Метадысты – педагогам

18.12.2017
На базе сярэдняй школы № 2 Ляхавіч прайшоў абласны семінар загадчыкаў раённых(гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў, прысвечаны сістэмаўтваральнай дзейнасці ВМК у прафесійным развіцці педагогаў.

 Арганізатарам мерапрыемства выступіў Брэсцкі абласны ІРА.

- Неад’емнай часткай бесперапыннай адукацыі педагогаў з’яўляецца метадычная работа, - расказала загадчыца Ляхавіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета С.М.Маргаева. – Ад правільнай арганізацыі мэтанакіраванай і сістэмнай дзейнасці па стварэнні крэатыўнага адукацыйнага асяроддзя залежыць раскрыццё прафесійнага патэнцыялу кожнага педагога. Навукова-метадычнае суправаджэнне ўстаноў адукацыі забяспечвае раённы ВМК, супрацоўнікі якога праводзяць маніторынг прафесійных і інфармацыйных патрэб педагогаў, вывучаюць і аналізуюць стан метадычнай работы ва ўстановах, вызначаюць шляхі яе ўдасканалення, выяўляюць цяжкасці дыдактычнага і метадычнага характару ў адукацыйным працесе, абагульняюць і распаўсюджваюць эфектыўны вопыт. На аснове атрыманай інфармацыі фарміруецца банк даных педагогаў. У бягучым навучальным годзе раённы ВМК працуе над стварэннем умоў для іх прафесійнага росту і актывізацыі творчага патэнцыялу.

Важным напрамкам работы метадыстаў з’яўляюцца аналіз запытаў і прапаноў педагогаў і кіраўнікоў для аказання ім неабходнай дапамогі, вывучэнне стану выкладання вучэбных прадметаў, аналіз якасці адукацыйнага працэсу ў школах (наведванне ўрокаў, пазакласных мерапрыемстваў і факультатыўных заняткаў) і кваліфікацыйнага ўзроўню настаўнікаў і выхавальнікаў, арганізацыя спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці і інш.

- Вялікую ролю ў інфармацыйна-метадычнай рабоце адыгрывае сайт раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму са спецыяльнай закладкай ВМК, дзе  педагогі могуць знайсці планы работы метадычных фарміраванняў, планы павышэння кваліфікацыі на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых, інфармацыю па арганізацыі інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі, па атэстацыі педагогаў і многае іншае, - адзначыла С.М.Маргаева. – У дапамогу педагогам прапанавана вялікая колькасць інфармацыі па правядзенні вучэбных і факультатыўных заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў і арганізацыі алімпіяднага руху. На сайце змешчаны памяткі па актуальных пытаннях адукацыйнага працэсу, матэрыялы з вопыту работы творчых груп, вынікі конкурсаў прафесійнага майстэрства. Не застаюцца без увагі і маладыя спецыялісты, якія могуць азнаёміцца з дзейнасцю школы маладога настаўніка. Штогод метадысты папаўняюць раённы банк метадычнай прадукцыі, распрацоўваюць метадычныя рэкамендацыі і памяткі, выдаюць зборнікі лепшых работ па выніках канферэнцый, зборнікі метадычных распрацовак вучэбных заняткаў і дыдактычных матэрыялаў па выніках конкурсаў прафесійнага майстэрства.

Па словах С.М.Маргаевай, на Ляхавіччыне створана рацыянальная структура метадычнай сеткі, якая дазваляе ўсім педагогам у міжкурсавы перыяд павысіць навукова-тэарэтычную падрыхтоўку праз школьныя і раённыя вучэбна-метадычныя аб’яднанні, творчыя групы, куратарства, пастаянна дзеючыя праблемныя семінары і іншыя формы работы. У бягучым навучальным годзе ў раёне дзейнічаюць 52 метадычныя фарміраванні, з якіх 33 – вучэбна-метадычныя аб’яднанні. На іх пасяджэннях, прысвечаных розным напрамкам работы, распрацоўваюцца канкрэтныя метадычныя прадукты (тэхналагічныя карты, памяткі, алгарытмы), прымаюцца рашэнні аб абагульненні эфектыўнага педагагічнага вопыту і рэкамендацыі аб удзеле ў канферэнцыях і конкурсах. Перавага аддаецца актыўным формам навучання: семінарам-практыкумам з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій, круглым сталам, дзелавым гульням, майстар-класам, трэнінгам, дыскусіям, адкрытым урокам з прэзентацыямі і іх аналізам, абароне праектаў і інш.

- Для раскрыцця інтэлектуальнага патэнцыялу педагогаў і стварэння запатрабаваных адукацыйных прадуктаў працуюць 10 творчых груп, якія аб’ядноўваюць 49 чалавек, - расказала С.М.Маргаева. – Работа ў фармаце творчай групы – адна з найбольш прадуктыўных, паколькі ў яе склад уваходзяць педагогі, захопленыя адной праблемай, што добра матывуе да творчага вырашэння пастаўленых задач і атрымання канкрэтнага метадычнага прадукта. Вынікам дзейнасці творчых груп з’яўляецца выпуск веснікаў з напрацаванымі матэрыяламі, якія распаўсюджваюцца ва ўсіх установах адукацыі.  

У раёне дзейнічаюць праблемныя семінары для настаўнікаў пачатковых класаў, дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі, старшынь атэстацыйных камісій, намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце і інш. У школах працуюць вучэбна-метадычныя аб’яднанні настаўнікаў пачатковых класаў і класных кіраўнікоў, настаўнікаў-прадметнікаў, творчыя групы, школы перадавога педагагічнага вопыту і інш. Арганізавана работа раённых школ маладога настаўніка і рэзерву кіраўніцкіх кадраў.

Па словах С.М.Маргаевай, дзейснай формай павышэння кваліфікацыі педагогаў з’яўляюцца прафесійныя конкурсы. У бягучым навучальным годзе запланаваны раённыя конкурсы метадычных распрацовак вучэбных заняткаў па працоўным навучанні, інтэрактыўных плакатаў (прэзентацый) па геаграфіі і дыдактычных інтэрактыўных матэрыялаў для настаўнікаў пачатковых класаў. Акрамя таго, пройдуць агляд-конкурс сярод дашкольных устаноў на лепшы фізкультурны куток, конкурс сярод маладых спецыялістаў другога і трэцяга гадоў работы “Вучыцца самому, каб вучыць іншых”, конкурс сярод педагогаў першага года работы “Педагагічны дэбют”, конкурс на лепшы аздараўленчы лагер, агляды-конкурсы кабінетаў гісторыі, замежнай мовы і інфарматыкі.

У 2015/2016 навучальным годзе прайшоў раённы агляд-конкурс сярод школ і дзіцячых садкоў на лепшы метадычны кабінет. Кабінеты-пераможцы аглядаў-конкурсаў з’яўляюцца апорнымі ў раёне. 

З мэтай аператыўнага і перспектыўнага рэагавання на запыты і патрэбы педагогаў арганізоўваюцца выезды метадыстаў раённага ВМК ва ўстановы адукацыі для дапамогі па розных пытаннях. Запатрабаванай формай работы з’яўляюцца тэматычныя групавыя кансультацыі па пэўных праблемах.

- Інавацыйная дзейнасць – адна з важных умоў эфектыўнага развіцця творчага патэнцыялу педагогаў, - лічыць С.М.Маргаева. – Кожны педагог павінен ісці ў нагу з часам і знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых і цікавых метадаў дзейнасці. Сёння на базе 5 устаноў адукацыі адкрыты інавацыйныя пляцоўкі, колькасць якіх з году ў год павялічваецца. Вялікая ўвага ўдзяляецца трансляцыі эфектыўнага вопыту работы, у тым ліку праз “Настаўніцкую газету” і прадметныя часопісы. 

Удзельнікі семінара азнаёміліся з работай раённых метадычных фарміраванняў педагогаў дашкольных устаноў, вопытам метадычнага суправаджэння прафесійнага росту настаўнікаў абслуговай працы, дзейнасцю творчых груп і арганізацыяй даследчай дзейнасці школьнікаў. Аўтарскім падыходам да правядзення дыстанцыйнага кантролю ведаў вучняў падзяліўся настаўнік хіміі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” С.У.Абярган з сярэдняй школы № 1 Ляхавіч. Падчас семінара працавала выстава “Метадычныя практыкі прафесійна-асобаснага развіцця педагогаў”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.