімі напрацоўкамі Віктар Канстанцінавіч ахвотна дзеліцца на пасяджэннях творчай групы і вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў інфарматыкі раёна, семінарах і канферэнцыях. Сёння асяроддзе праграмавання Scratch вывучаюць ужо не ў адной, а ў 5 школах Піншчыны.

Пасля работы са старшакласнікамі В.К.Кахавец вырашыў папрацаваць з малодшымі школьнікамі, бо лічыць, што знаёмства з Scratch варта пачынаць як мага раней. Цяпер у Валішчанскай сярэдняй школе дзейнічаюць 2 аб’яднанні па інтарэсах, дзе вучні 2 – 4 і 5 – 7 класаў падарожнічаюць у свеце Scratch.

- Працуючы з малодшымі вучнямі, бачу вялікую цікаўнасць у іх вачах і неадольнае жаданне даведвацца ўсё больш і больш у галіне інфарматыкі. Дзеці актыўна і вынікова знаёмяцца з новымі тэхналогіямі, паспяхова засвойваюць базавыя алгарытмічныя структуры і знаходзяць ім карыснае прымяненне з дапамогай Scratch, - падагульняе В.К.Кахавец.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.